Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЙ КЛІМАЎ НАПІСАЎ ФАНТАСТЫЧНУЮ АПОВЕСЬЦЬ

Ганна Соусь, Менск

У “Плошчы Незалежнасьці” Андрэй Клімаў разважае над тым, як маглі б разьвівацца падзеі ў Беларусі ў 1996 годзе.

(Клімаў: ) “Я змадэляваў сытуацыю, якая, вядома, магчымая і ў будучыні. Улічваючы ўвесь трагізм таго, што магло здарыцца ў 1996 годзе, я стаўлю перад чытачом пытаньне: “Ці ня лепш загадзя дэмакратычным чынам вырашаць пытаньні на выбарах і рэфэрэндумах, чым даводзіць справу да кровапраліцьця?” Я паспрабаваў унесьці ўсе гэтыя ідэі, развагі ў канву фантастычных сюжэтаў. У самыя складаныя моманты на дапамогу да мяне прыходзяць вядомыя гістарычныя асобы — ад Хрыстафора Калюмба да Анатоля Сабчака”.

У кнізе Андрэя Клімава дзейнічаюць і рэальныя пэрсанажы сучаснай Беларусі — Аляксандар Лукашэнка, Алег Алкаеў, Юры Хадыка, Васіль Лявонаў, Людміла Гразнова, Аляксандар Дабравольскі ды іншыя. Андрэй Клімаў выказвае сваю вэрсію зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

(Клімаў: ) “Я прыадчыняю заслону над тым, што адбывалася. Няхай чытач сам вызначыць — гэта вэрсія ці ўцечка інфармацыі з крымінальнай справы”.

Першыя дзьве кнігі “Той самы Клімаў” і “Менск-2016” былі напісаныя Клімавым сумесна зь Яўгенам Агурцовым, а свой цяперашні твор былы палітвязень напісаў самастойна. І даволі хутка — за два месяцы. Выдадзеная кніга ў Маскве на сродкі сяброў Клімава, невялікім накладам, 500 асобнікаў. Паводле Клімава, гэты твор для вузкага кола чытачоў:

(Клімаў: ) “Вось такая колькасьць асобнікаў, што ёсьць, і разьлічаная на тую колькасьць чытачоў… Дарэчы, я ўключыў у яе і Аляксандра Лукашэнку, Віктара Шэймана, Уладзімера Навумава. Я ўжо перадаў у прэзыдэнцкую бібліятэку некалькі асобнікаў. Дарэчы, там ахвотна бяруць апазыцыйную літаратуру. У продажы кнігі, натуральна, ня будзе з адной простай прычыны: асобнікаў мала. Практычна я ведаю кожнага чалавека, якому гэтую кнігу ўручу”.

Я запыталася ў Андрэя Клімава, чаму ён назваў сваю кнігу “Плошча Незалежнасьці”.

(Клімаў: ) “У маім жыцьці быў 1996 год, быў парлямэнт. Мая блакітная мара — вярнуць Плошчы Незалежнасьці (а я лічу, што гэта беларускі парлямэнт) сапраўднае аблічча незалежнага парлямэнту свабоднай дэмакратычнай краіны”.
XS
SM
MD
LG