Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЛЯД ПРЭСЫ – 7 КРАСАВІКА

Ігар Карней, Менск

Апошнім часам усе прызвычаіліся, што міністэрства інфармацыі прыпыняе альбо зусім зачыняе недзяржаўныя СМІ. Але сёньня сярод неафіцыйных СМІ зьявілася новае выданьне. Гэта новая газэта, але ў выкананьні добра вядомага выдаўца Паўла Жука. Выхад газэты “Время” некалькі разоў адтэрміноўваўся з прычынаў найперш фінансавых. Падрыхтаваныя да друку выпускі часта даводзілася перапісваць наноў, таму першы нумар атрымаўся аналітычны, без прывязкі да апэратыўных падзеяў.

Вось некаторыя загалоўкі. У рэдакцыйнай калёнцы матэрыял Паўла Жука “Дзяржава без рэпутацыі”. Гаворка пра ўпартасьць уладаў падчас заключэньня кантрактаў на пастаўку прыроднага газу ў Беларусь. Тут жа артыкул “Гарачыя кропкі сучаснай Беларусі”. “Гэта толькі здаецца, што палітычная Беларусь сьпіць сном нябожчыка,” – піша аўтар Уладзімер Валанін. – “Насамрэч, у краіне сьпеюць новыя і набухаюць старыя крызысныя зьявы; ідзе пераразьмеркаваньне рэсурсаў, стартавых пазыцый, палітычных інтарэсаў”. Які менавіта наканавана прайсьці палітычны шлях грамадзтву бліжэйшым часам – у артыкуле “Сымптомы гіпэртаніі”. Гэтаксама на старонках газэты “Время” – цяперашняя сытуацыя вачамі беларускай намэнклятуры, якая служыць уладзе, але ў любы момант гатовая перайсьці пад якія заўгодна сьцягі. Фэномэн запалоханых клеркаў у артыкуле Міхаіла Падаляка “Тэорыя вялікага выбуху”.

Наагул, незалежныя СМІ штодня вяртаюцца да тэмы пра быццам сканфіскаваных супрацоўнікамі КГБ 100 тысяч дяляраў на падтрымку апазыцыі. Карэспандэнтка “Народнай Волі” Марына Коктыш напярэдадні затэлефанавала ва ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі і запыталася: ці ня іхныя грошы знайшлі на берасьцейскай мяжы спэцслужбы? Ахвотных на нічыйны капітал не знайшлося. Дык хто тады страціў 100тыс даляраў?

Яшчэ ў адным матэрыяле “Народнай Волі” журналіст спрабуе знайсьці прычыны нападаў на апазыцыю. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька зьмяшчае “адказ грамадзяніна Лябедзькі таварышу Лукашэнку”. “Заява Лукашэнкі пра рэакцыйную сутнасьць апазыцыі, напярэдадні агучаная ў Берасьці, наўпрост спрычынілася да кампаніі зьнявагі апанэнтаў рэжыму”. Чарговым разам улада прадэманстравала катэгарычнае непрыяцьце іншадумства ў краіне. Ліст Анатоля Лябедзькі – “Факты супраць падману”.

Таксама ў “Народнай Волі” друкуецца гутарка з амбасадарам Францыі ў Беларусі Стэфанам Шмялеўскім. Адна з высноваў дыплямата – “Такая эўрапейская краіна як Беларусь ня можа існаваць у ізаляцыі”. Яшчэ можна пачытаць эксклюзіўнае інтэрвію галоўнага трэнэра тэніснай зборнай Расеі і асабістага трэнэра Барыса Ельцына Шаміля Тарпішчава. Размова пра спартовыя здольнасьці Лукашэнкі як спартоўца-ўнівэрсала. Так, характарызуючы Лукашэнку-тэнісіста, Тарпішчаў кажа: “у яго моцныя ногі, але слабая тэхніка”.

Дарэчы, працягваючы тэнісную тэму: пасьлязаўтра ў пераабсталяваным пад тэнісныя корты менскім футбольным манежы адбудзецца матч 1/4 Кубку Дэвіса паміж камандамі Беларусі й Аргентыны. Журналісты спартовай газэты “Прессбол” у нядзелю сустракалі аргентынскіх тэнісістаў на менскім лётнішчы. Галоўная інтрыга – адсутнасьць у складзе асноўнай надзеі аргентынцаў, Корыі, які атрымаў траўму сьпіны на турніры ў Маямі. Да таго ж, у гасьцей ня так шмат часу на акліматызацыю. Ці ўдасца выхаванцам Сяргея Цяцерына паўтарыць студзеньскі подзьвіг, калі яны адолелі пераможцу Кубка Дэвіса-2002, зборную Расеі? Арумэнты “за” і “супраць” у камэнтарах адмыслоўцаў і саміх спартоўцаў у апошнім нумары газэты “Прессбол”.
XS
SM
MD
LG