Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВЫ ЗЬНЯВАЖЫЛІ МЯНЕ, СКАЗАЎШЫ, ШТО ВЫСОКУЮ ДЗЯРЖАЎНУЮ ПАСАДУ Я АТРЫМАЛА АД ЛУКАШЭНКІ”


Валянцін Жданко, Менск

У Беларусі за апошнія гады стала ўжо звыклым, што час ад часу то міністар, то дырэктар прамысловага гіганта, то банкір, то высокапастаўлены чыноўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі апынаюцца ў сьледчым ізалятары. Апошнімі ў гэтым шэрагу сталі былы кіраўнік дзяржаўнага тэлебачаньня Ягор Рыбакоў і былая кіраўніца прэзыдэнцкіх справаў Галіна Жураўкова. А адной зь першых у сьпісе была Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага банку, арыштаваная 14 студзеня 1997 году. 7 красавіка 1999 году спадарыня Віньнікава пры загадкавых абставінах уцякла з-пад хатняга арышту, а пры канцы таго ж году выявілася, што яна жыве ў Лёндане. Днямі Тамара Віньнікава даслала электронны ліст на Свабоду:

“Паважаны Валянцін Жданко, у адной зь перадач Радыё Свабода прагучаў падрыхтаваны вамі камэнтар, надзвычай зьневажальны для мяне, маёй сям’і”.

Далей спадарыня Віньнікава цытуе мой адказ нашаму слухачу зь Нясьвіжу Міхаілу Неўдаху, ліст якога прагучаў у аглядзе пошты 28 cакавіка. Спадар Неўдах, сярод іншага, пісаў: “Вялікая заслуга Лукашэнкі ў тым, што ў Беларусі не зьявіліся свае беразоўскія, гусінскія ды хадаркоўскія. Як толькі нехта падобны ўсплывае ды пачынае кідацца ў вочы сваім багацьцем ды сувязямі — тут жа апынаецца ў сьледчым ізалятары. Беларускімі алігархамі, відавочна, гатовыя былі стаць і Ціцянкоў, і Віньнікава, і Лявонаў, і Рахманько, і Жураўкова. Можна ўявіць, ува што ператварылася б Беларусь, калі б Лукашэнка даў ім разгарнуцца. Наша краіна і так небагатая (ніякага параўнаньня з Расеяй), а алігархі яе ўвогуле абрабавалі б і зрабілі б людзей жабракамі”.

У сваім адказе язьвярнуў увагу слухача на тое, што ён чамусьці выключае варыянт, пры якім вялікаму сацыяльнаму расслаеньню ў грамадзтве супрацьстаялі бы не прыхамаці і цьвёрдая рука прэзыдэнта, а збалянсаваная падатковая сыстэма і жорсткі кантроль за выкананьнем законаў. Я таксама заўважыў, што ўсе названыя ў лісьце асобы, якіх слухач (магчыма, не без падставаў) прылічыў да патэнцыйных беларускіх алігархаў — і Ціцянкоў, і Віньнікава, і Лявонаў, і Рахманько, і Жураўкова, свой уплыў, сувязі, доступ да рэсурсаў здабылі з ласкі менавіта Аляксандра Лукашэнкі, які прызначаў іх на высокія дзяржаўныя пасады.

Тамара Віньнікава палічыла гэты адказ зьневажальным для сябе. Яна піша:

“Мне хацелася б атрымаць ад вас, паважаны Валянцін Жданко, канкрэтныя тлумачэньні наконт кожнага зьневажальнага сьцьвярджэньня.
1. Якія сувязі былі атрыманыя мной “з ласкі менавіта Аляксандра Лукашэнкі”?
2. На якой падставе вы сьцьвярджаеце, што мяне “прызначаў на высокія дзяржаўныя пасады” Аляксандар Лукашэнка?
3. Які “доступ да рэсурсаў” і якіх менавіта быў мной атрыманы ад Аляксандра Лукашэнкі?
4. На якой падставе вы меня “прылічылі да патэнцыйных беларускіх алігархаў”?
5. Які і калі я парушыла закон, што ў выніку прывяло да “вялікага сацыяльнага расслаеньня ў грамадзтве”?

З павагай, Тамара Віньнікава”.

Даволі дзіўна, спадарыня Віньнікава, было даведацца, што вы лічыце зьневажальным для сябе сьцьвярджэньне пра тое, што на высокую дзяржаўную пасаду вас прызначыў Аляксандар Лукашэнка. Што ж, давайце вернемся на восем год назад, перагорнем старыя газэтныя падшыўкі. Такім чынам, 15 лютага 1996 году. Указ Аляксандра Лукашэнкі аб прызначэньні вас старшынёй Нацыянальнага банку Беларусі. 19 лютага Лукашэнка асабіста прадстаўляе вас калектыву Нацбанку. Многія дэмакратычныя дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня пратэстуюць: прызначэньне адбылося бяз згоды парлямэнту, як таго патрабуе Канстытуцыя. Гэтыя непрыемныя пытаньні вам задаюць на паседжаньні парлямэнцкай камісіі 22 лютага 1996 году. Вы апраўдваецеся: маўляў, кабінэт заняла, але яшчэ не старшыня праўленьня банку — толькі знаёмлюся са справамі.

Ці давайце вернемся яшчэ на год назад. Да жніўня 1996 году вы ўзначальвалі акцыянэрны камэрцыйны “Беларусбанк” — далёка ня самы буйны і ня самы багаты ў Беларусі. Але 30 жніўня 1995 году зьяўляецца указ Аляксандра Лукашэнкі, якім ваш банк аб’ядноўваецца з самым магутным у краіне Ашчадным банкам. Старшынёй становіцеся вы. Урад паводле распараджэньня прэзыдэнта прызначае Ашчадны “Беларусбанк” банкам-агентам па абслугоўваньню замежных крэдытных лініяў. Ён становіцца лідэрам сярод усіх іншых банкаў Беларусі паводле памеру актываў, аб’ёмаў выдадзеных крэдытаў і прыцягнутых сродкаў насельніцтва.

І адна, і другая пасады далі вам магчымасьць распараджацца вялікімі фінансавымі рэсурсамі, здабыць значную вагу, сувязі і ўплыў у асяродзьдзі высокапастаўленых чыноўнікаў і буйных бізнэсмэнаў. А пасады вы атрымалі з рук Аляксандра Лукашэнкі — гэта дакумэнтальна пацьверджаны факт.

Нарэшце, апошняе ваша пытаньне да мяне — пра тое, калі і які закон вы парушылі. У маім камэнтары пра гэта зусім ня згадвалася ў зьвязку з вашым імем. Хоць увогуле, калі верыць беларускай пракуратуры і прад’яўленаму вам абвінавачаньню, парушылі вы артыкул 167-ы (частку другую) Крымінальнага кодэксу (перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказную пасаду, у выніку чаго нанесены буйны ўрон дзяржаўным інтарэсам). Пагражала вам за гэта да 10 гадоў зьняволеньня. Магчыма, вы былі невінаватыя і суд стаў бы на ваш бок, а не на бок вашых абвінаваўцаў. Але суду вы, як вядома, чакаць ня сталі. Напэўна, як і многія іншыя ў Беларусі, вы не сумняваліся ў тым, якім будзе прысуд.

А ўвогуле, спадарыня Віньнікава, кароткі ліст Міхіла Неўдаха зь Нясьвіжу, як і мой кароткі адказ яму, былі зусім не пра вас — а пра тое, як успрымаюцца ў грамадзкай сьвядомасьці былыя высокія начальнікі, якіх Аляксандар Лукашэнка, спачатку прызначыўшы, потым пазбаўляе і пасадаў, і асабістай свабоды. І нашая пошта, і шматлікія сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра тое, што вельмі вялікай колькасьці насельніцтва гэта падабаецца. Незалежна ад таго, якія аргумэнты агучвае Аляксандар Лукашэнка, даючы санкцыю на арышты, і якія контараргумэнты выказваюць потым, пасьля судоў і турмаў, ягоныя былыя сябры і паплечнікі, што ператварыліся ў ягоных жа зацятых ворагаў.

Ліст ад настаўніка Андрэя Забалоцкага з Полацку. Слухач разважае пра тое, што хвалюе цяпер многіх у сьвеце — нарастаньне пагрозы тэрарызму. Спадар Забалоцкі піша:

“На маю думку, праблема тэрарызму створана штучна. Вазьміце хоць бы ўзаемадачыненьні Палестыны і Ізраілю. Дзяржаўныя дзеячы Ізраілю сьцьвярджаюць, што палестынцы — тэрарысты. А што ім застаецца рабіць, калі ізраільскія танкі і гарматы, гелікоптэры і самалёты разбураюць дамы, забіваюць іх дзяцей? Іншы прыклад — Гішпанія. Апошнія падзеі там — гэта расплата за ўдзел Гішпаніі ў акупацыі Іраку. А за што бамбілі Югаславію? За што судзяць Мілошавіча? Судзіць трэба генсэка НАТО, прэзыдэнта ЗША, прэм’ера Вялікабрытаніі. А па-вашаму атрымліваецца: хто дужы, за тым і праўда. Дзейнічаць толькі сілай — вось ваша крэда. А чаму вы, панове, чачэнцаў не называеце тэрарыстамі? (Ня ўсіх чачэнцаў, безумоўна.) Або такі прыклад. Беларускіх партызанаў нямецкія акупанты называлі бандытамі. А бандытамі сапраўднымі былі яны самі, акупанты. У вас падвойныя стандарты. З гэтым трэба канчаць, хопіць”.

Ніякімі нібыта справядлівымі палітычнымі мэтамі, спадар Забалоцкі, ніякімі ідэаламі нацыянальна-вызвольнай барацьбы ці ісламскага адраджэньня немагчыма апраўдаць учынак самазабойцы-сьмяротніка, які ўваходзіць, абвязаны ўзрыўчаткай, у перапоўнены гарадзкі аўтобус ці вагон цягніка. У аўтобусе ў Ерусаліме едуць не ізраільскія генэралы, а ў прыгарадным цягніку на працу ў Мадрыд дабіраюцца не гішпанскія міністры. Мішэньню для сваіх бандыцкіх нападаў тэрарысты выбіраюць безабаронных і ні ў чым не вінаватых людзей. І ўжо адно гэта робіць іхныя злачынствы для любога разважлівага чалавека недаравальнымі і агіднымі.

А за выканаўцамі гэтых масавых забойстваў стаяць зусім пэўныя асобы, лідэры радыкальных экстрэмісцкіх груповак, з уласнымі палітычнымі амбіцыямі, з прагай грошай, уплыву і ўлады. Сярод іншага іхнай мэтай ёсьць ня толькі шантажаваць цывілізаваны сьвет і запалохваць людзей, але і ўплываць на грамадзкую думку дзеля таго, каб скіраваць гнеў і абурэньне людзей не на тых, хто замаўляе і ажыцьцяўляе забойствы, а на тых, хто з забойцамі змагаецца, хто спрабуе зьнішчыць цэнтры міжнароднага тэрарызму. Мяркуючы па такіх лістах, як ваш, спадар Забалоцкі, лістах часам сваёй мэты дырыжорам тэрарыстычных атак удаецца дамагчыся.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG