Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБВАСТРЭНЬНЕ СЫТУАЦЫІ Ў ІРАКУ І СКАНДАЛ ВАКОЛ ПРАГРАМЫ “НАФТА Ў АБМЕН НА ЕЖУ”


Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў, Прага

Калі Вашынгтон запрашаў іншыя краіны ўзяць удзел у стабілізацыі пасьлясадамаўскага Іраку, ЗША разумелі, што іншыя дзяржавы будуць недастаткова падрыхтаваныя для гэтай місіі. Таму амэрыканцы ўзялі на сябе цэнтральную частку краіны – гэтак званы суніцкі трохкутнік – які разглядаўся як найбольш патэнцыйна небясьпечны рэгіён. Партнэрам па кааліцыі дасталіся, як тады здаваліся, адносна спакойныя рэгіёны на поўдні і ўсходзе. Гэтыя рэгіёны населеныя шыітамі, якія заўсёды былі праціўнікамі Садама Хусэйна і год таму нават віталі прыход кааліцыйных войскаў.

Але менавіта ў гэтых рэгіёнах цяпер адбываюцца крывавыя сутычкі паміж прыхільнікамі маладога шыіцкага лідэра Аль-Садра і войскамі кааліцыі. Сёньня, дарэчы, прадстаўнікі Аль-Садра заклікалі да далейшага супраціву замежным войскам.

Некаторыя сябры кааліцыі цяпер вымушаныя прызнаваць, што яны ня здольныя саўладаць з сытуацыяй у сваіх зонах адказнасьці. Пасьля пачатку сутычак, у Наджафе быў забіты сальвадорскі жаўнер, у Куце – украінскі, у паўднёвым Іраку загінуў баўгарскі кіроўца, а падчас баёў у Насірыі былі параненыя дзесяткі італьянцаў.

Цягам гэтых некалькіх дзён пасьля пачатку бунту розныя ўдзельнікі кааліцыі па-рознаму адрэагавалі на драматычную зьмену сытуацыі. Японцы загадалі сваім вайскоўцам спыніць будаўнічыя працы і заставацца на базе. Варта адзначыць, што Японія даслала сваіх жаўнераў у Ірак каля месяца таму “зь неваеннай місіяй па аднаўленьню краіны”.

Заўважу, што ўкраінцы ўжо вывелі свой кантынгент з гораду Эль-Кут. Як паведаміў украінскі міністар абароны, гэта было зроблена на просьбу амэрыканскіх прадстаўнікоў ў цывільнай адміністрацыі Іраку, з мэтай выратаваньня жыцьця жаўнераў. Украінскія міратворцы, якія знаходзіліся ў Эль-Куце, далучыліся да асноўнай групоўкі ўкраінскага кантынгенту ў Іраку.

Баўгарыя папрасіла даслаць падмацаваньне для сваіх 450 вайскоўцаў, якія разьмешчаныя ў Карбале і якія ўжо некалькі разоў патраплялі пад абстрэл баявікоў. А Казахстан афіцыйна паведаміў, што ня будзе працягваць тэрмін свайго знаходжаньня ў Іраку, які заканчваецца ў траўні, і вывядзе з Іраку свой кантынгент, які складаецца з 30 чалавек.

Ня ўсе зрэшты, рэагуюць на крытычную сытуацыю шляхам адступленьня. Напрыклад, кіраўнік італьянскага ўраду Сільвіё Бэрлюсконі выказаўся супраць вываду войскаў. “Немагчыма, каб мы спынілі, тое, што пачалі. “Гэта ўгоніць Ірак у хаос” – падкрэсьліў Бэрлюсконі. Аналітыкі адзначаюць, што некаторыя з краінаў – удзельнікаў кааліцыі дастаткова ўзброеныя і экіпаваныя, каб абараніць сябе, але ня маюць досьведу дый жаданьня ўступаць у крывавыя сутычкі на вуліцах гарадоў. Некаторыя зь іх накіравалі свае войскі ў Ірак пераважна дзеля таго, каб выказаць сваю палітычную падтрымку Вашынгтону. І зараз яны вымушаныя неяк рэагаваць на ўнутрыпалітычнага ціск, які аказвае апазыцыя ў многіх краінах, патрабуючы вывесьці войскі, каб не дапусьціць ахвяраў.

Варта закрануць яшчэ адну тэму, якая паходзіць зь нядаўняга дыктарскага мінулага Іраку. У часе, калі Іракам кіраваў Садам Хусэйн Расея, Францыя і Кітай перашкаджалі Радзе бясьпецы ААН спыніць злоўжываньні ў выкананьні праграмы “Нафта ў абмен на ежу і лекі”. Пра гэта заявіў, выступаючы перад камісіяй Сэнату ЗША ў міжнародных справах амэрыканскі амбасадар ў ААН Джон Нэграпонтэ. Ён падкрэсьліў, што гэтыя дзеяньні Масквы, Парыжу і Пэкіну дазвалялі ірацкаму дыктатару атрымліваць вялікія прыбыткі з аанаўскай праграмы.

Тут варта падкрэсьліць, што абвінавачваньні на адрас Расеі, Францыі і Кітаю ў сабатажы рэжыму санкцыяў, накладзеных ААН на хусэйнаўскі Ірак, гучалі даўно, але ўпершыню яны зробленыя публічна амэрыканскім амбасадарам у ААН. Ён прыгадаў, што менавіта гэтыя тры краіны ў 1999 годзе ўстрымаліся пры галасаваньне ў Радзе бясьпекі ААН наконт працягу санкцыяў супраць Іраку. Паводле Нэграпонтэ, такая пазыцыя і такія дзеяньні гэтых краінаў маглі быць абумоўленыя жаданьнем абараніць спэцыфічныя інтарэсы іх камэрцыйных кампаніяў, якія супрацоўнічалі зь Іракам. Справа пры гэтым не абмяжоўвалася легальным гандлем.

У сёлетнім студзені ў ірацкім друку зьявіліся сэнсацыйныя публікацыі пра велічэзную і разгалінаваную сыстэму нафтавага хабарніцтва, якую пабудаваў Садам Хусэйн. Сьпіс атрымальнікаў “падарункаў” былога ірацкага дыктатара налічваў 46 краінаў і 270 асобаў і арганізацыяў. Фігуравалі ў гэтым сьпісе і беларускія асобы ды арганізацыі: кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, лібэральна-дэмакратычная партыя, некаторыя камэрцыйныя фірмы.

Не апошняе мейсца займалі ў сьпісе карыстальнікаў дабротамі Хусэйна палітыкі, бізнэсоўцы і грамадзкія дзеячы з Расеі, Францыі і Кітаю, што і стала падмацаваньнем аргумэнтаў Джона Нэграпонтэ.

Старшыня сэнацкай камісіі ў міжнародных справах Рычард Лугар на слуханьнях агучыў ацэнкі, паводле якіх цана маніпуляцыяў з гуманітарнай праграмай ААН складала прыкладна 4 з паловай мільярдаў даляраў і яшчэ каля 6 мільярдаў даляраў было атрымана за кошт кантрабандных паставак нафты ў Сірыю і Турэччыну. Гэтыя грошы часткова пайшлі на аплату замежных кліентаў рэжыму Садама Хусэйна, а часткова аселі на ягоных асабістых рахунках.

Джон Нэграпонтэ, выступаючы на слуханьнях у Сэнаце ЗША падкрэсьліў амаральны характар гэтых парушэньняў – аанаўская праграма “Нафта ў абмен на ежу” мела на мэце дапамагчы ірацкаму народу, а зусім не ўзбагаціць шматлікіх замежных сябраў Садама Хусэйна.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан аддаў загад распачаць расьсьледаваньне гэтых злоўжываньняў. На мінулым тыдні МЗС Беларусі паведаміла, што было паінфармавана кіраўніцтвам ААН пра пачатак гэтага расьсьледаваньня.

Сэнатар Лугар заявіў, што скандал вакол парушэньняў падчас рэалізацыі аанаўскай праграмы “Нафта ў абмен на ежу” адбываецца як раз у той момант, калі вырашаецца пытаньне пра ролю ААН у адбудове Іраку. Паводле сэнатара гэта прымушае дасьледаваць злоўжываньні асабліва пільна, засяродзіўшыся на 5 пытаньнях – чаму ААН ня выявіла выпадкаў карупцыі, ці былі выпадкі патураньня з боку супрацоўнікаў ААН, хто дакладна быў атрымальнікамі хабараў Хусэйна і чым яны кіраваліся – нязгодай з рэжымаў санкцыяў ці проста імкненьнем зарабіць.

Пазаўчора ў інтэрвію тэлекампаніі “Фокс-Ньюз” дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл назваў паведамленьні пра карупцыю ў межах аанаўскай праграмы “сур’ёзным пытаньнем”. Паўэл дадаў, шгто гэта вельмі складаная праблема і спатрэбіцца вялікае расьсьледаваньне, каб высьветліць маштаб праблемы і ступень абгрунтаванасьці абвінавачваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG