Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ ВІЦЕБСКАЙ ШТАБ-КВАТЭРЫ ПЕРАДВЫБАРЧАГА БЛЁКУ “МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ” ЗАБРАЛІ АРГТЭХНІКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Фармальнай падставай для ператрусу ў штаб-кватэры “Маладой Беларусі”, які праводзіўся пад кіраўніцтвам сьледчай Аксаны Зіль, стаўся факт наяўнасьці ў аднаго з моладзевых актывістаў дзьвюх падробленых купюраў 100 даляраў ЗША кожная. З абменнага пункту сэрвіснага цэнтру “Velcom” cтудэнт Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту Кастусь Кузьняцоў быў забраны ў пастарунак, дзе патлумачыў, што гэтымі купюрамі зь ім разьлічыўся пакупнік відэакамэры, які зьвярнуўся да яго па прыватнай абвестцы.

Пасьля складаньня адпаведных папераў міліцыянты заявілі пра неабходнасьць ператрусу па месцы жыхарства хлопца. З кватэры, якую Кастусь Кузьняцоў здымае разам зь віцебскім лідэрам “Маладой Беларусі” Віктарам Шляхціным, супрацоўнікі міліцыі забралі кампутар, каляровы прынтэр і ўсе наяўныя дыскеты, патлумачыўшы гэта неабходнасьцю праверыць — ці не вырабляліся з дапамогаю менавіта гэтай тэхнікі фальшывыя грошы.

Уся забраная маёмасьць належала Віктару Шляхціну, якога, дарэчы, на той час не было ў Віцебску. Паводле ягонага меркаваньня, міліцыянты зацікавіліся гэтай кампутарнай тэхнікай ня толькі з прычыны падазрэньня ў падробцы грашовых знакаў.

(Шляхцін: ) “Яны, найхутчэй, ведалі, што мы наладжваем кантакты з замежнымі партнэрамі, што апошнія моладзевыя акцыі ў Віцебску былі пасьпяховыя. Уся гэтая тэхніка належыць мне, я набываў яе за ўласныя грошы, Кастусь Кузьняцоў увогуле ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. І як гэтую тэхніку так апэратыўна забралі, таксама відавочна сьведчыць пра тое, што гэта была сплянаваная акцыя. Каб, скажам так, перашкодзіць нам працаваць з моладзьдзю больш прадуктыўна, плённа”.

Кастусь Кузьняцоў і Віктар Шляхцін мяркуюць зьвярнуцца да праваабаронцаў, каб як хутчэй вярнуць забраную аргтэхніку. Тым болей што, паводле назіраньняў спадара Кузьняцова, міліцыянты яўна парушалі парадак правядзеньня ператрусу. У прыватнасьці, яны не патлумачылі панятым іхных правоў ды абавязкаў, у пастанове на ператрус не была пазначаная канкрэтная крымінальная справа, а маёмасьць забіралі ў адсутнасьць гаспадара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG