Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАНІСЛАЎ ЗДАНОВІЧ — ДЭПУТАТ АД СЛОНІМУ


Ягор Маёрчык, Слонім

За свае 78 гадоў паэт і гісторык Васіль Супрун перажыў адзінаццаць гадоў ГУЛАГу, два інфаркты, клінічную сьмерць, страту памяці й ейнае частковае вяртаньне. Ён дагэтуль не атрымаў афіцыйнай палітычнай рэабілітацыі.

(Супрун: ) “Першыя гады, безумоўна, сьніліся лягер і капальні. Пасьля ўсё паступова згладжваецца. Цяпер амаль не ўспамінаецца — прайшло шмат часу”.

Гэтым разам згадваць мінулае спадара Супруна вымушаны я. Мэта — параўнаць жыцьцё Інты і Варкуты 50-гадовай даўніны і атмасфэру ў Слоніме пачатку 21 стагодзьдзя.

(Супрун: ) “На ваду я там ня вельмі крыўдзіўся. З вадою не было асаблівых праблемаў. Нават у лазьню вадзілі два разы на месяц”.

Пра ваду ў палітвязьня я запытаўся адмыслова. Да гэтага мяне падштурхнула папярэдняя сустрэча з Марыяй Русак. Беспрацоўная. Разам зь сям’ёю кабета жыве ў доме па вуліцы Тапалёвай.

(Русак: ) “У нас чыстая вада — у-у-у! Вялікая рэдкасьць! Я падымаюся а шостай. І калі да васьмі пальецца чыстая вада, гэта добра. Можна галаву пафарбаваць — толькі не наварыць сабе ежы. Як памыць малое дзіця! Яго няма як памыць! Чорная вада. А памыцца — гэта вялікае сьвята. Добра яшчэ, што ў нас ёсьць крыніца, куды стаіць чарга па чыстую ваду. Хто з чым: хто зь вёдрамі, хто з бутэлькамі, зь бідонамі. Крыніца — гэта нашая маці”.

(Карэспандэнт: ) “Што гарадзкія ўлады і камунальныя службы кажуць пра якасьць вады?”

(Русак: ) “Хто?! Ніхто ніколі трубкі не падыме, не дазвонісься ні да кога! Адно толькі грошы плаці”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, нешта ж вам абяцаюць?”

(Русак: ) “Абяцаюць. “Чакайце, будзе” — вось і ўсё абяцаньне”.

Тут скажу колькі словаў пра Станіслава Здановіча, які прадстаўляе Слонімскую выбарчую акругу ў Палаце прадстаўнікоў. Ён зьяўляецца намесьнікам старшыні камісіі ў справе аграрных пытаньняў. Да абраньня ў парлямэнт больш за дзесяць гадоў працаваў старшынём тутэйшага райвыканкаму. З праблемаю якасьці вады знаёмы яшчэ па вэртыкальным мінулым.

(Здановіч: ) “Якасьць вады ў Слоніме збольшага някепская. Апроч высокага ўтрыманьня жалеза. Добры дзясятак гадоў будуецца новы вадаправод. Калі ён будзе, сказаць вельмі цяжка, бо сродкаў для ягонага заканчэньня не хапае”.

Васіль Супрун згадвае:

(Супрун: ) “Там зь ежаю было кепска. Часта давалі баланду з травы. Давалі часамі й крышачку бульбы мёрзлае, натуральна. Была рыба прыпорчаная, безумоўна”.

(Карэспандэнт: ) “А неафіцыйным чынам магчыма было штосьці знайсьці ці прыдбаць?”

(Супрун: ) “Што вы зможаце набыць у клетцы, абнесенай некалькімі плотамі з калючага дроту і з ахоўнымі вежамі? Закрытая зона, у якую нічога звонку не трапляла”.

Кірмаш у мікрараёне Альбэрцін зьліквідавалі ня так даўно. Харчы набываць стала цяжкавата. У дзяржаўнай краме цэны вышэйшыя, асартымэнт бяднейшы, дый якасьць магла бы быць лепшая. Сьпіс гэтых хібаў пераказваю паводле словаў Івана Беткі. Спадар гэты — шараговы жыхар Слоніму. Са свайго нешыкоўнага бюджэту намагаецца эканоміць кожную тысячу рублёў, а таму быў і ёсьць сталым наведнікам кірмашоў і шапікаў прыватных прадпрымальнікаў.

(Бетка: ) “Кіраўнік гораду забараніў гэты рыначак. У нашым мікрараёне праводзілася акцыя збору подпісаў за тое, каб захаваць гэтыя шапікі. Зьвярталіся ў выканкам. Рэакцыя ёсьць, але яны ў выглядзе расьпіскі. Быў адказ, што будзе плянавацца будоўля рынку, будзе адведзены надзел зямлі. Але толькі будзе, а патрэбна гэта цяпер. Меліся даслаць гэтыя подпісы ў адміністрацыю прэзыдэнта. Нібыта прэзыдэнт нечым ім дапаможа. Наш прэзыдэнт назваў іх “вашывамі блохамі”. Мяркую, што наўрад ці ён нечым зможа ім дапамагчы”.

(Супрун: ) “Баракі былі з кратамі. Мэтраў пад сорак даўжынёю. Разьдзеленыя капітальнай сьцяною на дзьве паловы. Двухпакладовыя драўляныя нары. Пасярэдзіне — шырокі праход, печка. Змрочныя, шэрыя, брудныя баракі”.

У старых прыгожых будынінах па вуліцы Чкалава некалі месьціўся інфэкцыйны шпіталь. Установа зьехала, а наўзамен засялілі сюды бескватэрных мэдыкаў. Шэсьцьдзесят чалавек жывуць нелегальна — рэч у тым, што прапісваць іх тут ніхто не зьбіраецца. Праўда, гэта не перашкаджае камунальным службам выстаўляць рахункі за свае паслугі. За дзесяць гадоў людзі больш-менш давялі да ладу старыя дамы. Перайначылі іх пад кватэры. Усё было бы добра, але кіраўніцтва Тэрыятарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня мае намер усіх жыхароў павысяляць. Ды толькі ня ў новыя кватэры, а на вуліцу.

(Спадарыня: ) “Паколькі будынак у аварыйным стане, жыць тут далей немагчыма. Печкі дрэнныя, электраправодка дрэнная, дахі такія ж — усё дрэннае. Лічаць, што ўсё дрэннае. Але мы тут жывем дзевяць гадоў. І дзякуй богу, дахі не абвальваюцца, нічога не здараецца. Усё самі рамантуем, усё падтрымліваем, каб можна было жыць. Пісалі Здановічу з просьбаю легалізаваць нас тут. Але адказу пакуль што мы не атрымалі”.

Нелегальным насельнікам будынкаў колішняга інфэкцыйнага шпіталю Станіслаў Здановіч адказвае:

(Здановіч: ) “Тыдні тры таму я напісаў ліст з просьбаю вырашыць гэтую праблему. Чакаю адказу ад уладаў, якія будуць прынятыя меры”.

(Супрун: ) “Вугаль з капальні мы цягалі. Мы працавалі ў мокрых капальнях. Загазаваныя яны былі. Пасьля сарака градусаў марозу не заўсёды выводзілі на працу. Адлегласьць ад лягеру да працоўнай зоны была значная — блізу кілямэтра”.

Супрацоўніца прадзільнай фабрыкі Алена Сакалоўская гатовая штодня паўтары гадзіны дабірацца да роднага цэху хоць у трыццаць, а хоць і ў сорак градусаў марозу. Праблема толькі ў тым, што на прадпрыемстве няма чаго рабіць. Яно стаіць: то сыравіны адсутнічае (воўна мусіць быць альбо свая штучная, альбо сярэднеазіяцкая натуральная), то прадукцыю ніхто не набывае. (Тут трэба сказаць “дзякуй” далёкаму Кітаю за тое, што заваліў рынкі колішняга Савецкага Саюзу таннымі швэдрамі, шапкамі й пальчаткамі.)

(Сакалоўская: ) “На тыя 40 тысяч, якія мы атрымліваем на фабрыцы, жыць папросту немагчыма. І кожны шукае сабе выйсьце. Некаторыя гандлююць на рынку. Я ў вольны час падрабляла на касмэтычным рамонце кватэраў, клеліла людзям шпалеры. Хапала на камунальныя плацяжы і каб трошку пражыць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі гадзінаў складае працоўны тыдзень?”

(Сакалоўская: ) “У гэтым месяцы я не працавала яшчэ ніводнай гадзіны, ня тое што сказаць дзень. Мінулым месяцам я адпрацавала тры дні. Тое, што так цяжка склалася, вінаватыя і самі працоўныя, бо начальнікі кіруюць так, як мы ім дазваляем. Накармілі абяцаньнямі, людзі па хатах і разышліся. А вырашэньня праблемаў няма ніякага. Няма спадзяваньняў ні на кога: ні на кіраўніцтва, ні на ўладу”.

Як і з праблемаю якасьці вады, пра цяжкі стан прадзільнай фабрыкі Станіслаў Здановіч ведае ня першы год:

(Карэспандэнт: ) “Вы нейкім чынам бераце ўдзел у ліквідацыі канфлікту паміж працоўнымі й працадаўцамі?”

(Здановіч: ) “Гэта праблема выканаўчай улады. Мяне не запрашалі, таму я й ня ўдзельнічаю”.

(Супрун: ) “Мы міжсобку размаўлялі па-беларуску. Беларускія аб’яднаньні былі амаль ва ўсіх лягерах”.

(Карэспандэнт: ) “Як лягернае начальства ставілася да такой праявы?”

(Супрун: ) “Вельмі катэгарычна. Шмоны ладзіліся амаль штотыдзень”.

За сваё права размаўляць на роднай мове Васіль Супрун плаціў, перажываючы шматразовыя ператрусы і цкаваньне. Кажа, што абараніцца ад гэтага было немагчыма: вязень ня меў правоў. А колішні дэпутат гарадзкога савету, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця” Міхась Варанец сам пайшоў у наступ. У 45 гадоў ён памяняў пашпарт і аддаў яго на прапіску.

(Варанец: ) “Калі я прыйшоў да пашпартысткі, яна мне дае блянкі й кажа: “Вы толькі запаўняйце на расейскай мове”. Сказала, што ёй так загадала начальніца пашпартна-візавай службы Алена Ільіна. Я напісаў ліст да Ільіной. Яна мне пачала тлумаць, што ўсё ў іх вядзецца на расейскай мове, але ўсё-такі я магу прыйсьці і аформіць дакумэнты па-беларуску. Я пайшоў туды. Яна прыняла ад мяне дакумэнты на беларускай мове. Аднак сказала, што цяпер яна павінна будзе сядзець і перапісваць на расейскую мову. Маўляў: “Вам няма чаго рабіць? Таму вы і пішаце такія лісты?” То бок я ёй ствараю залішнюю працу, і атрымліваецца, што я такі злы чалавек”.

(Супрун: ) “Лісты дадому дасылалі. Адзін ліст на год. Пасьля дазволілі два. Ня ведаю, якімі іх атрымлівалі. З дому лісты прыходзілі такія зашмараваныя, што часам цяжка было ўлавіць думку: што хацелі сказаць. Гэта была цэнзура”.

У Беларусі заканадаўча замацаваная свабода распаўсюду інфармацыі, і цэнзура недапушчальная. Пра тое, што адбываецца насамрэч, можна прачытаць у справаздачах журналісцкіх і праваабарончых зьвязаў.

Адзінаццаць : шэсьць — з такім лікам незалежны тыднёвік “Газэта Слонімская” перамагае раёнку “Слонімскі весьнік”. Пададзеныя лічбы — гэта памеры накладаў у тысячах паасобнікаў. Галоўны рэдактар “Газэты Слонімскай” Віктар Валадашчук канстатуе: напярэдані парлямэнцкіх выбараў сытуацыя для недзяржаўнай рэгіянальнай прэсы адно толькі пагаршаецца. Зьбіраць інфармацыю, выдаваць газэту і распаўсюджваць яе становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.

(Валадашчук: ) “Менавіта прэса выклікае больш за ўсё нэрвознасьці ў мясцовай улады. Нам зноў адмовілі ў акрэдытацыі нашых рэпарцёраў у мясцовым райвыканкаме і ў мясцовым савеце народных дэпутатаў. Чарговы раз улады забараняюць прадаваць газэту ў прыватных крамах”.

(Карэспандэнт: ) “А вы з гэтым неяк справабалі змагацца?”

(Валадашчук: ) “Я лічу, што рабіць гэта праз суд ня мае сэнсу. Гэта не прынясе ніякага станоўчага выніку пры сёньняшняй сыстэме, пры сёньняшняй уладзе”.

(Супрун: ) “Абіраць зэкі нікога не маглі й ня мелі права. Там правоў ніякіх не было. Права было толькі ў наглядчыка і кума. Быў нараднік, які выганяў на працу. Брыгадзірамі былі вязьні. Яны ставіліся паводле рэкамэндацыі кума”.

Жыхары Слоніму маюць права выбіраць. Чатыры гады таму яны накіравалі Станіслава Здановіча працаваць у Нацыянальны сход. Пры мікрафоне Радыё Свабода народны абраньнік падсумоўвае вынікі хаджэньня ў парлямэнт:

(Здановіч: ) “Асабліва хваліцца няма чым. Можна было бы пахваліцца, каб людзі сталі жыць лепей. А так пэўнага задавальненьня ад працы быць ня можа”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ідзяце на наступны тэрмін?”

(Здановіч: ) “Як пытаньне ў лоб, такі будзе й адказ. Я ня буду вылучаць сваёй кандыдатуры. Адназначна вырашыў пайсьці на гаспадарчую працу”.

За мандат у Палату прадстаўнікоў плянуе змагацца Іван Шэга. Ён працуе траўматолягам у паліклініцы, зьяўляецца дэпутатам гарадзкога савету і адначасна стаіць на чале слонімскай суполкі Беларускага Народнага Фронту.

(Шэга: ) “Настрой у людзей, натуральна, зьмяніўся. Але ў людзей ёсьць вялікая апатыя і такі недавер, што нешта можна зьмяніць пры дапамозе выбараў. Яны ня вераць, што гэтыя выбары будуць сапраўды адкрытыя і справядлівыя”.

(Карэспандэнт: ) “У зьвязку з гэтым аўтаматычна паўстае пытаньне пра вашыя шанцы — бо вы таксама маецеся ўдзельнічаць у выбарах?”

(Шэга: ) “Калі бы выбары былі дэмакратычныя, у мяне былі ўсе шанцы перамагчы”.

Заўважна, што саракахвілінныя ўспаміны пра лягернае жыцьцё стамілі Васіля Супруна. Зь мінулага мы вяртаемся ў сучаснасьць.

(Карэспандэнт: ) “Апошнія дзесяць год, пасьля 1994-га, вельмі часта гучаць паралелі й параўнаньні сёньняшняй сытуацыі й сыстэмы ў Беларусі з тым, што было за савецкім часам. Ці можна праводзіць такія параўнаньні? Наколькі сапраўды ёсьць агульныя рысы?”

(Супрун: ) “Агульнага шмат. Пакуль яшчэ сьвяткуем савецкія сьвяты. Што савецкага? Ды ўсё савецкае! Калгасы савецкія, парадкі савецкія — тыя, што й былі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG