Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЁННЫ ПРАКУРОР З ІВАЦЭВІЧАЎ СУДЗІЦЦА З ГАЗЭТАЙ


Алег Супрунюк, Берасьце

У кастрычніку мінулага году ў "Газэце для Вас", якая выдаецца ў Івацэвічах, быў надрукаваны артыкул "Калгас супраць даяркі". У ім распавядалася пра тое, як у адным зь бярозаўскіх калгасаў даярку, што атрымлівае заробак у 43 тысячы рублёў, пакаралі за быццам бы скрадзенае на фэрме малако. Даярка паскардзілася на калгаснае начальства ў пракуратуру, бо лічыць, што пакаралі яе беспадстаўна, і ніякага малака яна ня крала. Далей у артыкуле сьцвярджалася, што скарга даяркі знаходзілася ў памочніка пракурора Васіля Федчанкі восем месяцаў, але за гэты час ніякага адказу даярка з пракуратуры не атрымала. Спадаром Федчанкам пададзены пазоў, у якім ён сьцвярджае, што ня мае ніякага дачыненьня да гэтай справы і патрабуе, каб праз суд яму кампэнсавалі нанесеную маральную шкоду.

Чаму Васіль Федчанка ацэньвае нанесеную шкоду у такую вялікую cуму – 10 мільёнаў рублёў з рэдакцыі і 1 мільён з журналіста? Гэта бадай самае спрэчнае пытаньне, бо сапраўды і для рэдакцыі рэгіянальнай незалежнай газэты, і для карэспандэнткі Тамары Шчапёткінай – гэта вельмі вялікія грошы. Спадар Федчанка (які, дарэчы, ўжо не працуе ў пракуратуры Бярозаўскага раёну) тлумачыць, што газэтны артыкул паўплываў на ягоную службовую рэпутацыю, і цяпер ён ня можа знайсьці іншую працу. Акрамя таго ён сьцвярджае, што пасьля публікацыі пагоршыўся стан ягонага здароўя і здароўя сваякоў.

У рэдакцыі газэты лічаць, што гэты зыск і пазначаная ў ім сума фінансавых прэтэнзіяў да незалежнага выданьня зьявіліся невыпадкова. Мясцовыя ўлады даўно ўжо выказваюць сваё незадавальненьне зьместам газэтных артыкулаў. Сёлета супраць "Газэты для Вас" было распачата ўжо тры справы аб абароне гонару і годнасьці розных чыноўнікаў, кампэнсацыі быццам бы нанесенай ім маральнай шкоды. Але менавіта разгляд сёньняшняй справы можа мець самыя сур'ёзныя наступствы. Напярэдадні судовы выканаўца апісаў маёмасьць рэдакцыі, тое ж самае было зроблена на кватэры журналісткі Тамары Шчапёткінай. Гэта можа сьведчыць, што суд гатовы прыняць абвінаваўчае рашэньне ў дадзенай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG