Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАМУ ХЭЛЬСЫНСКАМУ КАМІТЭТУ ЗЬМЕНШЫЛІ ШТРАФ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сталічная падатковая інспэкцыя адмяніла рашэньне аб спагнаньні зь Беларускага Хэльсынскага камітэту 380 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафных санкцыяў. Нагадаю, менавіта нявыплата гэтай сумы, якая Крымінальным кодэксам разглядаецца як асабліва вялікая, стала прычынай узбуджэньня крымінальнай справы супраць старшыні БХК і галоўнага бугальтара арганізацыі. Аднак крымінальная справа супраць іх не адмененая.

Раённай падатковай службе загадана толькі пералічыць доўг БХК з улікам новага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, якім быў зьменшаны памер штрафных санкцыяў зь юрыдычных асобаў, што не сплацілі падаткаў. Пералік мусяць завершыць да 5 красавіка. Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла ўжо назваў новую суму, якая, магчыма, будзе выстаўленая арганізацыі. Замест 380 мільёнаў праваабаронцы чакаюць, што зь іх запатрабуюць прыблізна 110–120 мільёнаў рублёў.

(Паганяйла: ) “Гэта прынцыпова не мяняе становішча. Мяркуем, крымінальная справа будзе ісьці сама сабой. А мы цяпер рыхтуем пазоў у Гаспадарчы суд, і спадзяемся, што ягонае рашэньне расставіць кропкі над “і”, зразумела, калі суд будзе справядлівы”.

Беларускі Хэльсынскі камітэт ужо зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру, якая назірае за крымінальнай справай супраць кіраўнікоў камітэту. Нагадаю, гэтую справу вядуць сьледчыя Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту Дзяржкантролю. У скарзе праваабаронцы ў тым ліку інфармуюць пра парушэньні з боку сьледчых. Аднак адказ на гэтую скаргу пакуль не атрыманы. У БХК паведамілі, што яны падалі ўсе дакумэнты, якія запатрабавала сьледзтва. На допыты супрацоўнікаў БХК пакуль не выклікалі.

Тым часам 30 сакавіка амбасада Францыі ад імя Эўразвязу распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала беларускія ўлады спыніць крымінальны перасьлед кіраўнікоў БХК. Падзеі вакол праваабарончай арганізацыі расцэненыя ў гэтай заяве як “доказ пагаршэньня палітычынага становішча ў краіне напярэдадні выбараў у кастрычніку”. Паводле старшыні БХК Тацяны Процькі, падтрымку праваабаронцам выказалі ўсе амбасадары краінаў Эўразвязу, якія маюць рэзыдэнцыі ў Менску. Пакінулі без увагі гэтую сытуацыю толькі амбасадары краінаў СНД, адзначыла Тацяна Процька.
XS
SM
MD
LG