Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ НАСТУПСТВЫ МОЖА МЕЦЬ НОВАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ НАТО?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Працэдура чарговага пашырэньня НАТО на ўсход расьцягнулася на цэлы тыдзень, выклікала супярэчлівыя водгукі. Афіцыйныя асобы і СМІ краінаў Захаду і новых сяброў альянсу лічаць, што гэтая падзея ўмацуе ваенна-палітычную бясьпеку у рэгіёне. І наадварот, у Расеі, Беларусі афіцыйныя прадстаўнікі, дзяржаўныя мэдыі ацэньваюць ўступленьне ў НАТО сямі новых сяброў як пагрозу. А як вы пракамэнтуеце гэтае пашырэньне? Якія ваенна-палітычныя, геапалітычныя наступствы для рэгіёну Цэтральнай і Ўсходняй Эўропы будзе мець гэтая падзея?”

(Павал Казлоўскі: ) “Я лічу, што любая такая сур’ёзная падзея нясе нейкія зьмены, магчымыя пагрозы. Яна ўспрымаецца нашым насельніцтвам і тымі, хто прафэсійна займаецца гэтым пытаньнем, вельмі неадэкватна. Канечне, гэта справа тых дзяржаваў, якія прынялі гэтае рашэньне, у якія зьвязы ўступаць. Прычым, рашэньне было прынятае дэмакратычна. Для Беларусі, Расеі ўспрымаць гэтую падзею больш складана. Таму што мяжа паміж Беларусьсю, Расеяй і іншымі дзяржавамі, якія не ўваходзяць у Паўночнаатлянтычны альянс, праходзіць ужо па заходняй і паўночнай мяжы нашай краіны. Таму псыхалягічна ўспрымаць гэта неяк трывожна.

Для Беларусі вялікіх пагрозаў я ня бачу. Пагрозы могуць узьнікнуць ад дачыненьняў НАТО і Расеі. Шмат залежыць ад таго, якую палітыку будзе праводзіць кіраўніцтва Беларусі. Адна сытуацыя, калі згодна з Канстытуцыяй краіна будзе рухацца да нэўтралітэту. А калі яна будзе пагражаць вярнуць назад ядзерную зброю, як гэта гучала ня так даўно, то гэта іншая сытуацыя. Таму пры нармальнай пазыцыі, калі мы будзем будаваць сваю сувэрэнную дзяржаву, ня будзем нікому пагражаць, то пагрозы для нашай краіны няма ў гэтай сытуацыі”.

(Андрэй Фёдараў: ) “На мой погляд, для Беларусі тут няма ніякай стратэгічнай пагрозы. З чыста ваеннага гледзішча, тыя краіны, якія дадаюцца цяпер да НАТО, асабліва краіны Балтыі, практычна ня маюць сур’ёзнага ваеннага патэнцыялу. І ў гэтым сэнсе ніякай дадатковай пагрозы ня ўзьнікне. Адзіная патэнцыйная пагроза для Расеі можа ўзьнікнуць ад таго, што натаўскія вайсковыя базы могуць наблізіцца да яе тэрыторыі. Але гэта таксама ня вельмі істотна. Цяпер не 19 і не пачатак 20 стагодзьдзя, калі гэтыя адлегласьці мелі вырашальнае значэньне. Што тычыцца Беларусі, то пытаньне ў тым, што нашае кіраўніцтва можа паспрабаваць выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб стварыць вобраз краіны як крэпасьці ў аблозе з усімі наступствамі. Вось гэта самая вялікая пагроза, якая можа ўзьнікнуць”.

(Карбалевіч: ) “Падчас першага пашырэньня НАТО, якое адбылося ў 1999 годзе (тады у альянс уступілі Польшча, Чэхія і Вугоршчына), рэакцыя Расеі была даволі хваравітая. Былы расейскі міністар замежных справаў Прымакоў заяўляў, што тая мяжа пашырэньня НАТО, на якое Масква можа пагадзіцца, гэта мяжа былога СССР. Калі Паўночнаатлянтычны саюз паспрабуе пашырацца далей на ўсход, то магчымы востры канфлікт, перасьцярагаў ён.

Але цяперашняе ўступленьне ў НАТО краінаў Балтыі выклікала хоць і адмоўную рэакцыю Расеі, але даволі спакойную, я бы сказаў, дзяжурную рэакцыю. Магчыма справа ў тым, што месца і роля альянсу ў міжнароднай палітыцы зьмяніліся. Яны зьменшыліся. Некаторыя кажуць пра крызыс гэтай арганізацыі. Сапраўды, падчас косаўскага крызысу ў 1999 годзе НАТО выступала як адзіная кансалідаваная сіла. У афганскім крызысе 2001 году ЗША дзейнічала бяз НАТО як структуры. А падчас ірацкай вайы 2003 году Паўночнаатлянтычны альянс увогуле раскалоўся. Некаторыя экспэрты робяць высновы, што НАТО — такі ж перажытак “халоднай вайны”, як і ААН. Можа, таму і рэакцыя Расеі такая спакойная, што яна ўбачыла слабасьць гэтага саюзу?”

(Казлоўскі: ) “Сапраўды, пасьля 1999 году прайшло шмат часу, адбылося шмат падзеяў. Найперш, тэракт у ЗША 11 верасьня, нядаўні тэракт у Гішпаніі. Усё гэта мяняе дачыненьні паміж дзяржавамі, узьдзейнічае на замежную палітыку Расеі. Сёньня тэрарызм — галоўная пагроза для міжнароднай супольнасьці. Другая прычына. Расея разьлічвае, што будзе ўзмацняцца сыстэма эўрапейскай калектыўнай бясьпекі. Моцныя эўрапейскія дзяржавы (Францыя, Нямеччына, Вялікабрытанія) выступаюць за ўзмацненьне эўрапейскага чыньніка бясьпекі. Усё гэта зьмяніла стаўленьне Расеі да пашырэньня НАТО на ўсход”.

(Фёдараў: ) “Хацеў бы дадаць да таго, што сказаў спадар Казлоўскі, яшчэ адзін чыньнік. За апошнія гады, асабліва пасьля прыходу да ўлады Пуціна, увогуле значна зьмянілася стаўленьне Расеі да НАТО. Зьмяніліся і фармальныя дачыненьні. Вядома, што створаны савет Расея–НАТО. Да гэтага часу гэта называлася “дваццатка”. Цяпер, пасьля далучэньня сямі новых дзяржаваў, гэтая структура будзе налічваць 27 краінаў. У гэтым савеце Расея мае права ўдзельнічаць у паседжаньнях НАТО ў поўным аб’ёме, але бяз права вырашальнага голасу. Але гэтая сытуацыя істотна зьмяніла сытуацыю ня толькі ў НАТО, але і ў Расеі.

Яшчэ адзін чыньнік. Пашырэньне НАТО 1999 году, супраць якога Масква моцна пратэставала, ніяк не адбілася на бясьпецы Расеі. Гэта таксама тлумачыць спакойную рэакцыю Расеі. І апошняе. Расея — ядзерная дзяржава. Таму такое пашырэньне ня можа несьці істотнай пагрозы бясьпецы краіны. Сукупнасьць гэтых чыньнікаў садзейнічала адсутнасьці моцнай трывогі ў Расеі з гэтай нагоды”.

(Карбалевіч: ) “Як бы там ні было, але чатыры самалёты НАТО ўжо знаходзяцца на дзяжурстве ў Літве. Можа, таму рэакцыя беларускіх дзяржаўных СМІ рэзка нэгатыўная. Якія наступствы для Беларусі будзе мець уступленьне ў альянс паўночных суседзяў? Можа, зьявіцца новая падстава для адраджэньня вобразу ворага ў выглядзе НАТО, і гэта будзе садзейнічаць большай жорсткасьці ва ўнутранай палітыцы? А як гэта паўплывае на беларуска-расейскую інтэграцыю?”

(Казлоўскі: ) “Тое, што ў дзень, калі ў Вашынгтоне здаваліся ратыфікацыйныя граматы аб уступленьні сямі дзяржаваў у НАТО, натаўскія самалёты-зьнішчальнікі зьявіліся на былой базе савецкай арміі пад Вільняй, стаў крокам, які выклікаў нэгатыўны водгук у грамадзкай думцы. Гэта можна было зрабіць больш спакойна і менш дэманстратыўна. Таму што ўсе СМІ паказалі гэты тэлемалюнак. На нядаўным сэмінары аб пашырэньні Эўразьвязу на ўсход ставілася пытаньне аб тым, каб Беларусь ня стала нейкім санітарным кардонам, буфэрнай зонай паміж Расеяй і НАТО. Гэта галоўная пагроза для Беларусі.

Але галоўная праблема ў той палітыцы, якую зьбіраецца праводзіць Беларусь. Калі гэтая палітыка будзе нармальная, спакойная, дэмакратычная, скіраваная на пашырэньне дачыненьняў з Эўразьвязам, НАТО (а менавіта гэта і прапануе Захад), і адначасова будуць захоўвацца саюзныя адносіны дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў Беларусі й Расеі, тады пагрозы для нашай краіны будуць мінімальныя”.

(Фёдараў: ) “Мне здаецца, што нейкіх вялікіх наступстваў для палітыкі Беларусі гэтая падзея мець ня будзе. Калі пяць гадоў таму пашырэньне НАТО, сапраўды, выклікала рэзкую рэакцыю Беларусі, паўплывала на ўзмацненьне інтэграцыі з Масквою, у тым ліку вайсковай, гучалі моцныя выказваньні аб “монстры”, які падпаўзае да нашых межаў, то цяпер зьяўленьне НАТО на паўночных межах нічога новага не дадасьць. Таму і рэакцыя Менску больш спакойная. Што тычыцца уплыву на дачыненьні з Расеяй. Калі ўлічыць, што і Расея ставіцца больш спакойна да пашырэньня НАТО, то магчымасьць гуляць на гэтым полі невялікая. Вайсковы зьвяз Беларусі і Расеі існаваць будзе. Але галоўныя праблемы паміж дзьвюма краінамі — у эканоміцы. Таму вынікі пашырэньня ня вельмі моцна паўплываюць на замежную палітку Беларусі. Ва ўнутранай палітыцы можна чакаць антызаходняй і антынатаўскай прапагандысцкай хвалі. Але і яна будзе меншая, чым пяць гадоў таму”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна адзначыць, што рэальныя пагрозы і ўяўленьні аб гэтых пагрозах — гэта розныя рэчы. Асабліва калі ў існаваньні штучнай пагрозы зацікаўленыя пэўныя палітычныя сілы. Хоць пашырэньне НАТО на ўсход, на мой погляд, не зьяўляецца рэальнай небясьпекай для краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, але яно можа быць выкарыстана для нагнятаньня напружанасьці як у рэгіёне, так і ўнутры Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG