У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 году ў Беларусі праводзяцца масавыя арышты вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, якія ваявалі супраць гітлераўскай Нямеччыны на баку саюзьнікаў, а пасьля вярнуліся дадому. У прыватнасьці гэта тычыцца вайскоўцаў арміі Андэрса, якія ў 1944-м годзе ўдзельнічалі ў крывавай бітве за Монтэ-Касіна ў Італіі, дзе выжыць удалося рэдкім шчасьліўцам. Усяго ў Беларусі карнікі МГБ арыштавалі каля 900 вэтэранаў антыгітлераўскай кааліцыі. На загад з Масквы ўсе яны разам зь сем’ямі мусілі быць пераселеныя ў Іркуцкую вобласьць Расеі. Аднак да далёкае Сыбіры шмат хто з вэтэранаў не даехаў – памерлі ў дарозе.
Сёньня спаўняецца пяць гадоў з дня арышту былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра. Улады выставілі Чыгіру эканамічныя абвінавачаньні, хоць відавочны быў палітычны кантэкст справы. Арышт апазыцыйнага лідэра адбыўся ў дзень рэгістрацыі яго кандыдатам на выбары ў прэзыдэнты краіны. Пасьля гэтага Чыгір восем месяцаў правядзе ў зьняволеньні.
Сярод сусьветных гістарычных падзеяў гэтага дня прыгадаем урачыстае адкрыцьцё Эйфэлевай вежы ў Парыжы ў 1889 годзе, выхад з канвэеру першага аўтамабіля “Мэрсэдэс” у 1901-м (ён быў названы так у гонар дачкі аднаго з уладальнікаў фірмы) і Ленінскую прэмію ў галіне літаратуры, якую генсек Леанід Брэжнеў атрымаў у 1980-м за кнігі “Цаліна”, “Малая зямля” і “Адраджэньне”.
31 сакавіка 1596 году прыйшоў на сьвет францускі філёзаф, матэматык і пачынальнік аналітычнай геамэтрыі Рэнэ Дэкарт. Таксама ў гэты дзень у 1887-м нарадзіўся гісторык Баляслаў Брэжга, які дасьледаваў віцебскія старажытнасьці, а ў 1952 годзе – Алег Мінкін, паэт і перакладчык, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснай беларускай паэзіі.
Сёньня спаўняецца 55 гадоў Зьмітру Саньку – мовазнаўцу і выдаўцу, рупліўцу на ніве нацыянальнае адукацыі ў Беларусі. Родам ён зь мястэчка Астраўкі на Рудзеншчыне, працуе галоўным рэдактарам выдавецтва “Тэхналёгія”.