Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СОНЕЧНЫ ЗАГАР – ЦІ ШКОДНЫ ЁН ДЛЯ ЗДАРОЎЯ?


Кастусь Бандарук, Прага

Яшчэ 150 гадоў таму сонечны загар быў прыкметай прыналежнасьці да ніжэйшых слаёў грамадзтва. Загарэлыя былі тыя, хто быў вымушаны працаваць на сонцы: сяляне, рабочыя і садоўнікі.

Толькі пачынаючы з 1960-х гадоў пашырыўся своеасаблівы культ сонца: загар пачаў лічыцца сынонімам здароўя, фізычнай дужасьці і прыгажосьці, знакам добра праведзенага адпачынку.

Аднак цягам апошніх 30 гадоў спэцыялісты настойліва перасьцерагаюць, што ад загару болей шкоды, чым дабра. Яны называюць шэраг нэгатыўных наступстваў загару. Сярод іх – сонечны апёк, старэньне скуры, заўчасныя зморшчыны, вяснушкі і рабаціньне, і бадай найгоршае – рак скуры.

Калі параўнаць стан скуры на твары і на клубах у чалавека якому 75 гадоў, дык скура ў месцах, якія зрэдку або ніколі не выстаўляем на сонца, маладзейшая прыблізна на 40 гадоў. З гэтай прычыны некаторыя спэцыялісты, асабліва дэрматолягі, заўсёды раяць надзвычай асьцярожна абыходзіцца з сонечным загарам.

Аднак іншыя спэцыялісты падкрэсьліваюць, што сонечныя праменьні могуць быць небясьпечныя толькі ў выпадку перадазаваньня, як гэта бывае зь лекам, што можа стаць атрутай. Існуе нават адмысловая галіна мэдыцыны – геліятэрапія або фотатэрапія.

Сонечнае сьвятло мае ўплыў на 100 самых розных функцыяў чалавечага арганізму. Зь іх ліку найбольш пасьпяхова фотатэрапія скарыстоўваецца пры лячэньні псарыязу, дэпрэсіі і расьсеянага склерозу.

– Псарыяз – гэта генэтычная, невылечная, незаразьлівая хвароба скуры, якая палягае ў празьмернай вытворчасьці клетак эпідэрмы. На целе, пераважна у месцах парослых валосьсем зьяўляюцца чырвона-рудыя сьвярбячыя плямы, пакрытыя белым шалупіньнем. На псарыяз хварэюць ад 2 да 4 % усяго насельніцтва сьвету. Паводле доктара Джэры Багеля з Цэнтру лячэньня псарыязу ў Нью-Джэрсі, ультрафіялетавыя праменьні ў спалучэньні зь лекамі адчувальна папраўляюць стан пацыентаў. Спэцыялісты рэкамэндуюць хворым і кліматычную тэрапію- спэцыяльны адпачынак ля Мёртвага Мора.

– Расьсеяны склероз – гэта аўтаімунная, невылечная хвароба, якая прыводзіць да пашкоджаньня нэрвовай сыстэмы і трывалага калецтва. Дэфэкт імуннай сыстэмы прыводзіць да разбурэньня абалонкі галаўнога і сьпіннога мозгу (міеліну). У выніку збояў або поўнага спыненьня перадачы нэрвовых імпульсаў ў розныя часткі цела наступае здранцьвеньне рук і ног, цяглічная слабасьць і нерухавасьць, пагаршэньне зроку, паралюш і агульная дэпрэсія. Сонечнае сьвятло дапамагае хворым на расьсеяны склероз тым, што яно стымулюе вытворчасьць вітаміну D. Гэты вітамін узмацняе абарончыя здольнасьці міеліну. З дасьледаваньня, што было праведзена доктарам Альбэртам Ашэрыё з Гарвардзкага ўнівэрсытэту на 187 тысячах пацыентаў, вынікае, што адпаведная колькасьць вітаміну D у арганізьме на 40% зьмяншае рызыку захворваньня на расьсеяны склероз. Апрача таго, вітамін D умацоўвае зубы і косткі, і гэткім чынам засьцерагае ад астэапарозу.

– Дэпрэсія – гэта цяжкае псыхічнае расстройства, на якое хварэюць прыблізна 10% насельніцтва сьвету, пры чым жанчыны 2-3 разы часьцей, чым мужчыны. Існуе паняцьце сэзоннай дэпрэсіі. Многія людзі ў пэрыяд восені і зімы скардзяцца на стомленасьць і соннасьць, хандру і выразнае зьніжэньне настрою. Сэзонная дэпрэсія зьвязаная з адсутнасьцю сонечнага сьвятла, якое стымулюе вытворчасьць гармону настрою – сэратаніну. Паводле навукоўцаў, вясновыя сонечныя промні, або загар пад сьвятлом ультрафіялетавай лямпы, паляпшаюць настрой, сон і самаадчуваньне хворых на дэпрэсію.

Апрача трох згаданых хваробаў, фотатэрапія зьніжае крывяны ціск і ўзровень халестэрыну, што ў сваю чаргу зьмяншае рызыку сардэчна-судзінных хваробаў. Паводле найноўшых дасьледаваньняў, сонечнае сьвятло ўзмацняе таксама імунітэт супраць інфэкцыяў і стрэсу, а таксама зьмяншае рызыку захворваньня на 13 відаў раку, у прыватнасьці простай кішкі, страўніка, прастаты і раку грудзей. З дасьледаваньняў вынікае, што жыхаркі Флярыды і Гаваяў на 40% меней хварэюць на рак грудзей ў параўнаньні з жыхаркамі паўночных штатаў.

Спэцыялісты раяць не пазьбягаць, але разумна карыстацца вясеньнім і летнім сонцам. У выпадку загару ключавым зьяўляецца пытаньне ягонай працягласьці і інтэнсіўнасьці. Загараць трэба не даўжэй як 20 хвілінаў у дзень, найлепш зранку і пасьля абеду, а таксама скарыстоўваць адпаведныя крэмы-фільтры, якія засьцерагаюць ад шкоднага ўплыву ультрафіялетавых промняў.

А зараз – парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

– Адпаведная колькасьць клятчаткі ў вашым дзённым рацыёне можа выдатна засьцерагчы вас ад хваробаў сэрца. Абодва віды клятчакі (распушчальная і нераспушчальная) паляпшаюць страваваньне, ліквідуюць запоры, зьніжаюць узровень халестэрыну і цукру ў крыві, абмяжоўваюць засвойваньне тлушчаў. Гэткім чынам яны пасьпяхова засьцерагаюць ад сардэчна-судзінных хваробаў і дазваляюць пахуднець. Багатымі крыніцамі клятчаткі зьяўляюцца цэльназерневыя прадукты, кашы, а таксама гарох, фасоля, маліны, парэчкі і агрэст. Дзённая доза клятчаткі павінна складаць 30-45 міліграмаў.

– Магчыма вас часта выводзяць з раўнавагі, але памятайце, што эмоцыі і ўзбуджанасьць шкодзяць Вашаму здароўю. Людзі, якія лёгка раздражняюцца і хвалююцца, маюць, як правіла, вышэйшы крывяны ціск чым тыя, хто са стаічным спакоем рэагуюць на розныя сытуацыі. Высокі крывяны ціск можа прывесьці да інсульту, інфаркту ды іншых захворваньняў. Калі хочаце засьцерагчыся ад высокага крывянога ціску, займайцеся фізычнымі практыкаваньнямі, прытрымлівайцеся дыеты, кантралюйце вагу цела і кідайце курыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG