Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА — У НОВАЙ КНІЖНАЙ СЭРЫІ


Валянціна Аксак, Менск

Ідэя выданьня сэрыі кнігаў, прысьвечаных жыцьцю, справам, лёсам беларусаў, якія апынуліся за межамі радзімы, узьнікла яшчэ ў 1993 годзе на Першым зьезьдзе беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Але з розных прычынаў пачаць яе рэалізацыю ініцыятары змаглі толькі цяпер. Гаворыць старшыня Рады згуртаваньня Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Гэта тэма, якая сапраўды дасьледаваная вельмі слаба і якую трэба дасьледаваць. У нас жа вялікая эміграцыя і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і ў іншых краінах… Хацелася б напісаць і пра беларусаў Бэльгіі, і пра беларусаў Канады. Тут, канечне, поле для дзейнасьці вялікае і магчымасьці неабмежаваныя…”

Першая ж кніга “Бібліятэкі Бацькаўшчыны” прысьвечаная беларусам Францыі. Яе назва: “Месца выданьня — Парыж”. Кніга складзеная з выбраных публікацыяў знакамітага ў свой час часапісу “Моладзь”, які выдавалі маладыя беларусы ў Парыжы ў 1948–54 гадох. У ім адлюстравалася няпростае жыцьцё паваеннае эміграцыі ў Францыі. З гэтае кнігі паўстае яскравы і почасту трагічны лёс цікавых асобаў, пра якіх сёньняшняе пакаленьне амаль нічога ня ведае. Усе матэрыялы перадаў у “Бацькаўшчыну” і фундаваў выданьне адзін з заснавальнікаў і выдаўцоў “Моладзі” знакаміты парыскі беларус Міхась Наўмовіч, які некалькі тыдняў не дажыў да выхаду кнігі.

Рыхтуюцца да выданьня некалькі наступных тамоў “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”. Гаворыць Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Ёсьць такая вялікая надзея, што ў гэтым годзе пабачыць сьвет яшчэ адна кніга. Гэта будзе кніга пра беларускую эміграцыю Аўстраліі.Таксама ёсьць у нас у плянах і напісаньне кнігі пра беларускую эміграцыю Вялікабрытаніі”.

У наступныя гады ў плянах “Бацькаўшчыны” выданьне кнігаў пра канадыйскую, бэльгійскую ды і іншыя беларускія паваенныя замежныя асяродкі, бальшыню якіх утваралі маладыя патрыёты, якія не скарыліся з бальшавіцкаю акупацыяй радзімы.

У кнізе пра францускіх беларусаў, якая будзе прэзэнтавацца ў пятніцу, уразілі словы звароту да чытачоў часопісу “Моладзь” аднаго зь ягоных заснавальнікаў Янкі Філістовіча: “Мы, беларуская моладзь у Францыі, дэкляруем аддаць усе свае сілы, а калі зайдзе патрэба — аддамо і жыцьцё, каб жыла Беларусь…” Гэтыя словы беларускага юнака мелі драматычны працяг: Янка Філістовіч сапраўды аддаў жыцьцё за Беларусь. Вярнуўшыся таемна на радзіму, каб узьняць тут антыбальшавіцкае змаганьне, ён загінуў у засьценках НКВД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG