Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПІЯНЭРЫ: КРОК НАЗАД ЦІ НАПЕРАД?

Ганна Соусь, Менск

(Дзіцячы голас: ) “К делам на благо родины, добра и справедливости – будь готов!”

Гэтак гучыць цяперашняя клятва беларускага піянэра. Некалі самая масавая дзіцячая арганізацыя за савецкім часам, якая страціла актуальнасьць, а таксама большасьць сваіх прыхільнікаў напачатку дзевяностых, беларуская піянэрская арганізацыя шпарка адраджаецца цяпер ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях.

Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная стала піянэркай у ГУЛагу ў спэцпасёлку НКВД №9. Дарэчы, і цяпер ён мае назву Піянэрскі. Там жылі дзеці з АЛЖІРу (лягеру для жонак здраднікаў радзімы), а таксама зь іншых месцаў карагандзінскага ГУЛагу.

(Кляшторная: ) “І ў піянэры нас прымалі. То было вельмі цікава. Крок некуды ў невядомасьць. Клятву піянэра давалі, паводле той клятвы й жылі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці памятаеце тую клятву цяпер?”

(Кляшторная: ) “Я, юны піянэр Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, перад сваімі таварышамі абяцаю… і далей, што буду цьвёрда стаяць за справу Леніна, Сталіна, за перамогу камунізму”.

(Карэспандэнтка: ) “Шчырай піянэркай былі?”

(Кляшторная: ) “Мы шчасьлівыя былі, бо іншага ня ведалі. Месьціліся ў гэтым бараку халодным. Крытычнае стаўленьне прыйшло пазьней, у Сібіры, калі ў мяне зьявіліся новыя сябры. Ды ўвогуле само жыцьцё прымусіла трохі задумацца”.

Я спыталася ў Маі Тодараўны, як дзеці ГУЛагу даглядалі піянэрскі гальштук, як мылі яго, як прасавалі?

(Кляшторная: ) “Трэба было ўвесь час быць пры гальштуку. Мы былі босыя й не маглі ўвогуле некуды пайсьці. Там толькі ў адных трусіках бегалі. Адна й тая ж кашуля, у якой і спаць клаліся, а паўзьверх гальштук быў – асноўная дэталь адзеньня. Яго нават і памачыць не было дзе, дык пасьлініш і згорнеш, як трэба, ды пад матрац пакладзеш”.

Да аповеду Маі Кляшторнай дадам успамін Аляксандра Лукашэнкі пра тое, як ён даглядаў свой піянэрскі гальштук. На адной з нарадаў, прысьвечаных ідэалягічнай рабоце, Лукашэнка згадваў, зь якім гонарам насіў піянэрскі гальштук, як сам прасаваў яго цяжкім прасам.

У большасьці цяперашніх 30-40-гадовых беларусаў, якія насілі піянэрскія гальштукі пры канцы сямідзясятых – на пачатку васьмідзясятых, крыху іншыя ўспаміны. Сыходзячы са школы, многія гальштук адразу ж здымалі й хавалі ў кішэню, як, прыкладам, Марыя Салейка. Маючы не найлепшыя ўспаміны са свайго піянэрства, яна прынцыпова не пагадзілася, каб яе дзесяцігадовая дачка стала піянэркай. Але клясная кіраўнічка бясконца тэлефанавала дадому, вяла агітработу.

(Салейка: ) “Агітацыя й ціск на бацькоў усё ж зрабілі сваё, і ў нашай клясе з 24 чалавек толькі чатыры адмовіліся. Дарэчы, само мерапрыемства пасьвячэньня ў піянэры выклікала ў мяне даволі доўгую дэпрэсію. Па-першае, таму што яго прымеркавалі да дня гімназіста. Усіх дзяцей выклікалі на сцэну, і старшыня піянэрскай арганізацыі папрасіла зрабіць крок наперад тых дзяцей, якія стануць піянэрамі. І нашыя, як тыя сіроткі, стаялі ззаду, мала таго, некаторым прапанавалі патрымаць гэтыя гальштукі на падносах. Я папрасіла сваю дачку сысьці са сцэны. Яшчэ мяне вельмі ўразіла, зь якім надрывам піянэрважатая (ёй ужо гадоў 55) ускрыкнула: “Піянэры! Да змаганьня за справу Радзімы будзьце гатовыя!” Я не зьдзіўлюся, калі ў наступным годзе гэты заклік будзе мець працяг: “Да барацьбы за справу Радзімы й прэзыдэнта будзьце гатовыя!”

Я спыталася ў дзесяцігадовага піянэра Арцёма, навучэнца 4-ай менскай гімназіі, што яму падабаецца ў піянэрскай арганізацыі?

(Арцём: ) “Па канцэртах школьных ходзім, упрыгожваем сьценкі. Падабаецца тое, што проста так не сядзім у вольны час. У піянэры ўступілі, а я ў мамы не пасьпеў спытацца, ці можна мне. Яна мне пазьней дазволіла, ужо ў наступным годзе буду даваць клятву”.

Аднаклясьнік Арцёма Аляксей толькі зьбіраецца стаць піянэрам.

(Аляксей: ) “Я хачу стаць піянэрам. Раней я не разумеў, трэба мне гэта ці не. А цяпер думаю, што гэта трэба. Сумленьне прачнулася”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія мэты ў гэтай арганізацыі? Для чаго яна існуе?”

(Аляксей: ) “Для таго, каб дапамагаць дзецям-інвалідам, каб езьдзіць у розныя дзіцячыя садкі, выступаць там з паказамі…”

(Гукі барабана)

Псыхоляг Вольга Андрэева адзначае, што, заахвочваючы да ўступленьня ў грамадзкую арганізацыю, трэба ўлічваць псыхалягічныя асаблівасьці дзяцей, бо сярод іх ёсьць і даволі незалежныя, якія ня любяць хадзіць строем.

(Андрээва: ) “А пэўнай колькасьці дзяцей дзіцячыя арганізацыі падабаюцца. І грамадзтва, напэўна, павінна ствараць нейкія арганізацыі, але тут трэба быць вельмі асьцярожным, гаворачы пра ідэалягічную нагрузку гэтай арганізацыі. Такая нагрузка можа быць небясьпечнай для дзяцей. Яны не заўсёды самі могуць зрабіць сьвядомы выбар арганізацыі. Вялікая рызыка, што дзіцем могуць праманіпуляваць. І часьцяком дзецям проста не пакідаюць выбару. А калі гэта ўсё робіцца пад ціскам, то сяброўства ў арганізацыі не заўсёды шчырае. Для некага гэта спроба быць у пэўнай арганізацыі, а для другога гэта страх перад рэпрэсіямі, калі ты ня будзеш сябрам арганізацыі. Чалавек можа выбраць любую не забароненую законам арганізацыю, калі ён сьвядома можа гэта зрабіць. Што да дзяцей, то навязваньне ім арганізацыі з палітычным ухілам – гэта ў пэўным сэнсе праява аўтарытарызму”.

Псыхоляг Вольга Андрээва прызнаецца, што ёй больш падабаюцца грамадзкія фармаваньні без ідэалягічнай нагрузкі, прыкладам скаўцкая арганізацыя, дзе дзяцей навучаюць супрацоўнічаць, быць незалежнымі, вытрымліваць цяжкасьці. Але беларускія скаўты перажываюць цяпер не найлепшы час. Як адзначае Кастусь Хадыка, адзін з кіраўнікоў Аб’яднаньня беларускіх скаўтаў, сёньня арганізацыя мае два пісьмовыя папярэджаньні – гэта фактычна прысуд на закрыцьцё. Паводле Кастуся Хадыкі, ніхто ня ведае, колькі моладзевых арганізацыяў застанецца ў Беларусі да лета – пээрыяду найбольш актыўнай дзейнасьці дзіцячых грамадзкіх арганізацыяў.

(Хадыка: ) “У чым адрозьненьне піянэраў ад скаўтаў? Найперш у тым, што піянэрская арганізацыя была створаная значна пазьней за скаўцкую. Фактычна піянэрская арганізацыя ўзяла за аснову й сказіла тое, што было пакладзена ў аснову скаўцкага руху. Сёньняшняя піянэрыя адрозьніваецца ад той, што была некалькі год назад, і адрозьніваецца ад таго, якой яна была за савецкім часам. Сёньня ўлады спрабуюць вярнуць яе да выгляду й значэньня савецкага часу. Але гісторыя праходзіць сьпіраль, і гэта выглядае, як фарс”.

У Беларускай рэспубліканскай піянэрскай арганізацыі я даведалася, што яе сябрамі сталі ўжо больш за 400 тысячаў школьнікаў. Для параўнаньня – летась у траўні піянэраў было каля 300 тысячаў чалавек.

“Грамадзкія арганізацыі ў школах павінны быць адноўленыя ў поўным памеры. За савецкім часам менавіта імі было моцнае й цікавае школьнае жыцьцё. Акцябрацкую зорачку, піянэрскі гальштук з гонарам насіў кожны навучэнец”, – гэта цытата з выступу Аляксандра Лукашэнкі на ідэалягічнай нарадзе. Як некалі савецкія піянэры ў пэўным узросьце станавіліся камсамольцамі, так цяперашніх беларускіх піянэраў у будучыні чакае сяброўства ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, БРСМ – гэта пераемнік традыцыяў камсамолу. А гэта азначае максымальную ідэалягізацыю ў выхаваньні, скіраванасьць на бескампрамісную барацьбу з усім тым, што не адпавядае найноўшаму “генэральнаму курсу”…

Таму цяперашнім піянэрам варта на пэрспэктыву вывучыць хрэстаматыйны верш Аркадзя Куляшова “Камсамольскі білет”:

Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы думкі й словы свае.
Вораг-жандар дакурыў папяросу
І камсамольскі білет аддае…
XS
SM
MD
LG