Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Маркевіч: “Мы жывем у краіне газэтнага кілерства”

Міхась Скобла, Менск

Настаў час аднаўленьня зьліквідаваных газэтаў: у Менску пачала ізноў выходзіць “Свабода”, у Горадні — “Дзень”. І хоць “Свабоду” не рэгіструюць, а “Дзень” не дапусьцілі ў шапікі “Белсаюздруку”, вяртаньне гэтых двух выданьняў на айчынны мэдыя-рынак абнадзейвае. Зразумела, што перашкоды ім чыніцца будуць і надалей, у мінулым месяцы “Дзень”, да прыкладу, паспрабавалі абрабаваць. Мой госьць — рэдактар адноўленай гарадзенскай газэты Мікола Маркевіч.

(Міхась Скобла: ) “Мікола, беларускія газэты і раней рабавалі, але ў вас сытуацыя неардынарная: супрацоўнік КГБ лезе ўночы ў рэдакцыю, а яго затрымлівае міліцыя. Што гэта ў вас у Горадні робіцца — свае сваіх затрымліваюць?”

(Мікола Маркевіч: ) “Мяркую, што гэта адбылося неспадзявана як для міліцыянтаў, так і для кагэбістаў. Ніхто не хацеў іх затрымліваць, але паступіў сыгнал, прыяжджае міліцэйская машына, а тут з нашых дзьвярэй выскокваюць людзі й уцякаюць. У міліцыянтаў папросту спрацаваў іх асноўны інстынкт — схапіць і даставіць у пастарунак. Праўда, потым я бачыў, наколькі міліцыянты былі ня радыя таму, што адбылося”.

(Скобла: ) “Рэдагаваная табою раней “Пагоня” была ці ня самай “зубастай” сярод апазыцыйных газэтаў. “Дзень” будзе больш памяркоўны?”

(Маркевіч: ) “Дзень” задумваўся як прадаўжальнік справы “Пагоні”. Прадаўжальнік традыцыі беларускай палітычнай высокапрафэсійнай журналістыкі, асновы якой закладаліся і ў “Свабодзе”, і ў “Нашай Ніве”, і ў “Пагоні”. Гэта дынамічная, вострая журналістыка, заснаваная на фактах, якая на чале ўсяго ставіць грамадзкі інтарэс”.

(Скобла: ) “Выйшла ўжо восем нумароў газэты. Ці ўдалося ўвайсьці ў звыклую журналісцкую каляіну?”

(Маркевіч: ) “Аснова газэты, безумоўна, закладзеная. Але трэба сказаць, што ў стратэгіі нашага разьвіцьця закладзена некалькі этапаў. Сёньня рэалізоўваецца толькі першы этап: станаўленьне выданьня і заяўка пра сябе. У пэрспэктыве мы бачым, што “Дзень” будзе 24-палосным, фармату А3 (цяпер у нас 16 палосаў). Мы ня можам упіхнуць у гэты невялікі аб’ём усе тыя задумы, якія маем, і чаго патрабуе наш чытач. Будучыня ў “Дня” ёсьць”.

(Скобла: ) “Але наўрад ці ўдасца падняць газэту, калі яна будзе друкавацца за мяжой. Губляецца апэратыўнасьць — ці не асноўны складнік посьпеху газэты”.

(Маркевіч: ) “З гарадзенскаю друкарняю ў нас падпісаная дамова, але прынятая палітычнае рашэньне выпіхнуць нас за мяжу. У Беларусі па-ранейшаму дзейнічае стратэгія “трымаць і не пушчаць”. Але гэта ня самая вялікая праблема. Самае галоўнае — калі існуе грамадзкая запатрабаванасьць у газэце. А яна ёсьць. Я бачу, як літаральна кожны тыдзень газэта павялічвае свой аб’ём, кола сваіх сяброў: людзі прыходзяць, раяцца, пішуць лісты. А калі ёсьць сацыяльны заказ на такое выданьне, мы ўсё пераадолеем.

Дарэчы, у нас заключаныя дамовы ня толькі з друкарамі, але і з экспэдытарамі, зь “Белсаюздрукам”. І гэтыя дамовы й сёньня не разарваныя, і мы ня хочам іх разрываць, яны папросту ня выконваюцца не па нашай віне. І мы думаем, што ўрэшце здаровы сэнс пераможа, і вольнае слова ўкараніцца й тут. І ўсе мы вернемся й будзе выдавацца тут: і “Дзень”, і “БДГ”, і “Салідарнасьць”, якія таксама вымушаныя друкавацца ў эміграцыі. Што да нас, то мы не сядзелі склаўшы рук і арганізавалі альтэрнатыўную падпіску сіламі рэдакцыі. Штотыдзень у нас большае на 200–220 падпісчыкаў. Гэта сьведчыць, што ў газэты ёсьць устойлівая пазытыўная дынаміка. Я заклікаю ўсіх прыйсьці й падпісацца на “Дзень” — гэта будзе самы лепшы адказ тым цемрашалам, якія хочуць загубіць беларускамоўную газэту”.

(Скобла: ) “Што да беларускамоўнасьці. Ці спрыяе папулярнасьці газэты яе дзьвюхмоўнасьць? Вось рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч лічыць, што спрыяе”.

(Маркевіч: ) “Гэта абсалютна памылковае рашэньне — рабіць дзьвюхмоўную газэту. Асабліва ў нашай сытуацыі. Дзьвюхмоўны “Дзень” сёньня быў бы здрадай нашай прынцыпам. Сёньня дастаткова беларускамоўных чытачоў, людзей, якія патрабуюць беларускамоўнай інфармацыі. Раз ёсьць попыт на рынку, павінна быць і прапанова. І “Дзень” акурат і ёсьць гэткай прапановай”.

(Скобла: ) “Апошнім часам новых грамадзка-палітычных выданьняў у Беларусі амаль не зьяўляецца. Як бы ты ацаніў сытуацыю на айчынным мэдыя-рынку?”

(Маркевіч: ) “Нягледзячы на ўсю жахлівую сытуацыю зь незалежным друкам, якая ўтвораная літаральна некалькімі чыноўнікамі з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі, усё насамрэч ня так катастрафічна. Нас 10 мільёнаў, і два-тры чалавекі ня здольныя задушыць праяваў вольнага духу мільёнаў. У беларусаў ёсьць вялікі патэнцыял трываласьці, вытрываласьці й пазытыўных дзеяньняў. І гэты пазытыўны патэнцыял будзе даваць пра сябе знаць як толькі наступіць хоць бы невялічкая адліга ў палітычным, грамадзкім жыцьці. Я ведаю, што толькі ў Горадні высьпявае некалькі беларускамоўных мэдыйных праектаў. І як толькі зьявяцца спрыяльныя абставіны, яны выбухнуць, як кветкі вясною”.

(Скобла: ) “Мне заўсёды было незразумела, навошта ўлада так апантана ваюе з малатыражнымі незалежнымі выданьнямі? Якую пагрозу для дзяржаўнага ладу можа ўяўляць газэта накладам 2–5 тысяч асобнікаў — у параўнаньні з усёй дзяржаўнай прапагандысцкай машынай? Ці не было б больш разумна й мудра не зьнішчаць, а трошкі дапамагаць?”

(Маркевіч: ) “Ты кажаш — больш разумна і мудра. Дык разумныя й мудрыя крокі робяць разумныя й мудрыя людзі. А тыя людзі, якія інакш ня ўмеюць і ня хочуць, яны робяць так, як сёньня. Я абсалютна нязгодны з тым, што газэты зь невялікімі накладамі для такіх людзей не ўяўляюць небясьпекі. Гэта часовыя людзі, яны ня бачаць сябе ў стратэгічнай пэрспэктыве кіраўнікамі гэтай краіны, гаспадарамі гэтай зямлі. Яны выдатна разумеюць, што іхны патэнцыял вычарпаны літаральна некалькімі гадамі. І дзеля таго, каб забясьпечыць сабе спакой на гэтыя некалькі гадоў, яны гатовыя патушыць усе сьвечкі, каб было цёмна. І яны выдатна разумеюць яшчэ адну акалічнасьць, якую некалі разумеў і Ульянаў-Ленін. Як вядома, дэвізам ягонай газэты былі словы: “З іскры ўзгарыцца полымя”. Каб зьнішчыць любую альтэрнатыўную думку, гэтыя людзі й зачышчаюць інфармацыйную прастору. Мы жывем у краіне газэтнага кілерства. Але гэта, я хачу яшчэ раз падкрэсьліць, абсалютна часовая зьява. І яна можа мець толькі часовыя вынікі. У доўгатэрміновай пэрспэктыве такая палітыка прынясе толькі ганьбу тым, хто яе ажыцьцяўляе, робіць гэтыя брудныя справы”.

(Скобла: ) “Мікола, ты рэдактар са стажам, спрактыкаваны журналіст, які вымушаны ўвесьчасна змагацца, каб захаваць газэту. А каб не перашкаджалі, а ўсё дазвалялі: і друкавацца, і распаўсюджвацца, якой яна была бы — ідэальная газэта рэдактара Маркевіча?”

(Маркевіч: ) “Я часам заплюшчваю вочы, і бачу, як іду па Горадні, і ў кожным газэтным шапіку ляжыць газэта “Дзень”, да таго часу, думаю, яна верне сабе назву “Пагоня”. Гэта каляровая 24-палосная газэта, за якую ня садзяць у турму — вясёлая, аптымістычная, глыбокая, аналітычная, інфармацыйная, прыгожая, дружалюбная для ўсіх грамадзянаў нашай краіны газэта”.
XS
SM
MD
LG