Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЕНЬ СЬМЕХУ АКТЫВІСТЫ АПАЗЫЦЫІ НАЛАДЗІЛІ ПЭРФОМАНС

Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя праходзіла побач зь менскім Камароўскім рынкам і ў ёй удзельнічала дзесяць чалавек - у асноўным актывісты АГП, сацыял-дэмакратычнай “Народнай грамады” й руху “Зубр”. Гэтыя людзі называюць сябе моладзевым рухам “Лімон”, а свой пэрфоманс яны праводзілі пад лёзунгам “Салодка ня будзе!”

Арганізатар пэрфомансу, актывіст АГП Алесь Карніенка так патлумачыў мэту акцыі:

(Карніенка: ) “Сёньня 1 красавіка. Я раніцай прачнуўся і разам з калегамі асэнсаваў свае старыя памылкі. Мы зацятыя апазыцыянэры са стажам некалькі гадоў змагаемся з дыктатурай. І вось сёньня нам стала зразумела, што ўсё мы рабілі ня так. Мы сябе прымусілі палюбіць Лукашэнку. І сёньня, 1 красавіка, будзем раздаваць людзям партрэты Лукашэнкі. Бо мы верым, што яны маюць лекавыя ўласьцівасьці. Вось хочацца свабоды, дэмакратыі, эканамічных рэформаў – паглядзеў на партрэт раз, другі, трэці і ўсё праходзіць. Сёньня несур’ёзны дзень, нічога сур’ёзнага ня можа быць. Я думаю, што нашай палітыцы не хапае трохі нестандартных рашэньняў, падыходаў і трошкі весялосьці”.

Хлопцы ў майках жоўтага колеру падыходзілі да мінакоў і раздавалі партрэты Аляксандра Лукашэнкі. Людзі партрэты бралі ахвотна і рэагавалі на акцыю з гумарам:

(Удзельнік акцыі: ) “Сёньня я зразумеў, што гэта мой кумір, ён мне выратаваў жыцьцё. Я стаўлю партрэт у кут, і калі ў мяне дрэнны настрой, я на яго гляджу і мне становіцца добра”.

(Дзяўчына: ) “Прыкольна!”

(Спадарыня: ) “Няхай будзе на ўсялякі выпадак”.

(Спадарыня: ) “ Чалавек жа ня вылечвае, Госпад Бог вылечвае”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ўзялі партрэт?”

(Спадарыня: ) “ Я ўзяла, але аддала назад. У мяне Бог – збаўца сьвету, і мой Госпад, які мяне вылечвае ад усіх хваробаў. А гэта ж чалавек. Хіба можа чалавек вылечваць”.

(Спадар: ) “Я за “Бацьку” галасаваў, значыць буду цяпер на яго глядзець ды цешыцца”.

Некалькі міліцыянтаў назіралі за акцыяй збоку й ня ведалі, што рабіць. Тым часам маладыя людзі раздалі партрэты і, пагутарыўшы зь людзьмі, зьніклі ў натоўпе.
XS
SM
MD
LG