Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ АМБАСАДАР У РЫЗЕ: “БОЛЬШ ЗА 40% НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ — ЭТНІЧНЫЯ РАСЕЙЦЫ”


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля таго, як новы міністар культуры Латвіі Хелена Дэмакава заявіла, што, пакуль пры ўладзе ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка, яна ніколі ня прыме яго амбасадара ў Рызе, гэты амбасадар Вадзім Ламкоў быў запрошаны ў жывы эфір рыскай расейскамоўнай радыёстанцыі МIX FM 102,7. Там амбасадар Ламкоў заявіў: “Да міністра культуры пытаньняў ня маю, на прыём, вядома, не запісваўся”.

Але на пытаньне аб рэакцыі Беларусі на правядзеньне ў лютым Рыскага форуму, дзе абмяркоўвалася беларуская сытуацыя ды прысутнічала беларуская апазыцыя, Вадзім Ламкоў адказаў: “Мы маем права адэкватна рэагаваць на ініцыятыву МЗС Латвіі й сур’ёзна разглядаць пытаньне аб правядзеньні ў Менску міжнароднай канфэрэнцыі з удзелам прадстаўнікоў ААН, АБСЭ ды іншых уплывовых арганізацыяў, падчас якой магла б быць разгледжаная праблема выкананьня дэмакратычных правоў і свабодаў нацыянальных меншасьцяў у Латвіі”.

Стэнаграму гэтага жывога эфіру зьмясьціла на сваім сайце МЗС Беларусі, таму я спытаўся ў яго прэсавага сакратара Андрэя Савіных, калі можа быць праведзеная Менская канфэрэнцыя ў справах Латвіі.

(Савіных: ) “Ідэя такая гучала. Яна яшчэ не атрымала якога-небудзь арганізацыйнага афармленьня, то бок рашэньне ў гэтым пытаньні не прынятае і казаць пра тое, што яна пройдзе ў нейкія тэрміны, заўчасна”.

Аднак яшчэ большае непаразуменьне ў Латвіі выклікала іншая цытата з інтэрвію беларускага амбасадара Вадзіма Ламкова. На пытаньне, як ажыцьцяўляецца нацыянальная палітыка ў Беларусі, ён адказаў: “Такога пытаньня ў маёй краіне вы не пачуеце, таму што яно вырашанае ў прынцыпе. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці беларус, і калі пасьля перамогі сталі аднаўляць народную гаспадарку, у Беларусь прыехала вельмі шмат людзей з усяго Савецкага Саюзу. Сёньня больш за 40% насельніцтва краіны — этнічныя расейцы”.

Вось як пракамэнтавала гэтую заяву беларускага амбасадара ў Рызе міністар культуры Латвіі Хелена Дэмакава, якая раней наведвала Менск у складзе адмысловай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а цяпер займаецца пытаньнямі культуры ў тым ліку й беларускай меншасьці Латвіі — другой па колькасьці пасьля расейцаў:

(Дэмакава: ) “Я зьдзіўленая гэтымі лічбамі. Гэта вельмі дзіўныя лічбы — я заўсёды ведала іншыя. Ёсьць пэўная міжнародная статыстыка, якой я веру. Мне здаецца, што трэба прафэсійным дыпляматам камэнтаваць. Але мне здаецца гэта дзіўным як чалавеку, які мае іншую статыстыку”.

Як і міністар культуры Латвіі, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных спаслаўся на іншую статыстыку:

(Савіных: ) “Вы ж ведаеце, што інтэрвію амбасадара, як правіла, уключае ў сябе, скажам так, асабісты пункт погляду. Афіцыйная статыстыка па гэтым пытаньні вядомая. Колькасьць этнічных расейцаў у Рэспубліцы Беларусь, па-мойму, удвая меншая, чым заяўлена”.

Насамрэч афіцыйны сайт МЗС Беларусі паведамляе, што колькасьць расейцаў амаль у чатыры разы меншая ў параўнаньні са зьвесткамі амбасадара Ламкова. “Паводле перапісу насельніцтва 1999 году, у Беларусі пражывае больш за 1142 тыс. расейцаў (11,4% ад усяго насельніцтва рэспублікі) — зазначае сайт МЗС і дадае: — Пераважная большасьць расейцаў у значнай ступені раствораная ў беларускім этнічным атачэньні”.

Міністар культуры Латвіі Хелена Дэмакава мяркуе, што беларускія ўлады й беларуская культура — гэта розныя паняцьці:

(Дэмакава: ) “Я вельмі высока цаню беларускую культуру, асабліва люблю Васіля Быкава. Незадоўга да ягонай сьмерці гэтая адміністрацыя яго там аблаяла — я сама чытала інтэрвію, што ён нешта ня так піша. Маё стаўленьне да рэжыму ня мае нічога агульнага з маім стаўленьнем да беларускага народу або культуры”.

Спадарыня Дэмакава распавяла, што ў гэты чацьвер брала ўдзел у запісе тэлеперадачы, падчас якога журналіст увесь час нагадваў ёй пра заяву наконт непрыманьня амбасадара Беларусі. Але пасьля запісу, як прызналася Хелена Дэмакава, журналіст задаў апошняе пытаньне: “Дык у Беларусі ўсё ў парадку?”

(Дэмакава: ) “І я адказала: не, у Беларусі не ў парадку. Ведаеце, я не магу не прыняць беларускага амбасадара, калі ён захоча са мной пабачыцца — мы маем дыпляматычныя стасункі зь Беларусьсю. Але ў такім выпадку парадак дня сустрэчы я буду рабіць і тады яму распавядаць пра рэчы, якія адбываюцца ў ягонай краіне”.

Журналіст рыскага радыё МIX FM 102,7 Рыгор Зубараў пацьвердзіў, што беларускі амбасадар у Рызе заявіў менавіта пра 40% расейцаў у Беларусі:

(Зубараў: ) “Сьпішам на тое, што амбасадар быў стомлены, ён мае масу праблемаў прафэсійных. Ён мог памыліцца”.

Сам амбасадар Ламкоў цяпер знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Менску, аднак пракамэнтаваць Радыё Свабода сваю рыскую заяву не пажадаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG