Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСКІЯ МЫТНІКІ ТАКІЯ ЗВЫШПІЛЬНЫЯ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мытныя скандалы ў Беларусі здараюцца рэгулярна, а паколькі Беларусь транзытная краіна, звычайна ў гэтыя скандалы ўцягнутыя іншыя дзяржавы. Журналісты гэтак і кажуць пра такія скандалы: нямецкая справа, казахстанская, малдаўская, латвійская.

Нядаўна адна з самых уплывовых нямецкіх газэтаў “Франкфуртэр Альгемайне цайтунг” распавяла сваім чытачам гістрыю пра грамадзяніна Нямеччыны, які амаль год ня мог вярнуць зь Беларусі свайго шыкоўнага аўтамабіля “БМВ”. Немец меў няшчасьце на тры гадзіны спазьніцца на мытны кантроль. І хаця гэта адбылося зь віны памежных службаў, ягоны “БМВ” коштам 60 тысяч даляраў быў сканфіскаваны. Спатрэбілася ўмяшальніцтва ажно Вярхоўнага суду, каб мытнікі пагадзіліся вярнуць аўтамабіль законнаму ўладальніку. У нямецкай амбасадзе заўважаюць, што такія выпадкі могуць адбіцца на прывабнасьці Беларусі для нямецкіх інвэстараў.

Адной казахстанскай фірме, якая займаецца пастаўкамі ў Казахстан замежных аўтамабіляў, пашанцавала меней. Партыю дарагіх амэрыканскіх аўто беларускія мытнікі канфіскавалі, знайшоўшы пэўныя недакладнасьці ў дакумэнтах, і беларускі суд вярнуць аўтамабілі не дапамог.

Але больш за іншых церпяць ад беларускіх мытнікаў расейскія фірмы і іх перавозчыкі. Сёлета і цягам мінулага году рэгулярна затрымліваліся ці канфіскоўваліся буйныя партыі тавараў, якія везьлі звычайна ў багатую расейскую сталіцу. Гэта былі партыі бытавой электронікі, моднай мэблі, найдаражэйшых упрыгожваньняў ці шыкоўнай італьянскай сантэхнікі ды іншых тавараў. Асаблівы розгалас атрымаў выпадак, калі мытнікі затрымалі фуру з адзеньнем ад вядомых францускіх і італьянскіх дамоў моды, якая накіроўвалася на выставу ў Маскву. На мытні ўзьнікла праблема, як ацаніць гэтыя эксклюзіўныя вырабы, кошт якіх мог вагацца ад тысячы да дзясяткаў тысяч даляраў.

Праблемы зь беларускай мытняй у расейцаў узьнікалі гэтак часта, што ў канфлікт мусіў умяшацца расейскі абмасадар ў Беларусі Аляксандар Блахін. Ён публічна выказаў нараканьні на адрас беларускіх мытнікаў за стварэньне штучных перашкодаў у транзыце грузаў у Расею.

Аднак старшыня мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі гэтыя нараканьне адкінуў. Паводле Аляксандра Шпілеўскага, праблема ў тым, што не ўсе расейскія перавозчыкі прытрымліваюцца правілаў перавозак, а беларускія мытнікі толькі добрасумленна выконваюць свой абавязак.

Між тым, ня толькі расейцы адважыліся на адкрытую крытыку беларускай мытні. Перавозчыкі зь іншых суседніх зь Беларусьсю краінаў, якія уступілі ў Міжнародны саюз аўтатранспарту, зьвярнуліся ў гэтую арганізацыю са скаргай на ўлады Беларусі. Справа ледзь не дайшла да санкцыяў супраць Менску.

Чым усё ж кіруецца беларуская ўлада, калі дае дазвол сваім мытнікам на самыя жорскія дзеяньні адносна перавозак тавараў? Экспэрты адзначаюць, што мытня Беларусі сьвядома выкарыстоўваецца дзеля папаўненьня дастаткова беднага бюджэту краіны. Цяпер яго прыбытковая частка складае меньш за 7 мільярдаў даляраў, зь якіх амаль мільярд дае мытня. Значная частка з гэтага мільярда паступае праз продаж канфіскаваных тавараў. Але ці выкарыстоўваюцца гэтыя грошы паводле прызначэньня? Незалежны экспэрт Сяргей Балыкін распавёў пра мэханізм рэалізацыі сканфіскаваных тавараў. Гэтым займаецца Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, але не само, а праз розныя фірмы. Падбор гэтых фірмаў Сяргей Балыкін назваў вельмі суб’ектыўным, а іх дзейнасьць — на мяжы з законам:

(Балыкін: ) “Паводле правілаў, 70% цаны гэтых тавараў мусяць ісьці ў бюджэт, але вельмі часта гэтыя фірмы затрымліваюць грошы, пракручваюць іх, альбо ўвогуле не пералічваюць. Часта такія фірмы аказваюцца аднаднеўкамі ці афармляюцца на падстаўных асобаў, і рэальных грошай спагнаць зь іх немагчыма”.

Экспэрт Сяргей Балыкін зьвяртае ўвагу на надзвычай неэфэктыўныя мэханізмы кантролю за рэалізацыяй сканфіскаваных тавараў і не выключае, што паміж гэтымі раэлізатарамі і мытнікамі існуе пэўная сувязь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG