Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: КАЛЬВЫ, ЛЯШЧОТКІ, ШЛЯГА, БЕЛАРУННАЕ АДЗЕНЬНЕ


Юрась Бушлякоў, Менск

Днямі слухач папрасіў патлумачыць паасобныя словы з Коласавай паэмы “Новая зямля”. Гаворка тут пра лексыку, якой слухач не знайшоў у даступных яму слоўніках.

(Слухач:) “У 14-ым разьдзеле Колас піша: “…скрозь беларуннае адзеньне”. Няясны мне колер. Як гэта – беларуннае? Далей, у 8-ым разьдзеле: “Як бы каваў ён словы шлягай”. Тут слова шляга для мяне няяснае – не знаходжу ў сваіх слоўніках. У 7-ым разьдзеле: “У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі”. Што гэта – ляшчоткі? У 25-ым разьдзеле: “Па струнах-кальвах пальцы граюць”. Тут няяснае слова кальвы. Калі ласка, патлумачце”.

У Коласавай паэме “скрозь беларуннае адзеньне У багне неба ясна-сіняй Ступае сонца, як багіня”. У першасным значэньні беларуннае адзеньне – тое, якое зь белага руна, белай руны. Руном, рунаю або яшчэ руньню называюць авечую шэрсьць – воўну.

Слова нямецкага паходжаньня шляга (Schlägel) абазначае прыладу, пры дапамозе якой трамбуюць глебу, выраўноўваюць паверхню. Шляга ня раз уплеценая ў Коласаву паэтычную мову. У “Новай зямлі”“Міхал сьпяваў баском спавагу, Як бы каваў ён словы шлягай. Назоўнік шляга падаюць сучасныя слоўнікі літаратурнай мовы – можам сьмела ўжываць яго ў сваім маўленьні.

Ляшчоткі – гэта раздвоеная з аднаго канца дошчачка або тонкія дашчаныя накладкі. Ляшчоткамі нешта заціскаем, фіксуем. Пры пераломе руку або, скажам, нагу бралі ў ляшчоткі, ці, іначай кажучы, лубкі. Дзядзька Антось, “бы ў ляшчоткі, браў у зубы клёцку.

І, нарэшце, колькі словаў пра ўжываны Коласам назоўнік кальва. Кальва – тое самае, што й каліва – асобна ўзятая расьліна, сьцябліна, зернейка або проста малая колькасьць нечага. Сьцябліны жыта ўбачыўшы як струны, Колас напісаў: “Па струнах-кальвах пальцы граюць…”

Пры канцы згадаю яшчэ пра слоўнік, карысны пад рукою чытачу Коласавых, дый ня толькі Коласавых, твораў. Нядаўна выйшаў і прадаецца цяпер “Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа”. Побач з фактамі літаратурнай мовы, а таксама зь відавочнымі русіцызмамі й палянізмамі аўтаркі слоўніка Ганна Арашонкава й Надзея Чабатар зьмясьцілі нямала сапраўды адметнай беларускай лексыкі. Так што кожнаму, хто хоча глыбей ведаць нашую мову, гэты слоўнік прыдасца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG