Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛЯЎНІЧЫЯ НА СЬЛІМАКОЎ РЫХТУЮЦЦА ДА “САФАРЫ”


Ігар Карней, Менск

Начальнік над паляўнічымі на сьлімакоў у Мёрах Арнольд Жук мае адмысловую ліцэнзію на адлоў у сваім раёне – дарэчы, найбольш “ураджайным” на сьлімакоў. Ягоныя сьлімаковыя “камандас” стройнасьцю не адрозьніваюцца: хтосьці ўзброены вядром, нехта сітам, а камусьці хапае дзіцячага сачка на матылькоў. Бальшыня ўвогуле “палюе” без дапаможных сродкаў – рукамі.

З выглядам адмыслоўцы Арнольд расказвае: “сьлімакі – адзін з элемэнтаў у харчовым ланцугу дзікай прыроды. Каб не парушыць экалягічную раўнавагу, бяздумна зьнішчаць іх забаронена. Адзінае – дзеля прарэджаньня віду дазваляецца сэзоннае “паляваньне”, да якога ўсе ўжо падрыхтаваныя”. Як толькі вялікая вада вернецца ў звыклае рэчышча, сьлімакоў можна будзе зьбіраць, як бульбу. Але, каб нарыхтоўшчыкі занадта не захапаляліся, райвыканкам вызначыў ліміт “пагалоўя” дзеля адлову.

(Жук: ) “Сьлімакі водзяцца тут даўным-даўно. Гэтую папуляцыю завезьлі яшчэ паны – кажуць, пан Мірскі (ягоная сядзіба ў Каменпольлі) набыў іх калісьці ў Польшчы. А што да месцаў, дык гэта, апроч Каменпольля, Орцы – там пан жыў, Долта, дзе таксама панская сядзіба, бераг возера Сумаўка, Загор’е. Адным словам, дзе былыя панскія фальваркі, там іх найболей. Потым яны ўжо самі па сабе распаўзаліся. Але ўпершыню іх знайшлі там, дзе паны жылі: гэта ня толькі Мёрскі раён, але Лепельскі, Полацкі, Ушацкі, Глубоцкі”.

(Карней: ) “Паны самі сьлімакоў ужывалі ў ежу, ці вырошчвалі на продаж?”

(Жук: ) “Гаварылі, быццам самі елі… Старыя людзі расказвалі нават рэцэпт, як іх рыхтаваць правільна, але надта гэта крапатлівая праца… ”

(Карней: ) “Ну, а вы самі спрабавалі іх есьці?”

(Жук: ) “Не. Не асьмеліўся. Але людзі, што прыносілі здаваць, спрабавалі: на смак, казалі, як грыбы смажаныя. Ды як яны гатавалі? Сьлімакоў жа трэба вымочваць у солі; калі вымачыш, яны з ракушкі вылазяць, тады іх можна падчапіць відэльцам. А нашыя людзі іх павыкалупвалі – ды на патэльню. “Ну, нічога, кажуць, – толькі грыбамі трохі сьмярдзіць”. А як пад гэтую справу, пад чарку, дык хто там разьбярэ…”

Нарыхтоўка сьлімакоў на Віцебшчыне мае практычнае значэньне. Сабраны ўраджай накіроўваецца на адмысловы завод у Гародню, дзе сьлімакоў перапрацоўваюць і ў выглядзе паўфабрыкату адпраўляюць у Францыю, Італію й Нямеччыну.

Як сцьвярджае Арнольд Жук, там адно страва з мёрскіх сьлімакоў цягне ў рэстарацыі на 10 даляраў. Зрэшты, местачкоўцы падобнай арыфмэтыцы ня вераць: ім на 10 даляраў трэба здаць найменей 100 кг зьнешне зусім неапэтытнага тавару. Але пры тым, што вядро сьлімакоў каштуе крыху больш за даляр, на імправізананым зборным пункце пуста ніколі не бывае. “Цягнулі, да зямлі сагнуўшыся”, – канстатуе Арнольд.

(Жук: ) “Людзі несьлі, канечне. Разьлік на месцы, жывымі грашыма. А як у нас заробкі бясконца затрымліваюць, дык выбіраць не даводзіцца. Бабка прыносіць сумку ды кажа: “О, на тыдзень грошай на хлеб хопіць”.

(Карней: ) “Дый гэта ж лягчэй, чым ягады зьбіраць?”

(Жук: ) “Само сабой! Прывозілі нават па 300 кілё на дзень. Едуць на возера цэлымі семя’мі, ды “палююць”. Плаціў жа я нічога, дык сэнс быў”.

(Карней: ) “А бывала, што халтуру нясуць – замест стандарта прыцягнуць, прыкладам, сьлімака, які грыбы аб’ядае?”

(Жук: ) “Калі прымаеш, глядзіш на тавар. Яны павінны адпавядаць стандарту – ракавіна ня меней за 3 см у дыямэтры”.

Гэта толькі першы год ніхто ня ведаў, што да чаго. Некалькі апошніх сэзонаў даведзеныя “зьверху” пляны на 2,5 тоны “жывой масы” маглі перакрыць шматразова. Але нельга. Хоць экалягічная катастрофа і ня здарыцца, але трэба зазіраць і ў будучыню. Да таго, недасканалы мэханізм нарыхтоўкі і далейшай апрацоўкі і так суправаджаецца стратамі.

(Жук: ) “Сьлімакі, калі доўга пастаяць (а прыяжджаюць па іх раз на тыдзень на фурах), высыхаюць на сонцы, вільгаць губляюць. Паліваеш потым гэтыя скрыні... Я неяк ў гараж саскладаваў, чакаў – вось-вось прыедуць, а яны так засьмярдзеліся – два тыдні ў гараж зайсьці ня мог”.

(Карней: ) “Пэўна, яны яшчэ і распаўзаюцца? А могуць пачаць размнажацца ў каго-небудзь у агародзе?”

(Жук: ) “Не, ім вільгаці шмат трэба. Пэўна, каля рэчкі яшчэ могуць. Трава асаблівая павінна быць: дзе яны сустракаюцца, баршчавік расьце – трава, як кажуць, пякучая”.

Між тым, суседзі Жука, якія ігнаруюць несур’ёзны, зь іхнага гледзішча, занятак Арнольда, глядзяць на яго сурова – летась ягоныя сьлімакі зьелі добрую палову ўраджаю трускавак. Сёлета суседзі абяцаюць ужываць контармеры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG