“Ад сёньня ў Беларусі пачаўся рынак твораў мастацтва”, — мяркуе адзін з арганізатараў аўкцыёну, мастак Леанід Хобатаў. Дагэтуль мастакі і калекцыянты шукалі адзін аднаго, як кажуць, у прыцемках. Рынак твораў мастацтва заставаўся паўлегальны, адпаведна разьвіваўся марудна.
Аўкцыён 31 сакавіка арганізатары лічаць вельмі ўдалым. З трохсот выстаўленых працаў былі прададзеныя каля 20%. Самая дарагая карціна — аўтарства Аляксандра Ісачова — каштавала 5 тысяч даляраў.
Мастак Аляксей Марачкін — адзін з тых, хто выставіў на аўкцыён свае працы:
(Марачкін: ) “Гэты аўкцыён ёсьць прарывам у нашым чырвона-зялёным балоце. Гэта спрацуе тады, калі хаця бы дзьве-тры карціны прадаліся б за агромністыя грошы”.
Арганізатары аўкцыёну ўпэўненыя, што ў Беларусі багата людзей, гатовых укладаць грошы ў творы мастацтва:
(Хобатаў: ) “Яны ёсьць, і ніхто не зьбіраецца хаваць грошай, бо гэта афіцыйнае прадпрыемства. З падаткамі ўсё спарадкавана. І той, хто мае грошы, можа разабрацца, як іх патраціць так разумна, каб была гарантыя. Бо мы гарантуем прафэсійны ўзровень. Гэта самае галоўнае”.
У аўкцыёне ўзялі ўдзел творы ня толькі вядомых, але і мноства маладых мастакоў. Ацэньвае творы экспэртная камісія, у якую ўваходзяць Леанід Хобатаў, Фёдар Ястраб, дырэктар галерэі Палацу Рэспублікі, Эрцэ Фэрнара, дырэктар адной з італьянскіх галерэяў, а таксама ачольнік прадстаўніцтва карпарацыі “Siеmens” у Беларусі Алекс Гёбэке.
Аўкцыён вёў Арсень Лабанаў, першы аўкцыяніст СССР. Запрошаны папулярны расейскі тэлевядоўца Леанід Якубовіч удзелу ня ўзяў.
(Марачкін: ) “Беларусь з боку афіцыйных структураў ператварылася ў правінцыйны задворак расейскіх куміраў. Вось чаму арганізатары гэтага аўкцыёну запрасілі Якубовіча”, — мяркуе Аляксей Марачкін.
Сёлета антыкварна-аўкцыённы дом “Парагіс” плянуе зладзіць аўкцыёны ў траўні, верасьні і сьнежні. Яны будуць прысьвечаныя сучаснаму мастацтву, антыкварыяту і рарытэтам.