Айцец Міхаіл (з этычных прычынаў зьменім прозьвішча нядаўняга сьвятара праваслаўнай Раства Багародзічнай Лідзкага Дабрачыньня царквы) — зьяўляўся асобай адметнай ня толькі ў справах духоўных. Калі была нагода, “прычашчаўся” і да бутэлькі, а пасьля далучаўся да палітыкі. Кажуць, у 1994-м актыўна ўздымаў келіхі за Зянона Пазьняка. А ў 1996-м гэтак жа на падпітку зарганізаваў хросную хаду ўжо ў падтрымку прэзыдэнцкага рэфэрэндуму… Дый хто ж змог бы ўстаяць супраць саматужных напояў тадышняга гатунку, — з замілаваньнем згадвалі мінулыя часы парафіяне ды знаўцы гэтай справы спадарыня Соф’я Зыбель ды ейны гаспадар дзядзька Андрэй.
(Андрэй: ) “О, помню ўсё! Мой ты сынок…” (Cьмяецца.)
(Соф’я: ) “Гналі чысьценька! Памыем гэтыя чыгункі — мука была чысьценька. Цаганчык закіпяціў, муку разьвёў ды паціхеньку боўтай. Разводзілі дрожджы, залівалі. Былі паробленыя бочкі — бражні. І ў лес паехалі… А цяпер цукар, дзе якое што, каб гарэла. А гэта крэпасьць на нутранасьць дае, на мазгі”.
(Андрэй: ) “Дый пілі ня так. З бутэлькай вясельле спраўлялі, а цяпер і літар адному мала…”
Апошняе, відаць, і падвяло айца Міхаіла, у якога гадамі насьпяваў канфлікт з бабулькамі мясцовага царкоўнага хору. З-за старэчай нямогласьці яны не маглі скласьці кампаніі свайму пастыру. Да таго ж сыстэматычна ўшчувалі апошняга за небіблейскія выразы з амвону. Канфуз і надарыўся неяк падчас нядзельнай службы. Мне распавёў пра гэта Міхась Бурачэўскі, сябра раённае філіі БНФ.
(Бурачэўскі: ) “Ён “прычасьціўся” добра перад службай, прыйшоў у царкву — ну, і пачалася служба. Яму падалася, што хор з бабак старых ня так сьпявае. Ён, ня доўга думаючы, узяў Біблію ды давай лупіць іх па галаве…”
Зьняважаныя бабулькі пачалі бараніць свой гонар у вышэйшых царкоўных інстанцыях і падвялі-такі дакудаўскага сьвятара пад той самы кляштар. Хоць у рэальным жыцьці айца Міхаілі перавялі ўсяго толькі ў іншы прыход. Адтуль і будзем чакаць цяпер навінаў пра яго новыя прыгоды.