На пастаўленае пытаньне мае выпадковыя суразмоўцы давалі розныя адказы, але найчасьцей адказвалі гэтак:
(Юначка: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне: па-першае, трэба распачынаць з будаўніцтва грамадзтва, каб чалавека лічылі за асобу, каб ён быў значны — як ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Ну, а мы пэўна імкнемся да гэтага”.
(Карэспандэнтка: ) “Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб парлямэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі без падтасовак?”
(Юнак: ) “Я лічу, што павінна быць адкрытасьць выбараў і даступнасьць да кантролю за іх вынікамі ўсіх грамадзкіх установаў і СМІ”.
(Спадарыня: ) “У нас — як бы чэсна ні было, усё роўна бюлетэні падрабляюць так, як захоча прэзыдэнт. Канечне, нейкі кантроль павінны быць, каб ня толькі ягоныя людзі былі, але й іншыя — вось тады будзе па-чэснаму”.
(Юначка: ) “Я лічу, што за выбарамі павінны быць вельмі добры кантроль і ня толькі з боку беларускай, але й міжнароднай грамадзкасьці”.
(Спадар: ) “Трэба, каб гэтым займаліся разумныя людзі, якія ў гэтым добра разьбіраюцца”.
(Спадарыня: ) “Ну, вядома ж трэба, каб жыхары Беларусі неяк агулам спрабавалі з гэтым справіцца. Не дарма ж кажуць, што паасобку мы нічога, а калі ў кулак — дык сіла”.
Пра магчымасьць пазбавіцца падтасовак на выбарах некаторыя людзі выказваліся вельмі пэсымістычна і ніводзін чалавек не сказаў, што гэткіх парушэньняў не існуе.
(Карэспандэнтка: ) “Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб парлямэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі без падтасовак?”
(Спадар: ) “Думаю, што гэта вялікі расклад палітычных сілаў у цэлым, а мы тут нічога не вырашаем. Ну што, выйсьці на вуліцы — і з кім ваяваць? Зь ветракамі?”
(Спадарыня: ) “Па-першае, патрэбна, каб кожны пайшоў і зрабіў свой выбар. А па-другое, я заклікаю да сумленьня тых, хто стаіць пры ўладзе”.
(Спадар: ) “Па-мойму, у любым выпадку ня будзе так, як я захачу. Практыка і гісторыя паказвае, што звычайна так і бывае”.
(Юначка: ) “Думаю, што калі за гэта ўсе людзі возьмуцца разам, то ўсё будзе справядліва”.
(Спадар: ) “На сёньняшні дзень нічога няможна зрабіць. Сапраўднае волевыяўленьне ня мае значэньня, бо патрэбны вынік усё роўна напішуць”.
(Юнак: ) “Абсалютна свабодныя, без падтасовак выбары могуць быць у тым выпадку, калі імі будуць займацца ўсе разам — ці то парлямэнцкія, ці то прэзыдэнцкія выбары. Павінна быць аб’яднаньне ўсіх здаровых грамадзкіх і палітычных сілаў, каб усе разам займаліся кантролем і ў такім выпадку — я ўпэўнены, яны здолеюць так адсачыць выбары, каб ніякіх падтасовак не атрымалася”.
Гэткія былі адказы менскіх мінакоў на пытаньне: што трэба зрабіць, каб парлямэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі без падтасовак?