Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ЎВЯЛІ САНКЦЫІ СУПРАЦЬ “БЕЛЗЬНЕШПРАМСЭРВІСУ” ЗА ПРОДАЖ ЗБРОІ ІРАНУ


Юры Сьвірко, Менск

“Безьнешпрамсэрвіс” — адна з чатырох беларускіх фірмаў, якім дазволена экспартаваць зброю. Выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара “Белзьнешпрамсэрвісу” Сяргей Буфал даведаўся пра амэрыканскія санкцыі ад мяне. На пытаньне, як ён ставіцца да гэтага рашэньня ЗША, спадар Буфал адказаў:

(Буфал: ) “Вы мяне правакуеце на тыя адказы, якіх я ня мушу даваць. Зразумейце, што ўсё, што тычыцца нашай дзейнасьці — вы ведаеце, што гэта за прадпрыемства, — знаходзіцца ў кампэтэнцыі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў. Я не магу даваць камэнтароў.

Сутнасьць амэрыканскіх санкцыяў супраць “Белзьнешпрамсэрвісу” ды іншых фірмаў з “чорнага сьпісу” палягае ў забароне для ўрадавых установаў і арганізацыяў ЗША купляць у гэтых фірмаў любыя тавары, паслугі й тэхналёгіі, надаваць ім падтрымку й дапамогу, пастаўляць прадукцыю вайсковага прызначэньня й г.д.

Я спытаўся ў кіраўніка “Белзьнешпрамсэрвісу”, ці выходзіла ягонае прадпрыемства ўвогуле на амэрыканскі рынак. Вось які адказ даў Сяргей Буфал:

(Буфал: ) “Мы — не. Мы на гэты рынак не выходзілі”.

У нядаўна створаным дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце ад камэнтароў адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ў гэтым ведамстве няма прэсавага сакратара. А вось прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што аднабаковыя амэрыканскія санкцыі ўведзеныя паводле закону ЗША 2000 году аб нераспаўсюджаньні, які датычыцца Ірану. Спадар Савіных выклаў афіцыйную пазыцыю Беларусі:

(Савіных: ) “Мы лічым, што санкцыя як такія ёсьць нізкаэфэктыўным мэханізмам міжнародных дачыненьняў і на практыцы фактычна контарпрадуктыўныя. Абгрунтаванасьць аднабаковых санкцыяў тым больш выклікае ў нас сумневы. Мы разглядаем гэтую практыку як пэўнага кшталту спадчыну халоднай вайны. На наш погляд, толькі Рада бясьпекі ААН мае права прымаць такія рашэньні. Што да нашых стасункаў з Іранам, дык яны ажыцьцяўлюцца ў строгай адпаведнасьці зь міжнароднымі забавязаньнямі Беларусі й міжнародным правам”.

Адметна, што яшчэ год таму, 16 красавіка, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэн Пайфэр правёў тэлеканфэрэнцыю для менскіх журналістаў, дзе заявіў пра мажлівасьць продажу беларускай зброі ў Ірак, Іран і некаторыя краіны Афрыкі, якія ваююць з суседзямі. Тады афіцыйны Менск гэта абвергнуў. Той жа спадар Савіных сказаў, што вайсковае супрацоўнітцва з Іранам “знаходзіцца практычна ў нулявой стадыі”. Аднак у лістападзе 2003 году МЗС Беларусі падрыхтавала нацыянальную справаздачу аб палітыцы кантролю за экспартам узбраеньняў і вайсковай тэхнікі за 2002–2003 гады. Прадстаўнік управы нацыянальнай бясьпекі МЗС Васіль Паўлаў паведаміў, што ў тройку галоўных імпарцёраў беларускай зброі апрача Ірану ўвайшлі менавіта афрыканскія краіны — Судан і Кот-д’Івуар. Туды прадаваліся танкі, баявыя машыны пяхоты ды артылерыйскія сыстэмы вялікага калібру. У згаданай нацыянальнай справаздачы зьмяшчаецца статыстыка: у Іран Беларусь прадала восем танкаў у 2000 годзе, чатырнацаць у наступным і пятнаццаць у 2002-м. Дык ці можна назваць 37 танкаў “нулявой стадыяй вайсковага супрацоўніцтва”? Прэсавы сакратар МЗС кажа, што так:

(Савіных: ) “Дык гэта ж амаль нуль. Ну можа, нуль цэлых адна дзясятая”.

Спадар Савіных ня мае зьвестак, празь якую фірму прадалі гэтыя танкі — “Белзьнешпрамсэрвіс” або іншую. Гэта магла быць і “Белспэцзьнештэхніка”, і “Беларусінгандаль”, і “Белтэхэкспарт”. Аднак супраць гэтых трох кампаніяў санкцыяў ня ўводзілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG