Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ УВЯДЗЕНЬНЯ ЛІЦЭНЗІЯЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У 11 гадзінаў прадпрымальнікі пачалі зьбірацца на плошчы Леніна перад гарвыканкамам. Адразу зьявіліся міліцыянты, сталі людзей выганяць. Яны перайшлі ў парк, які побач. Колькасьць незадаволеных пачала імкліва павялічвацца. Іх было ўжо чалавек трыста, калі прыйшоў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка. Яму пачалі задаваць пытаньні, і тады ён запрасіў усіх у залю паседжаньняў выканкаму.

У памяшканьні сабраліся прыблізна пяцьсот прадпрымальнікаў. Начальства прачытала ім умовы атрыманьня ліцэнзіі, чым ніяк не задаволіла прысутных. Калі яны пакідалі гарвыканкам, перад уваходам знаходзілася мноства міліцыянтаў. Людзі імкнуліся хутчэй разысьціся. Адзін з прадпрымальнікаў мне патлумачыў, што яны дамовіліся не здаваць дакумэнтаў на ліцэнзію, а сёньня якраз быў апошні дзень здачы. Ён лічыць, што ліцэнзаваньне ставіць крыж на прадпрымальніцкай дзейнасьці. Патрэбныя будуць дэклярацыі аб паходжаньні тавару, а ён закупляецца на рынках у суседніх краінах, дзе атрымаць такія дакумэнты немагчыма.

Шмат хто з прадпрымальнікаў настроены, што з 1 траўня, хутчэй за ўсё, ім давядзецца прыпыніць сваю дзейнасьць і застацца бяз працы. Паколькі ўсіх, хто будзе безь ліцэнзіі, пачнуць штрафаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG