На першай старонцы сёньняшняй “Нівы” Аляксей Мароз у артыкуле “Ёсьць беларускае кіно” піша пра дні беларускага кіно, якія прайшлі напярэдадні ў Гайнаўцы. “Такія мерапрыемствы – гэта найлепшы амбасадар Беларусі”, – паведаміла “Ніве” адна з наведвальніцаў паказаў беларускага кіно.
“Шкада толькі, што стужкі, якія паказваюцца для масавай публікі ў Беларусі, зробленыя на расейскай мове”, – адзначалі шматлікія беларусы з Гайнаўшчыны.
Сталыя аўтары “Нівы” пішуць пра штодзённыя справы беларусаў Беласточчыны, але закранаюць таксама падзеі шырэйшага маштабу. Віктар Сазонаў з Горадні ў матэрыяле “Дзень закаханых у Пуціна” піша пра наступствы, якія вынікаюць з таго, што Ўладзімер Пуцін застаецца кіраўніком Расеі на яшчэ адзін тэрмін. А Яўген Мірановіч ў артыкуле “Косава без сэрбаў” аналізуе апошнія падзеі, зьвязаныя з хваляваньнямі на Балканах.
“Ніва” зьмяшчае таксама інтэрвію з сусьветнавядомым навукоўцам, прафэсарам Васілём Чачугам, які нарадзіўся на Беласточчыне. Спадар Чачуга ўзгадвае, што калі ён у 1950-я гады вучыўся ў БДУ, дык многія вельмі зьдзіўляліся, што ён называе сябе беларусам. Васіль Чачуга распавядае таксама пра свае знаёмства з маладым тады Адамам Мальдзісам, які вучыўся тады на факультэце журналістыкі.
Ганна Кандрацюк ў матэрыяле “Мы на мяжы зь Беларусьсю” піша пра тое, што на Сакольшчыне, у школцы вёскі Бабікі можа ў хуткім часе вярнуцца навучаньне беларускай мовы. Для беларусаў Беласточчыны гэта вельмі важна, бо ў школах на Сакольшчыне беларуская мова ўжо даўно не вывучаецца. Але ў гэтай вёсцы настаўнікі, дзеці, а таксама прадстаўнікі самаўраду, якія хочуць вярнуць беларускую мову ў праграмы навучаньня.
На пытаньне журналісткі “Нівы”, “чаму вы вырашылі вярнуць у школу беларускую мову”, дырэктарка школы спадарыня Купнік адказала: “Мы жывем на мяжы зь Беларусьсю і найбольш кантактаў у нас з гэтай дзяржавай – там нашыя магчымасьці. Гандляваць або рэальна супрацоўнічаць мы будзем хутчэй зь Беларусяй, чым з Амэрыкай”, – сказала дырэктарка школы ў вёсцы Бабікі.