Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

2 красавіка 1996 году ў Маскве Аляксандар Лукашэнка з Барысам Ельцыным падпісваюць дамову пра ўтварэньне “Супольнасьці Беларусі і Расеі”. З гэтага моманту афіцыйны Менск уносіць у календары пад датай 2 красавіка Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі, а па ўсёй Беларусі ў гэты дзень адбываюцца акцыі пратэсту супраць пагрозы незалежнасьці краіны. У той самы дзень, у 1996 годзе ў Менску прайшла маніфэстацыя, у якой узялі ўдзел ад 30 да 50 тысяч чалавек. Сваімі акцыямі пратэсту адзначае кожнага разу 2 красавіка легендарны Мірон, які вывешвае ў недасяжных месцах нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Таксама незвычайная акцыя адбылася 2 красавіка 1996 году ў Магілёўскім пэдагагічным унівэрсытэце, студэнты якога наладзілі збор подпісаў “за далучэньне Магілёва да Швэцыі”.

Цяпер пра падзеі даўнейшае гісторыі. Першая зь іх тычыцца Калоскай Барысаглебскай царквы ў Горадні – аднаго з найкаштоўнейшых каменных помнікаў архітэктуры Беларусі. 2 красавіка 1853 году ў выніку апоўзьня паўднёвая сьцяна гэтага храма абвалілася з высокага берагу ў Нёман. Пазьней на тым месцы збудавалі драўляную сьцяну, зь якой 800-гадовы пакалечаны храм дайшоў ажно да нашых дзён. Кожны, каму даводзілася любавацца Каложай, назаўсёды запомніў і гэтае яе калецтва.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 2 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня самага знакамітага каханка-авантурыста Джавані Казанову; дацкага казачніка Ганса Крыстыяна Андэрсана; францускага скульптара, які стварыў нью-ёрскую статую Свабоды, Фрэдэрыка Бэртольдзі і францускага пісьменьніка Эміля Заля.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

3 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячае кнігі. Добрая нагода бацькам набыць для сваіх гадаванцаў беларускую кніжку.

3 красавіка 1940 году – чорная дата ў гісторыі сталінскага СССР. У гэты дзень аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. Агульны лік ахвяраў 16 тысяч. Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў. У адных толькі Курапатах было замардавана каля 5 тысячаў ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі. Адзін з палонных, якому дзівам пашчасьціла выжыць – пісьменьнік Юзэф Чапскі назваў пасьля гэтага сталінскую Расею «бесчалавечнай зямлёй».

3 красавіка ў розныя гады нарадзіліся амэрыканскі празаік Вашынгтон Ірвінг, майстар апавяданьня; кінаактор Марлон Брандо, які між іншым зьняўся ў фільмах «Хросны бацька» і «Апошняе танга ў Парыжы», былы канцлер Нямеччыны Гельмут Коль і Ганна Сухоцка – першая жанчына – прэм'ер-міністар Польшчы.
XS
SM
MD
LG