Як трэба умацоўваць грамадзкую бясьпеку і дысцыпліну супрацоўнікі Берасьцейскага аблвыканкаму адчулі сёньня раніцай, калі прыйшлі на працу. Ахоўнікі і міліцыянты надзвычай уважліва правяралі дакумэнты чыноўнікаў і асабістыя рэчы, якія яны прыносілі ў будынак, дзе плянавалася нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікоў вэртыкалі папярэдзілі, каб яны знаходзіліся непасрэдна на сваіх працоўных месцах і менш хадзілі па калідорах. Гэта яшчэ больш зьдзівіла чыноўнікаў, бо нарада пачалася напрыканцы працоўнага дня – а 17-й гадзіне.
У часе свайго выступу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што адпаведная дырэктыва была прынятая ім, каб прадухіліць пагрозу тэрарызму ў Беларусі. Лукашэнка лічыць, што “ў пэрспэктыве сытуацыя зь міжнародным тэрарызмам лепей ня будзе”, і таму беларускае грамадзтва трэба было ўзварушыць. Аднак сёньня ён прызнаўся, што чыноўнікі ў рэгіёнах выконваць гэтую дырэктыву не сьпяшаюцца.
Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў кіраўніцтва Берасьцейскай вобласьці, дзе назіраецца значны рост злачынстваў у праваахоўных і мытных органах, а таксама сярод памежнікаў. Абвесьціў ён і пра тое, што на Берасьцейшчыне вялікі ўзровень карумпаванасьці сярод чыноўнікаў, аднак пракуратура і КГБ гэтага не заўважаюць. Пра гэтую карумпаванасьць сьведчыць і той факт, што напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі была распачатая крымінальная справа ў адносінах да старшыні Баранавіцкага райвыканкаму Аляксея Добыша. Яго абвінавачваюць ў незаконнай прыватызацыі жыльля і злоўжываньнях службовым становішчам.
А вось як пракамэнтаваў сёньняшні выступ Лукашэнкі кіраўнік Берасьцейскай філіі Беларускага Хэльсынкскага камітэту Ігар Маслоўскі.
(Маслоўскі: ) “Я лічу, што ня трэба ніякай адмысловай дырэктывы, каб захоўваць парадак. Для гэтага ёсьць заканадаўства, ёсьць Канстытуцыя. Трэба іх выконваць і прэзыдэнту, і чыноўнікам, і шараговым грамадзянам. На мой погляд, дырэктыва ёсьць чарговым прыкрыцьцём правалаў у эканоміцы. Дадзеная дырэктыва – чарговы наступ на правы чалавека. У гісторыі вельмі шмат прыкладаў, дзе пад шыльдай барацьбы за дысцыпліну і парадак у простых грамадзян застаецца ўсё менш і менш сваіх правоў”.
Сёньняшнюю ноч Аляксандр Лукашэнка правядзе ў рэзыдэнцыі “Віскулі” ў Белавескай пушчы, а 31 сакавіка зьбіраецца браць удзел у сэсіі Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў, якая мусіць фармальна зацьвердзіць Канстанціна Сумара на пасадзе старшыні аблвыканкаму.