У той дзень, 28 сакавіка, праблемы на мяжы ў Зьмітра Дашкевіча ўзьнікалі двойчы. Раніцай, калі ён ехаў аўтобусам зь Вільні ў Менск, беларускія мытнікі сканфіскавалі ў яго некалькі дзясяткаў асобнікаў маладафронтаўскіх дакумэнтаў і бюлетэняў. Мытнікі сказалі, што ўсе гэтыя дакумэнты будуць перададзеныя ў пракуратуру, якая павінна вызначыць, ці няма ў матэрыялах зьвестак, што абражаюць гонар Аляксандра Лукашэнкі. Таму ўвечары Зьміцер вырашыў вяртацца ў Вільню, дзе ён вучыцца ў пэдагагічным унівэрсытэце, цягніком. Што адбывалася са спадаром Дашкевічам далей ён распавёў толькі 5 красавіка, калі вярнуўся ў Менск:
(Дашкевіч: ) “Пачалося з таго, што я набываю квіток у агульны вагон, заходжу ў вагон, а там купэ вышэйшай клясы. Даехалі да мяжы, пачаўся пашпартны кантроль. Потым пашпарты спраўдзілі, і тыя людзі, што хадзілі з памежнікамі падыходзяць да мяне й кажуць: “Мы з вамі да Вільні”. І пачынаецца ў нас гутарка. Яны гавораць “А вы хто? Зьміцер Дашкевіч?” Задаюць пытаньне і самі ж на яго адказваюць. “А вы куды едзеце, у Вільню? Вучыцеся там у пэдагагічным?” Пачалі распвавядаць такія факты з маёй біяграфіі, пра якія я й сам ня ведаю.
Потым пачалі пытаць, што вязу, якой займаюся дзейнасьцю, навошта гэта трэба. Гутарка цягнулася хвілінаў дваццаць. Потым яны сказалі: “Добра, вы так не напружвайцеся, мы пойдзем”. Мэта ў іх, я думаю, была паглядзець і напалохаць. Таму, што ў хуткім часе Сойм Маладога Фронту адбудзецца, потым парлямэнцкія выбары. Я буду балятавацца і на Сойме, і на выбарах. Мэта была — напалохаць”.
Намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін лічыць, што гутарка на мяжы з Дашкеівчам і нядаўняя спроба супрацоўнікаў КГБ завэрбаваць у Мастах лідэра мясцовай суполкі Маладога Фронту Зьмітра Кухлея — зьявы невыпадковыя:
(Шэін: ) “Ня думаю, што гэта два такія супадзеньні цягам некалькіх дзён. Як мы мяркуем, што такія дзеяньні ў адносінах да сябраў Маладога Фронту зьвязана з тым, што неўзабаве адбудзецца Сойм нашай арганізацыі. На ім будзе абранае новае кіраўніцтва і прынятая стратэгія арганізацыі”.
Зьміцер Дашкевіч гаворыць, што цікаўнасьць да яго з боку спэцслужбаў не прымусіць яго адмовіцца ад палітычнай дзейнасьці.