Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ЛІЧЫЦЬ, ШТО СПРОБЫ ЎЛЕЗЬЦІ Ў ПАМЯШКАНЬНЕ ГАЗЭТЫ “ДЕНЬ” НЕ БЫЛО


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У маёй прысутнасьці міліцыянты запісалі ў журнале затрыманьняў зьвесткі, якія паведамілі пра сябе два мужчыны. Міліцыянтаў тады не засмуціла, што імёны і прозьвішчы належалі іншым людзям. Вось што адказаў па тэлефоне наконт здарэньня начальнік Ленінскага РАУСа гораду Ўладзімер Сычэўскі:

(Сычэўскі: ) “Міліцыя свой пункт гледжаньня напісала ў пастанове аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Вы сабе гэта разумейце як хочаце”.

(Карэспандэнт: ) “Я хацеў бы ўдакладніць чыста юрыдычныя моманты. Людзей усё ж такі затрымалі, і затрымала міліцыя. Яны спрабавалі адамкнуць дзьверы”.

(Сычэўскі: ) “Гэта на ваш пункт гледжаньня — яны спрабавалі, а на наш пункт гледжаньня, такой спробы не было”.

Начальнік райаддзелу міліцыі Сычэўскі ня даў патлумачыць, што меркаваньне наконт нелегальнай спробы ўлезьці ў памяшканьне, дзе знаходзіцца рэдакцыя, не належыць журналісту. Нагадаю, што ўвечары 18 сакавіка ўнутры знаходзіўся сябра БНФ Мікола Лемяноўскі. Ён выклікаў кіраўніка абласнога БНФ спадара Мальчыка і міліцыю. Яны абодва дапамаглі міліцыянтам затрымаць зламысьнікаў пры спробе адамкнуць дзьверы. Лемяноўскі і Мальчык далі ў міліцыі таксама свае тлумачэньні. Гаворыць намесьнік рэдактара газэты “День” Андрэй Пачобут:

(Пачобут: ) “Міліцыя ўжо прызнала той факт, што затрыманыя ёю людзі далі фальшывыя пэрсанальныя дадзеныя, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці”.

Андрэй Пачобут гаворыць, што міліцыянты паказвалі Сяргею Мальчыку фатаздымкі асобаў, якія, нібыта маглі быць тымі начнымі зламысьнікамі. І сярод здымкаў было чамусьці фота Міколы Маркевіча — галоўнага рэдактара “Дня”. Інтрыга ў тым, што Маркевіч і Лемяноўскі сьцьвярджалі ў міліцыі, што затрыманыя маглі быць супрацоўнікамі КГБ.

(Пачобут: ) “У мяне склалася такое ўражаньне, што за непрафэсійныя дзеяньні КГБ — за тое, што іх затрымалі, будзе адказваць цяпер міліцыя, на яе сьпіхнуць. Тое, чаму іх адпусьцілі, зразумела — таму што гэта былі кадравыя супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі”.

Паводле Андрэя Пачобута, сёньня рэдакцыя папрасіла ў начальніка Ленінскага РАУС Уладзіміеа Сычэўскага азнаёміцца з матэрыяламі праведзенай міліцыянтамі праверкі наконт начнога здарэньня. Але спадар Сычэўскі адмовіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG