Пасьля пашырэньня альянсу Беларусь будзе мець агульную мяжу ня толькі з Польшчай, але і яшчэ зь дзьвюма краінамі НАТО — Літвой і Латвіяй. Яшчэ да другой хвалі пашырэньня блёку афіцыйны Менск неаднаразова надзвычай крытычна выказваўся наконт прасоўваньня НАТО на Ўсход. У сьвядомасьці многіх беларусаў, асабаліва старэйшага ўзросту, Паўночна-Атлянтычны блёк уяўляецца нейкім монстрам, які шчыльна наблізіўся да Беларусі і пагражае ёй. “Ці сапраўды такая пагроза існуе?” — з гэтага пытаньня пачалася мая размова з амбасадарам Францыі ў Беларусі Стэфанам Шмілеўскім. І вось што адказаў амбасадар:
(Шмілеўскі: ) “Я ведаю, што ў Беларусі існуе падобная думка, такія меркаваньні, што НАТО — гэта надзвычай агрэсіўная структура. І калі я чую такія выказваньні, мяне гэта вельмі зьдзіўляе. Я заўважыў, што падчас маіх паездак у рэгіёны Беларусі, многія, асабліва студэнцкая моладзь, гавораць мне так: “Спадар амбасадар, вось вы казалі, што Эўразьвяз — гэта надзвычай прыязная структура. Але пра НАТО вы так ня кажаце”. І я спрабую растлумачыць ім тое ж самае, што хачу цяпер патлумачыць і вам: памылкова лічыць, што НАТО — гэта нешта варожае. Паўночна-Атлянтычны альянс ёсьць дэмакратычным альянсам краінаў, якія самі зьяўляюцца дэмакратыямі.
І ў якасьці амбасадара Францыі я хацеў бы сказаць: калі б у Паўночна-Атлянтычнага альянсу былі нейкія іншыя асновы, а не дэмакратычныя, Францыя ніколі б ня стала яго часткай. Беларусь нічога ня страціць, калі стане сьведкай уваходу ў НАТО сваіх найбліжэйшых суседзяў. А вось некаторыя здабыткі ад гэтага можа мець. Не лічыце гэта парадоксам, але найбольш добрага ад гэтага атрымае армія Беларусі. НАТО гэта вельмі высокаразьвітая вайсковая структура. Дзякуючы Злучаным Штатам Амэрыкі, якія таксама зьяўляюцца часткай альянсу, вайсковыя ўзбраеньні перажылі сапраўдную рэвалюцыю. НАТО зрабіла прапановы пра партнэрства, яно завецца “Партнэрства дзеля міру”, краінам-суседзям. І я лічу вельмі пазытыўным той момант, што вайсковыя ўлады Беларусі актыўна і з задавальненьнем супрацоўнічаюць у межах гэтай праграмы. НАТО — гэта вялізарны інтэлектуальны рэзэрвуар, што тычыцца спосабаў абароны. Такім чынам, з боку НАТО не назіраецца ніякай агрэсіўнасьці, толькі пазытыўныя моманты”.
Я нагадаў амбасадару апошнія падзеі ў Косаве, дзе месьцяцца міратворцы Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Звычайны жыхар Беларусі, які глядзіць тэлебачаньне, бачыць там забойствы, сьмерць. А там, дзе НАТО няма, быццам спакойна. Можа альянс, дзеля захаваньня свайго іміджу, не павінен увогуле выконваць задачу прадухіленьня канфліктаў?
Францускі дыплямат адзначыў: калі існуюць такія непаразуменьні, то неабходна зрабіць некаторыя параўнаньні. І ён параўнаў НАТО з камандай пажарных:
(Шмілеўскі: )“Калі вы бачыце пажарных, значыць, недзе адбыўся пажар. А там, дзе іх няма, значыць, там няма і пажару. Я думаю, што такое параўнаньне найбольш пасавала бы да рэчаіснасьці”.
Падчас размовы мы згадалі нядаўнюю трагедыю ў Мадрыдзе, дзе ад рук тэрарыстаў загінулі сотні бязьвінных людзей. Адсюль наступнае пытаньне: “Ці трансфармуюцца структуры НАТО ў сувязі з пагрозай тэрарызму, якая значна ўзрасла?”
Амбасадар Францыі ў Беларусі адказаў на яго наступным чынам:
(Шмілеўскі: ) “Так, безумоўна, НАТО неабходная адаптацыя. Усе ведаюць, чаму ўзьнік альянс. Тыя пагрозы, з прычыны якіх ён ствараўся, альбо зусім зьніклі, альбо, прынамсі, затухлі. І Атлянтычны альянс, як і арміі ўсіх краінаў, патрабуе адаптыцыі да сучаснага сьвету. Цяпер існуе новая пагроза — пагроза тэрарызму. І, натуральна, адаптавацца да яе гэта вельмі складана ня толькі для НАТО, але і для арміяў усяго сьвету. І таму НАТО робіць гэта, як робяць многія іншыя структуры сьвету”.
Я спытаў спадара Шмілеўскага, ці магчымая, на ягоную думку, такая сытуацыя, калі і Беларусь зь цягам часу ўвойдзе ў НАТО ці Эўразьвяз? Амбасадар не выключае такога:
(Шмілеўскі: ) “Тэарэтычна няма нічога немагчымага. Але вы задалі такое пытаньне, якое знаходзіцца ў палітычнай вобласьці. Калі заходзіць гаворка аб уваходзе ў НАТО альбо Эўразьвяз, ніколі не гавораць пра прымусовы ўступ. Гэта заўжды пытаньне свабоднага выбару, гэта як уступіць у нейкі клюб. Калі мы хочам уступіць у клюб, то мусім выконваць усе правілы, якія ў ім існуюць. Я яшчэ раз хачу падкрэсьліць — НАТО, Эўразьвяз, гэта тыя структуры, якія аб’ядноўваюць дэмакратычныя краіны. І калі беларускі народ зробіць свой дэмакратычны выбар, то чаму бы і не?”