Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ЗША ВЫКАЗВАЕ ЗАНЕПАКОЕНАСЬЦЬ ДЗЕЯНЬНЯМІ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ

Ул. інф.

У заяве адзначаюцца наступныя факты – распачынаньне крымінальных справаў супраць супрацоўнікаў Беларускага Хэльсынскага камітэту, супраць старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, затрыманьні вядомых палітыкаў, націск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

Такія дзеяньні, гаворыцца ў прэс-рэлізе, парушаюць міжнародныя забавязаньні Беларусі абараняць і датрымліваць правы чалавека. Больш таго, такія дзеяньні выклікаюць сур’ёзныя пытаньні наконт абяцаньня беларускіх уладаў забясьпечыць свабодныя і справядлівыя парлямэнцкія выбары ў адпаведнасьці з нормамі АБСЭ. Амбасада ЗША заклікае беларускае кіраўніцтва забясьпечыць гарантаваныя беларускімі і міжнароднымі законамі правы грамадзянаў і спыніць гэтыя захады супраць грамадзянскай супольнасьці.

У дакумэнце таксама нагадваецца, што ў сваёй нядаўняй сумеснай заяве ЗША і Эўразьвяз шчыра заахвоцілі Беларусь далучыцца да супольнасьці дэмакратычных нацыяў у падтрымцы ўсеагульных каштоўнасьцяў дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды слова.

Для прадухіленьня далейшай самаізаляцыі Беларусі амбасада ЗША заклікае беларускае кіраўніцтва спыніць рэпрэсіўныя дзеяньні супраць грамадзянскай і палітычнай супольнасьці – гаворыцца ў прэс-рэлізе амбасады ЗША ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG