Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што падпісанае ў сераду двухбаковае пагадненьне аб вольным гандлі дасьць магчымасьць прадаваць больш беларускіх ды азэрбайджанскіх тавараў.
(Сідорскі: ) “Ня будуць прымяняцца мытныя пошліны, дадатковыя падаткі, плата за перасячэньне межаў паміж нашымі дзяржавамі. Такім чынам, выторцам мы стварылі ўмовы для нарошчваньня гандлёвага абароту паміж нашымі краінамі”.
Летась беларуска-азэрбайджанскі тавараабарот склаў усяго 10 з паловай мільёна даляраў, прычым сальда для Беларусі было станоўчым — на суму 7 мільёнаў даляраў, а імпарт з Азэрбайджану скараціўся. Аднак Артур Расі-задэ сказаў, што найбліжэйшым часам фінансавыя магчымасьці Азэрбайджану рэзка павялічацца ў зьвязку з пачаткам распрацоўкі новых радовішчаў нафты ды эксплюатацыі нафтагазаправоду. Азэрбайджанскі прэм’ер заявіў пра цікавасьць ягонай краіны да беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі й наведаў увечары Менскі трактарны завод і МАЗ.
Першы віцэ-прэм’ер Азэрбайджану Абас Абасаў заявіў у Менску, што Баку мае валютныя запасы на суму больш як 2 мільярды даляраў, што перавышае штогадовы бюджэт Азэрбайджану. Апрача трактараў, азэрбайджанцы гатовыя купляць беларускія лядоўні й маразільнікі, што засьведчыў візыт урадавай дэлегацыі на менскі завод “Атлянт”.
Адметна, што раней Беларусь збольшага разьвівала стасункі з Армэніяй. Хаця шмат гадоў існуе так званая Менская група АБСЭ, якая мусіць разьвязаць азэрбайджанска-армянскі канфлікт вакол Нагорнага Карабаху, яна ніколі не зьбіралася ў Менску. У склад групы ўваходзіць Беларусь, але яна заўсёды займала праармянскую пазыцыю, таму Баку не жадае, каб беларускі бок браў сур’ёзны ўдзел у працы Менскай групы АБСЭ.
Нагадаю, што адразу пасьля прылёту ў Менск азэрбайджанскі прэм’ер накіраваўся ў менскі комплекс “Журавінка”, які знаходзіўся пад узмоцненай аховай. Там увечары ў аўторак Артур Расі-задэ сустракаўся з кіраўніцтвам грамадзкай арганізацыі “Кангрэс азэрбайджанскіх суполак Беларусі”. Сустрэча адбылася напярэдадні Дня генацыду азэрбайджанскага народу, які адзначаецца ў Азэрбайджане 31 сакавіка. Спадар Расі-задэ падарыў кангрэсу карціну з выявай Баку.
Варта нагадаць, што Беларусь і Армэнія ўваходзяць у Дамову аб калектыўнай бясьпецы краін СНД, прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка і Робэрт Качаран езьдзяць адзін да аднаго зь візытамі. Толькі ў жніўні 2001 году адбыўся першы афіцыйны візыт беларускага прэм’ера ў Баку — тады ім быў Уладзімер Ярмошын. Праз год Азэрбайджан акрэдытаваў свайго амбасадара ў Менску і стварыў офіс амбасады (самой амбасады няма, як і беларускай амбасады ў Баку). Пасьля прэм’ера Ярмошына ў Баку езьдзілі толькі два высокія беларускія чыноўнікі — кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова на сустрэчу з калегамі зь іншых краін СНД і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў, які прысутнічаў на інаўгурацыі новага прэзыдэнта Азэрбайджану Ільгама Аліева.