(Тацяна Сяцко: ) “ У нашай перадачы моладзь разважае пра свае праблемы й цяжкасьці, пра ўспрыманьне таго, што адбываецца вакол.
Палітыка й эканоміка, грамадзтва й культура вачыма новага пакаленьня грамадзянаў Беларусі.
(Глеб Лабадзенка: ) “Мы будзем гутарыць:
пра актуальнае – сёлетняе цэнтралізванае тэставаньне для абітурыентаў;
пра ня менш важную праблему – дзе маладому чалавеку здабываць грошы;
мы таксама паразважаем пра моду й густы. Ці ўплывае ступень адукаванасьці на стыль ды зьнешні выгляд чалавека;
а пасьля яшчэ падыскутуем, на якой мове чытаць літаратурныя творы, Аддаваць перавагу арыгіналам ці перакладам на беларускую мову?
Такім чынам, мы пачынаем!
(Тацяна Сяцко:) Сёлета ўпершыню абітурыенты ня будуць здаваць ўступныя іспыты па беларускай ці расейкай мове, а пройдуць цэнтралізванае тэставаньне, якое мусіць аб’яднаць у сабе выпускныя й уступныя іспыты. Не так даўно многія школьнікі мелі магчымасьць прайсьці рэпэтыцыйнае тэставаньне. І толькі 10 адсоткаў адолелі гэты тэст. Праз гэты шакуючы вынікі шмат хто мае спадзеў, што заплянаваны эскпэрымэнт увогуле скасуюць.
Можна зразумець і рэакцыю моладзі. 11 год усіх рыхтавалі да вырашальных дыктовак і пераказаў. А ў апошні момант Міністэрства адукацыі зрабіла ўсім вялікі сюрпрыз.
17-ці гадовы Астап Кур’ян сёлета маецца паступаць у БДзУ на факультэт прыкладной матэматыкі. У дадатак да мовы ён рыхтуецца й да тэсту па матэматыцы. Станоўчыя вынікі значна павялічаць ягоная шанцы на студэнцтва.
(Тацяна Сяцко: ) “Астап, як ты ставішся да таго, што выпускнікам школак увялі абавязковае тэставаньне?”
(Астап Кур’ян: ) “Гэта проста неўдалая спроба наблізіцца да ўсяго цывілізаванага сьвету, які гэтым займаецца ўжо ня першы год. Ідэя, сапраўды, добрая, якасная й нашмат спрошчвае паступленьне, здачу іспытаў. Зь іншага боку, гэтыя людзі не змаглі арганізаваць так, як гэта арганізавана паўсюдна. Яны ня могуць скласьці тэстаў, якія аб’ектыўна будуць ацэньваць веды. Яны ня могуць скласьці нават кампутарных праграмаў, якія будуць правяраць гэтыя тэсты. Гэта глупства, што тэсты трэба будзе запаўняць пэўным шрыфтом, пэўнымі літарамі й нават пэўнымі асадкамі з пэўнаю таўшчынёю лініяў. Іх толькі кампутар і ўспрымае. Гэта папросту дадатковае адыманьне балаў. Наўрад ці цяжка было зрабіць праграму, якая адрозьнівала бы хаця б некалькі варыянтаў запаўненьня”.
(Тацяна Сяцко: ) “Ты здаеш тэст па матэматыцы. На колькі ты ацэньваеш свае шанцы?”
(Астап Кур’ян: ) “Тэставаньне падзяляецца на абавязковае й неабавязковае. Матэматыка якраз адносіцца да неабавязковага тэставаньня. Гэта, з аднаго боку робіць лягчэйшай яе здачу — ты можаш прыкладаць вынікі ці не. Цяжка меркаваць пра ровень тэстаў, бо яны выкарыстоўваюцца як выпускныя тэсты і як уступныя. Беларускія ўнівэрсытэты патрабуюць даволі высокі ровень ведаў па гэтых прадметах. Стваральнікі тэстаў, на мой погляд, не змаглі іх збалянсаваць такім чынам, каб іх змаглі здаць дзеці, якія не зьбіраюцца нікуды паступаць. Таму тэст выглядае занадта складаным для такіх людзей”.
(Тацяна Сяцко: ) “Ці можа здарыцца так, што тэсты скасуюць зусім?”
(Астап Кур’ян: ) “Сёлета, тэсты, мабыць, ужо не адменяць. У гэта ўкладзеныя грошы. Сыстэма распрацаваная і яна ўжо запушчаная”.
(Тацяна Сяцко: ) “Давай уявім такую сытуацыю, што ты, не праходзіш паводле вынікаў гэтых тэстаў. Як для цябе будуць разьвівацца далейшыя падзеі?”
(Астап Кур’ян: ) “Шчыра кажучы, нават не ўяўляю, што прыйдзецца рабіць. Будзе варыянт, каб чакаць яшчэ год, здаць нармалёва і пайсьці ва ўнівэрсытэт”.
(Глеб Лабадзенка: ) “У адрозьненьне ад Астапа Кур’яна Ксенія Галубовіч мае істотную перавагу: над ёй не вісіць пагроза пагаліць галаву й апрануць вайсковыя. Магчыма, таму й перажываньняў у Ксеніі будзе меней. Якой бядой можа абярнуцца цэнтралізаванае тэставаньне для яе?”
(Ксенія Галубовіч: ) “Заўсёды прасьцей напісаць нейкі пераказ альбо дыктоўку, бо ёсьць шанец, што ты гэта напішаш. У тэсьце можа быць што заўгодна. І гэта простае шанцаваньне”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Некаторыя кажуць, што калі ў тэсьце ёсьць некалькі варыянтаў, прасьцей выбраць адказ, можна ўгадаць”.
(Ксенія Галубовіч: ) “Магчыма, і так. Але для мяне прасьцей напісаць нейкае сачыненьне ці пераказ. У творчай працы можна скарыстацца ўсім сваім інтэлектам, а ў тэсьце — гэта проста інтуіцыя. Я не лічу, што яны аб’ектыўныя. Могуць паставіць любое пытаньне. Часам па нейкіх дробязях, якія не заўсёды запамінаюцца. Таму гэта цяжэй, чым напісаць іншую працу”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Як ты мяркуеш, колькі адсоткаў ты атрымаеш за гэты тэст?”
(Ксенія Галубовіч: ) “Падаецца, што адсоткаў 50. Я сумняваюся ў тым, як напішу яго”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Ці могуць скасаваць гэтае цэнтралізаванае тэставаньне за пару месяцаў да іспытаў?”
(Ксенія Галубовіч: ) “Я сумняюся, што яго могуць адмяніць. Да гэтага рыхтаваліся. Рыхтаваліся таксама й навучэнцы. Таму іх наўрад ці адменяць. У гэта былі ўкладзеныя грошы. Гэта нявыгадна”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Ксенія, увесь цывілізаваны сьвет піша гэтыя тэсты ня першы год. Чаму ў нас яны ўспрынятыя так неадэкватна? Чаму ў нас такія жахлівыя вынікі?”
(Ксенія Галубовіч: ) “Магчыма, праз тое, што гэта адбылося ня вельмі паступова, неяк нечакана. Людзі былі непадрыхтаваныя. Гэта стала нейкім такім шокам. Занадта рэзкі пераход. Трэба было рабіць больш паступова і лепш растлумачыць навучэнцам, як гэта ўсе будзе адбывацца. Падаецца, што будуць прывучаць да цывілізацыі. Калі гэта ўжо пачалі, гэта працягнуць. Можа, налета будзе лепей. Паступова далучымся да цывілізаванага сьвету”.
(Глеб Лабадзенка:) “Ёсьць такая думка, што ў сучасным беларускім грамадзтве ўсё трымаецца на трох кітах: плацяць пэнсію, ёсьць кілбаса, няма вайны. Але ж усім – незалежна ад ўзросту, палічных перакананьняў й нават веравызнаньня хочацца жыць прыгожа.
Маладзёнам да пэнсіі яшчэ далёка. А шмат хто яшчэ й свой першы заробак не атрымаў. Грашовае пытаньне ў гіт-парадзе моладзевых праблемаў апярэджвае нават непаразуменьні з бацькамі й пакуты асабістага жыцьця.
Гаворыць тыповая прадстаўніца свайго пакаленьня – 17-ці гадовая Яня Сташкевіч?
(Яня Сташкевіч: ) “Свае кішэнныя грошы я атрымліваю ад бацькоў. Штодня яны даюць мне тры тысячы. Зь іх тысяча ідзе на талёнчыкі, а ўсё астатняе я трачу выключна на сябе”.
(Глеб Лабадзенка: ) “За адзін раз на цэлы тыдзень грошай табе ніхто не дае?”
(Яня Сташкевіч: ) “Не. Калі б мне давалі ўсе грошы адразу, баюся, што ў суботу мне не было бы як даехаць да дому, паколькі грошы я трачу адразу”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Якую б суму табе хацелася бы мець у кішэні кожны дзень?”
(Яня Сташкевіч: ) “Мне б хапіла пяці тысяч на дзень. Але, вядома, чым болей, тым лепей”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Ці здольная ты да эканоміі?”
(Яня Сташкевіч: ) “Так, я здольная да эканоміі. Прыкладам, калі я хачу ў суботу зь сябрамі схадзіць папіць кавы, альбо дзе-небудзь пасядзець, я ня буду траціць усіх грошай. Калі я хачу схадзіць у кіно, я ніколі не іду за свае грошы. Я хаджу ў кіно за грошы хлопцаў”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Ці лічыш ты магчымым, каб хлопец піў піва за твае грошы?”
(Яня Сташкевіч: ) “Каб хлопец піў піва за мае грошы, гэта наўрад ці, але калі мы ідзем у кавярню, усе грошы — гэта агульныя грошы. І калі ў мяне болей грошай, я нічога ня маю супраць таго, каб нехта карыстаўся маімі грашыма”.
(Глеб Лабадзенка: ) “У цябе ніколі не ўзьнікала такога маральнага выбару браць грошы аб бацькоў ці не?”
(Яня Сташкевіч: ) “Пакуль мне 17 гадоў. Я яшчэ непаўналетні чалавек. Таму, мяркую, я яшчэ магу гэта рабіць. А вось з 18 гадоў чалавек ужо павінен забясьпечваць сябе сам”.
(Глеб Лабадзенка: ) “А ты калі-небудзь спрабавала сама зарабляць грошы?”
(Яня Сташкевіч: ) “Не. Ніколі. Папросту не было такой неабходнасьці”.
(Тацяна Сяцко :) “Прынцовае адрозьненьне юнака ад дзяўчыны палягае ў тым, што малады чалавек ужо сёньня мусіць думаць, як ён будзе зарабляць грошы заўтра.
У гэтым сэнсе наш наступны госьць – можа пахваліцца сваёй незвычайнай сытуацыяй. А аднаго боку, грошы ён бярэ ў бацькоў, зь іншага – гэтыя тысячы рублёў ён зарабляе. Алег не пажадаў назваць свайго прозьвішча..
(Тацяна Сяцко: ) “Дзе бярэш грошы?”
(Алег: ) “Раз на месяц тата дае”.
(Тацяна Сяцко: ) “Шмат дае?”
(Алег: ) “Ня вельмі. Хацелася бы болей. Грошы звычайна ідуць на тое, каб набыць нейкую шмотку, кампакт-дыск, у басэйн зь сябрамі схадзіць, у кавярні піва папіць”.
(Тацяна Сяцко: ) “А ты калі-небудзь спрабаваў зарабляць сам?”
(Алег: ) “А я сам у яго й зарабляю на кампутары: працую, тэксты набіраю, часам на тэлефоне сяджу”.
(Тацяна Сяцко: ) “Наколькі часта ў цябе ёсьць магчымасьць зарабляць грошы ў бацькі? Як часта ён просіць цябе дапамагчы?”
(Алег: ) “Ён мяне ніколі ня просіць. Ён папросту можа прапанаваць мне гэта, калі ў яго ёсьць такая неабходнасьць і магчымасьць”.
(Тацяна Сяцко: ) “Ці ідзеш ты сам да бацькі прасіць працу? Як часта гэта бывае?”
(Алег: ) “Раз на два месяцы. Калі ў мяне з грашыма поўны галяк. Тады й іду”.
(Тацяна Сяцко: ) “Вельмі папулярны заробак сярод падлеткаў — гэта мыць машыны”.
(Алег: ) “У нашым раёне гэтым займаюцца толькі нейкія адмарозкі. Калі б мае сябры гэтым займаліся, я бы, можа, і рабіў такое. Так, выключна за кампанію. А тады, калі мае сябры мяне зь імі ўбачаць, будзе неяк сорамна”.
(Тацяна Сяцко: ) “А калі тэрмінова патрэбныя грошы, ты пойдзеш з гэтымі непрыемнымі людзьмі мыць машыны?”
(Алег: ) “Наўрад ці”.
(Тацяна Сяцко: ) “Небясьпечна падлетку мыць машыны, калі ёсьць старэйшы чалавек, які кіруе ўсім гэтым. Ён можа й па галаве даць, і грошы забраць”.
(Алег: ) “Ведаю, што тыя, хто гэтым займаецца, “башляюць” дворнікам 500 рублёў за машыну. Па-другое, прыходзіць нехта й кажа: “Гэта мая тэрыторыя!”. Ён здымае працэнт — палову”.
(Тацяна Сяцко: ) “Мужчына мусіць быць трохі прыгажэйшым за малпу. Гэта распаўсюджанае жаночае меркаваньне. Сучасныя беларускія маладыя людзі сваёй пазыцыяй імкнуцца удакладніць гэтае выслоўе. Маўляў, можна заставацца хоць малпай, але малпай чыстай, прыгожай і ад якой прыемна пахне.
Пацьверджаньне гэтаму – Ільля. Элегантна апрануты хлопец, які фрызуру на галаве мяняе як пальчаткі. Не пасьпее маё дзявочае вока прызвачацца да меліраваньня, як на чарзе – кароткія валасы натуральнага колеру.
(Ільля: ) “Кожны мае сваё разуменьне моды. Мяркую, што стыль адзеньня і інтэлект не залежаць адно ад аднаго. Калі чалавек разьвіты, калі ён творца, яму будзе зусім напляваць на тое, што на ім апранута. Мне будзе паралельна, што пра мяне думаюць, калі я сапраўдны чалавек”.
(Тацяна Сяцко: ) “А пачуцьцё стылю й гармоніі — гэта ад прыроды ці неяк можна з досьведу яго здабыць?”
(Ільля: ) “Вычытаць з кніжак яго складана. Пачуцьцё гармоніі зьяўляецца само не ад нараджэньня, а з назіраньня. Першым чынам мы паівінны сябе выхоўваць. Я, прыкладам, сам стараюся сябе выхоўваць”.
(Тацяна Сяцко: ) “Калі стане модным насіць пірсінг у губе, брыве, пупе — ты пойдзеш на гэта?”
(Ільля: ) “Ня думаю, што я зраблю гэта, бо мне такое не падабаецца. Мяркую, што калі хлопец робіць гэта дзеля сябе — гэта нармалёва, а калі хлопец робіць гэта асноваю жыцьця, фанабэрыцца — гэта страшна”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Цікава, наколькі ровень інтэлекту й адукацыя выхоўваюць густ і вызначаюць стаўленьне да моды. І ці адрозьніваюцца вонкава тыя, хто слухаюць расейскую поп музыку ад тых, хто чытае дзёньнікі Франца Кафкі й плача ў фінале "Тутэйшых"?
Юля Круглік з тых сучасных дзяўчатаў, для характарыстыкі якой звычайна ўжываюць слова “стылёвая”.
(Юля Круглік: ) “Манера апранацца і стыль адзеньня можа паказаць стыль жыцьця чалавека, сьведчыць пра ягоныя інтарэсы, але ні ў якім выпадку ня можа казаць пра інтэлектуальны ровень. Вельмі крыўдна, калі ты едзеш у транспарце, на табе ружовыя панчохі, нейкі тэрмаядзерны шалік на шыі — і выслухоўваеш меркаваньні наконт колькасьці шэрага рэчыва ў тваёй галаве. Вельмі часта сустракаеш чалавека, які ведае нумар Шанэль, які нядаўна быў прадстаўлены ў Парыжы, ці якога колеру гальштук трэба апранаць гэтай вясной, але як толькі ты пачынаеш больш кантактаваць з гэтым чалавекам, ён падаецца табе пустым”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Чытачы ня могуць цябе бачыць, таму адзначу, што ў тваёй ніжняй губе выдатны пірсынг. Як ты да гэтага дадумалася?”
(Юля Круглік: ) “Гэта папросту тая рэч, якая мяне задавальняе. Мне гэта падабаецца. І гэта галоўнае. Едзеш у транспарце і назіраеш нейкія дзіўныя позіркі ў твой бок ад суседніх дзядзечак і цётачак: “Мамкі мае! Што яна зрабіла? Гэткае робіцца — гэтая моладзь ўжо ня ведае, як паказаць сябе! Вось нашто было гэта рабіць? Для чаго?” Я звычайна адказваю: “Скажыце, калі ласка, гэта вам перашкаджае сядзець побач? Мой пірсінг вам перашкаджае спакойна жыць? Не перашкаджае. Дык вось, калі ласка, не чапайце мяне!”
(Глеб Лабадзенка: ) “А ці раілася ты з бацькамі, калі рабіла пірсінг?”
(Юля Круглік: ) “Ад самага пачатку я запыталася: “Ці згодныя вы, каб я зрабіла сабе такую рэч?” Яны, безумоўна, сказалі, што не. Калі я прыйшла ўвечары да хаты, бацька адразу сказаў: “Вон на двор!” Я сказала: “Лепш на вуліцы зь пірсінгам, чым дома бязь пірсінгу!” Вылецела да дзьвярэй. Маці перахапіла мяне й сказала “Усё добра!” А, прыкладам, мая бабуля, сказала, што ёй вельмі спадабалася”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Юля, ня маючы магчымасьці праверыць, хачу цябе запытацца, ці не перашкаджае табе гэта цалавацца?”
(Юля Круглік: ) “Наконт цалавацца я бы сказала наадварот — не перашкаджае, а надае нейкі смак”.
(Тацяна Сяцко: ) “Існуе мода літаральна на ўсё. А для моладзі, якая лічыць сябе інтэлектуальнай, вопратка адыгрывае далёка ня першую ролю. Сымпатыі й антыпатыі ў літаратуры – тэма нашае гутаркі з Агніяй, 17-ці гадовай навучэнкай Беларускага ліцэю.
(Тацяна Сяцко: ) “Існуе мода на літаратуру: Кундэра, Муракамі. На цябе такая мода мае нейкі ўплыў?”
(Агнія: ) “На ўсё нашае грамадзтва мае ўплыў мода на літаратуру. Спачатку ўсё крычалі пра Паўла Каэльё: “Якія кніжкі! Якія кніжкі!” Мне параілі пачытаць мае сяброўкі. Я ўзяла гэтую кніжку, прачытала палову. Не было ніякага ўражаньня. Я была зь імі ня згодная наконт таго, што гэта была добрая літаратура. І я ўпэўнілася, што калі шмат шуму вакол кніг, гэта не гарантуе якасьці гэтых твораў. Для пэўнай клясы людзей вельмі істотна прачытаць кнігу, пра якую ўсе размаўляюць, каб быць у курсе справы, каб у размове на цябе не глядзелі, як быццам бы ты гэтага не чытаў”.
(Тацяна Сяцко: ) “Калі ты даведаешся, што чалавек ідзе за кніжкай з прычыны моды,, гэта зьмяняе тваё стаўленьне да яго?”
(Агнія: ) “Лічу, што не. Гэты чалавек можа аказацца вельмі цікавым у іншых стасунках. Ёсьць у літаратуры клясыка, якую павінен прачытаць кожны чалавек. Кожны сам для сябе выбірае моду на літаратуру. Я сама для сябе выбіраю кнігі, якія мне падабаюцца, якія я лічу правільнымі”.
(Тацяна Сяцко: ) “Як ты лічыш, ці ёсьць мода на нейкія беларускамоўныя творы, на нейкіх беларускіх аўтараў?”
(Агнія: ) “Існуе мода на беларускамоўныя пераклады”.
(Глеб Лабадзенка: ) “У беларускім літаратурным кантэксьце існуе праблема выбару: чытаць творы ў арыгінале, ці прынцыпова прымаць толькі адпаведнікі на сваёй мове. To be or, not to be: that is the question… Быть или не быть: вот в чем вопрос... Пытаньне — быць альбо ня быць: што разумней... Кожны з нас хаця б аднойчы сутыкаўся з праблемай, якому вырянту надаць перавагу.
Свой пагляд на гэта мае навучэнец чацьвертага курсу Павал Котаў.
(Глеб Лабадзенка: ) “Паша, калі ты маеш магчымасьць чытаць арыгінал і ягоны беларускі пераклад — якому варыянту ты аддасі перавагу?”
(Павал Котаў: ) “Вельмі люблю чытаць арыгінал, так сама як і творы па-беларуску. Цікава параўноўваць арыгінал і пераклад. Яны маюць свае калярытныя дробязі й асаблівасьці. Цікава, як у той ці іншай сытуацыі зрабіў перакладчык. Пераклад павінен быць вельмі дакладным, а доля мастацтва павінна быць меншая, бо асноўная думка твору павінна быць данесеная да чытача”.
(Глеб Лабадзенка: ) “На якіх мовах ты чытаеш арыгіналы?”
(Павал Котаў: ) “Вольна па-польску й па-ангельску. Болей за ўсё захапляюся перакладамі з ангельскай мовы”.
(Глеб Лабадзенка: ) “А што ты будзеш чытаць у беларускім перакладзе?”
(Павал Котаў: ) “Вядома, тое, чаго не змагу прачытаць у арыгінале”.
(Глеб Лабадзенка: ) “Ты назавеш свайго любімага перакладчыка?”
(Павал Котаў: ) “Я лічу, што самым выдатным перакладчыкам зьяўляецца Васіль Сёмуха. Пару месяцаў таму мая Біблія, якую я шукаў, аказалася ў маці. Яна доўгі час нават яе з сабою на працу брала. Яна сказала, што пераклады непараўнальныя, бо ёй даводзілася чытаць шмат перакладаў па-расейску. Чытаецца вельмі цяжка, бо зашмат стараславянскай лексыкі. А ў Сёмухі гэта напісана проста, даступна й вельмі цікава”.
(Тацяна Сяцко: ) “Выбіраючы паміж перакладамі й арыгіналамі сучасная моладзь задаецца пытаньнем: навошта ствараць дадатковыя цяжкасьці, калі можна проста атрымаць асалоду ад сапраўднай літаратуры — на якой бы мове яна ні была.
Адрозна ад шэраговых сярэдніх школаў праграма Беларускага ліцэю – гэта доўгі сьпі твораў замежнае літаратуры й па магчымасьці ў беларускіх перакладах.
Першакурсьнік Яўген ужо пасьпеў адчуць гэтую асаблівасьць. Падаем ягоныя меркаваньні што да выбару мовы, на якой чытаць твор.
(Яўген: ) “Мне больш прыемна чытаць твор у арыгінале, бо дрэнны пераклад можа сапсаваць уражаньне. Таму я надаю большую ўвагу арыгіналам. Мяркую, што дастаткова ведаю расейскую мову, каб гэта зрабіць. А пераклады будуць разьлічаныя на тыя пакаленьні, якія будуць чытаць толькі па-беларуску”.
(Тацяна Сяцко: ) “А на якой мове ты чытаеш творы польскіх аўтараў, украінскіх?”
(Яўген: ) “Магу паспрабаваць чытаць у арыгінале. Калі ў мяне не атрымаецца, буду шукаць пераклад — і пажадана некалькі, каб накласьці адзін на іншы й стварыць сваё ўражаньне, больш падобнае да арыгіналу”.
(Тацяна Сяцко: ) “А для цябе ёсьць прынцыповасьць у мове перакладу? Ты чытаеш творы ў расейскім перакладзе, ці ты можаш чытаць іншыя пераклады?”
(Яўген: ) “Калі я вывучаю нямецкую і ангельскую, я магу чытаць і на гэтых мовах”.
(Глеб Лабадзенка:) Бадай што галоўная прыкмета жыцьця беларускай моладзі сёньня – гэта індывідуальнасьць і альтэрнатыва ў поглядах. Кожны сам вырашае для сябе, што апранаць, што чытаць, да каго прыслухоўвацца й каго кахаць. А таму мы не рабілі высноваў за сваіх аднагодак, а толькі ўважліва слухалі іхныя меркаваньні”.