Недалёка ад Смаргоняў да старой менска-віленскай шашы прыхінулася вёска Алянец: два дзясяткі хатаў, вакол якіх, здаецца, даўно спыніўся час. І раптам там здарылася падзея, якая разбудзіла ўсё навакольле. Алянчук Кастусь Казак раптам разбагацеў: атрымаў 70 тысяч даляраў, якія ўсхваляваная сьвядомасьць вяскоўцаў ператварыла ў мільёны, што зваліліся “ніадкуль”. Насамрэч — гэта спадкі ад памерлага ці то ў Амэрыцы, ці то ў Канадзе дзядзькі. Тры месяцы віруе жыцьцё вакол алянецкага багацея: усе зь ім раптам захацелі сябраваць, дый ён пачаў жыць, паводле мясцовых уяўленьняў, на шырокую нагу — не выходзячы з пахмельля.
Цікавасьць да багацея прывяла ў Алянец і мяне. Праўда, застаць яго дома не ўдалося: цяпер Кастусь можа сабе дазволіць не паліць печы, ня думаць пра сяўбу, а разьяжджаць па раёне. Дабіцца нечага ад суседзяў таксама цяжка: такое адчуваньне, што яны праваліліся ў алькагольную кому.
(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Вы не падкажаце, дзе можна знайсьці Кастуся…”
(Сусед, праз мычаньне можна разабраць толькі некаторыя словы: ) “Ай-ё-о-о… Няма нікога … Ня будзе тут, ужо ў Заскавічах… (суседняя вёска — І.К.) Там жыве… з бабай. Дахаты ня хоча… Зімна, дроў няма — чым печы паліць?.. Ай-ё-о-о… На халеру нешта рабіць?.. Столькі грошай...”
Хаціна Кастуся на ўскрайку вёскі. Некалі тут была моцная гаспадарка: пуня, два хлявы, склеп. Цяпер усё пустое. На сьцяне хаты шыльдачка: “Тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны”. Гэта пра бацьку Казака, які некалькі год таму памёр, а наўздагон яму сын пусьціў на вецер нажытую продкамі маёмасьць. Аднавяскоўцы з тых, што ня п’юць, не сумняюцца: дзядзькавымі спадкамі Кастусь распарадзіцца гэтак жа, як і бацькоўскімі. Былая калгасная брыгадзірка Іванаўна кажа:
(Іванаўна: ) “Ён у сям’і самы меншы, чацьверты зь дзяцей. Нідзе не працуе, сядзеў у турме тры з паловай гады. Бацькі памерлі, сястра ў Мурманску, хата засталася яму... А цяпер гуляе: тут п’яніцаў, як і ўсюды, хапае. Тэлевізар купіў, прынёс камусьці. Два дні там пастаяў, прыйшоў — забраў, падарыў іншым. Потым ад тых забраў. Вось так гэтыя грошы — туды-сюды. Ня ведаю, якая там дакладна сума, але вялікая. Так што гуляе, як толькі можа…”
(Карэспандэнт: ) “Дык увесь Алянец гуляе?”
(Іванаўна: ) “Увесь! Прынамсі, усе п’яніцы. Да нармальных людзей ён жа ня пойдзе, але гэтых усіх поіць... Жыў тры тыдні з адной кабетай (як грошы ёсьць, дык усе ліпнуць), цяпер узяў 60-гадовую. А самому — сорак зь нечым”.
У савецкі час усе пытаньні, зьвязаныя з атрыманьнем спадчыны з-за мяжы, былі ў кампэтэнцыі “Ін’юркалегіі”, складзенай з прадстаўнікоў КГБ і МЗС. Памятаю, калісьці сам зь цікаўнасьцю чытаў на апошняй старонцы газэты “Известия” аб’явы прыкладна такога зьместу: расшукваюцца сваякі памерлага ў Аргентыне Джона Барана ці Мэры Мухі. У пытаньнях атрыманьня спадчыны зьвяртацца ў “Ін’юркалегію” на адрас…
Пры канцы 1970-х такую абвестку вычытаў і сьлесар МТЗ Мікалай Рабухін. Амаль тыдзень пасьля гэтага, як на працу, давялося хадзіць у КГБ, расказваць, што за сваяка ён “хавае” ад савецкай улады ў Лёндане, ці не спакушае яго капіталістычная зараза і г.д. Камітэтчыкам сапраўды было ад чаго кінуцца ў паніку: ангельскі сваяк завяшчаў пляменьніку… 6 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў у нерухомасьці (дом і фабрыка), акцыях і каштоўных паперах. На той час — прыкладна 12 мільёнаў даляраў. Таму на ўзроўні Масквы было прынятае рашэньне “дапамагчы таварышу” зь юрыдычнымі тонкасьцямі, зьняўшы з таго “клопат” выезду ў Брытанію. У выніку сьлесар атрымаў “на рукі” новую “Волгу”, лецішча і 25 тысяч рублёў на ашчадную кніжку. Што сталася з маёмасьцю і замежнай валютай, спадар Рабухін нават не цікавіўся: дзякуй і за гэта. Але простых разьлікаў дастаткова, каб падлічыць: нават пры тагачасным штучным курсе савецкага рубля да даляра менскі сьлесар атрымаў ня болей за паўсотню тысяч даляраў.
У новай Беларусі пытаньнямі атрыманьня спадчыны займаецца ўстанова, падобная да сваёй эсэсэсэраўскай папярэдніцы — “Белін’юркалегія”. Як расказаў адзін з супрацоўнікаў адвакацкай калегіі, часьцей за ўсё даводзіцца мець дачыненьне са спадкамі з Амэрыкі. Калі высьвятляецца, што памерлы — нараджэнец Беларусі, адпаведны запыт накіроўваецца ў “Белін’юркалегію”. Зь іншых краінаў установа атрымлівае інфармацыю праз пасярэдніка ў спадчынных пытаньнях ува ўсім сьвеце — нямецкі “Хёрнэр-банк”. Аб праблемах, якія суправаджаюць пошук спадкаемцаў у Беларусі, апавядае юрыст Казімір Гулякевіч:
(Гулякевіч: ) “Бальшыня замежных сваякоў эмігравала ў першай палове мінулага стагодзьдзя і страціла сувязь з радзімай. Што да іх нашчадкаў, то ў найлепшым выпадку ведаем прозьвішча. А замежным судам патрэбныя бясспрэчныя доказы, што гэта сапраўды сваяк памерлага, а не чалавек з аднолькавым прозьвішчам. Аднавіць жа радавод у Беларусі няпроста: архівы ЗАГСаў на 90 % зьнішчаныя ў часе вайны. На руках у людзей неабходных дакумэнтаў, як правіла, таксама няма. Даводзіцца зьбіраць ускосныя доказы, знаходзіць сьведкаў, якія нешта ведаюць пра сям’ю — прыкладам, былі на вясельлі ці хрэсьбінах. Таму спадчынныя актывы, іншымі словамі, — грошы, паступаюць у Беларусь толькі тады, калі кампэтэнтныя органы вызначаць кола спадкаемцаў і разьмяркуюць спадчыну на карысьць кожнага прэтэндэнта. І займае гэта вельмі шмат часу — год, а то й болей”.
У цывілізаваных краінах працэдура перайманьня спадчыны ёсьць і дасканала адпрацаваным прававым мэханізмам, і натуральным жыцьцёвым усьведамленьнем. Звычайны клопат для чалавека — скласьці пры жыцьці тастамэнт. У беларускіх рэаліях перадаць штосьці па сямейнай лініі амаль не выпадае: пэнсіянэрам не хапае грошай, каб канцы стачыць пры жыцьці, і самае лепшае, што яны могуць пакінуць дзецям ці ўнукам, — гэта кватэра ў горадзе ці халупа ў вымерлай вёсцы. І раптам хтосьці атрымлівае ў спадчыну маёмасьць, акцыі ці нават зямлю... Пра адзін такі выпадак расказаў жыхар Баранавічаў Алег Кажан:
(Кажан: ) “Мая бабуля атрымала ў спадчыну ад сястры 5 гектараў ня вельмі ўрадлівай зямлі, але затое ў Эстоніі, каля Пярну. Мы былі вельмі ўсьцешаныя: столькі зямлі ў безь пяці хвілінаў Эўразьвязе! Нашая радасьць скончылася, як высьветліліся акалічнасьці: калі зямля не апрацоўваецца, дык “Зямельны кодэкс” Эстоніі абавязвае ўладальніка штогод плаціць зямельны падатак — амаль 1200 эўра. Прыкінуўшы розныя варыянты карыстаньня гэтым надзелам (як апрацоўваць зямлю на такой адлегласьці, ці можна здаць у арэнду, ці рэальна пабудаваць там нерухомасьць), мы вырашылі ўсё ж адмовіцца ад зямлі на карысьць эстонскіх сваякоў за кампэнсацыю ў памеры тых самых 1200 эўра”.
Спэцыяльнай статыстыкі, колькі й чаго атрымалі беларускія спадкаемцы, няма. Па-першае, людзі пра сваё шчасьце асабліва не расказваюць, каб не зьвярнуць увагі “паразытаў”, уключна зь іншымі сваякамі. Па-другое, прэцэдэнтаў атрыманьня вялікіх грошай, як гэта здарылася са сьлесарам МТЗ, — адзінкі, і здараюцца яны раз на дзесяцігодзьдзе. Вось і выходзяць на першы плян праблемы маральныя. Жыхарка Ашмянаў Алена Гіль называе атрыманыя ейнай сям’ёй спадкі суцэльным няшчасьцем:
(Гіль: ) “Я ведала, што ў Аўстраліі, у Адэлаідзе, жыве дзядзька майго бацькі. У 2000-м наш 90-гадовы дзядзька Джозэф (мабыць, калісьці звычайны Юзік) памёр, пакінуўшы тоё-сёе сваякам у Беларусі. Мой тата адразу ж адмовіўся ад удзелу ў непазьбежнай сварцы, бо дзеля тысячы даляраў трэба было патраціць мінімум на паўтысячы нэрваў, каб нечага дабіцца ў розных канторах. Хоць грошы, натуральна, вельмі былі патрэбныя, але ён меў рацыю. Два бацькавыя браты і сястра перасварыліся ўшчэнт, і цяпер між сабой не размаўляюць: кожны лічыў, што менавіта ён павінен прэтэндаваць на большую долю спадчыны. І замест таго, каб разумна скарыстаць тыя грошы, яны іх трацяць на судовыя працэсы. Мяркую, супакояцца толькі тады, калі ад спадчыны не застанецца нічога”.
Вытокі такога стаўленьня беларусаў да спадчыны псыхоляг Ірына Каляда бачыць у нядаўнім мінулым: савецкая рэчаіснасьць вынішчыла ўсе рысы індывідуальнасьці:
(Каляда: ) “Трэба памятаць, у якіх умовах на гэтай тэрыторыі вырасла некалькі пакаленьняў людзей: практычна поўная адсутнасьць прыватнай уласнасьці, фактычна ўзаконеная забарона на нерухомасьць, на прыватную ініцыятыву. У людзей фармавалася абсалютна адрозная ад заходняй псыхалёгія — калектывісцкая. А ў калектыве ўласьніцкія пачуцьці прытупляюцца, зь цягам часу асабістыя амбіцыі зьнікаюць увогуле. Чалавек мае роўна столькі, каб пракарміць сябе, сям’ю і нешта прыдбаць, каб не застацца голым”.
Думаецца, менавіта гэтым і можна патлумачыць лёгіку аднаго з герояў гэтага аповеду Кастуся Казака, які прапівае з аднавяскоўцамі свае спадкі. Жывучы адным днём, той Кастусь ужо нікому нічога не пакіне. Ні ён, ні ягоныя калгасныя суседзі не разумеюць, як нажываюць людзі багацьце, ня ведаюць, што гэтыя грошы можна ўкласьці ў справу, каб надалей атрымліваць і матэрыяльныя, і маральныя дывідэнды.