Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ВАЙСКОВЫЯ ЛЁТЧЫКІ І ЗЭНІТЧЫКІ ПРАВЯДУЦЬ МАНЭЎРЫ З РАСЕЙСКІМІ КАЛЕГАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вайскоўцы завуць такія манэўры штабной трэніроўкай, але ў іх возьмуць удзел рэальныя баявыя самалёты, таму хутчэй гэта будуць ўсё ж манэўры з элемэнтам штабной працы. Беларускія самалёты паляцяць у Расею, дзе выканаюць пэўныя ролі, а ў Беларусь прыляцяць расейскія зьнішчальнікі, зь якімі тут згодна з прыдуманым сюжэтам будуць працаваць беларускія вайсковыя дыспэчары. Сюжэты такія: нібыта паветраную мяжу краінаў парушыў чужы самалёт, і яго трэба зьнішчыць альбо прымусіць сесьці. Другі сюжэт: беларускі ці расейскі самалёт нібыта захоплены тэрарыстам, які спрабуе прарвацца за межы дзьвюх краінаў.

Літаральна два тыдні таму на поўначы ад Беларусі пачалі патрульныя палёты чатыры самалёты бэльгійскіх ваенна-паветраных сілаў, якія ўключаныя ў сілы НАТО. Але беларускія вайскоўцы ня кажуць, каго яны маюць на ўвазе пад умоўным парушальнікам. І ўвогуле наўпрост сувязь манэўраў са зьяўленьнем побач сілаў НАТО не прызнаецца.

(Афіцэр: ) “Гэта ў прынцыпе плянавы працэс. Сёньняшняя трэніроўка была заплянаваная на красавік, і якраз у гэты час адбылося ўступленьне прыбалтыйскіх краінаў у НАТО”, — паведаміў адзін з афіцэраў штабу ваенна-паветраных сілаў Беларусі.

У манэўрах бяруць удзел толькі часткі паўночнага і заходне-паўночнага апэратыўных кірункаў, і гэта дае арыенцір у пошуках умоўнага праціўніка для беларускіх лётчыкаў і зэнітчыкаў.

За савецкім часам супрацьстаяньне паветраных сілаў НАТО і Савецкага Саюзу часта вылівалася ў зьбіцьцё рэальных самалётаў, якія з розных прычынаў парушалі межы краінаў. Самы вядомы такі выпадак — зьбіцьцё саветамі паўднёва-карэйскага пасажырскага “Боінга” над Ахоцкім морам напачатку 1980-х гадоў, тады загінула больш як дзьвесьце чалавек. Час ад часу здараліся і ўгоны самалётаў. Пры канцы 1970-х савецкі лейтэнант Бяленка ўгнаў у ЗША найноўшы самалёт МІГ-25 і папрасіў у Амэрыцы палітычнага прытулку. Праз колькі гадоў Бяленка быў забіты пры нявысьветленых абставінах, ёсьць вэрсія, што зь ім паквіталася КГБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG