Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЛЯД СЁНЬНЯШНЯЙ БЕЛАРУСКАЙ ПРЭСЫ


Ігар Карней, Менск

Сёньня набыла моц юрыдычная працэдура ўступленьня ў НАТО новых сябраў. “Белорусский рынок” піша: “Пасьля ўручэньня прэзыдэнту ЗША Бушу ратыфікацыйных дакумэнтаў тры былыя савецкія рэспублікі сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі дамовы. “Цалкам натуральна,– працягвае “Белорусский рынок”, – што ўступленьне ў Паўночна-атлянтычны альянс краінаў Балтыі прымусіла Маскву і Менск забыцца на рознагалосьсі і сканцэнтравацца на захадах у адказ. Масква і Менск назвалі пляны разьмяшчэньня новага вайсковага патэнцыялу ў непасрэднай блізкасьці ад межаў "пагрозай бясьпецы Расеі і Беларусі". Сыходзячы з гэтага, саюзьнікі пакідаюць за сабой права “рэагаваць адпаведна”. Што могуць супрацьпаставіць альянсу ўлады Расеі ды Беларусі – у артыкуле “Ня было б шчасьця, ды НАТО дапамагло”.

У гэтым жа нумары “Белорусский рынок” заклікае зьвярнуць увагу на куды больш рэальную небясьпеку, чым непазьбежнае суседзтва з НАТО. Днямі зьявіліся чуткі аб магчымым абвале будынку ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва, якое ў непасрэднай блізкасьці ад Дому ўраду. У гарвыканкаме пацьвердзілі: прычынай – падземныя працы на плошчы Незалежнасьці, дзе на глыбіні 15 мэтраў будуецца гандлёвы цэнтар. Экспэртыза паказала, што гэтаксама дэфармаваўся фасад 4-зоркавага гатэлю “Мінск”. Ці не занадта рызыкоўнае будаўніцтва, якое пагражае і будынкам, і будучым наведнікам? Паводле разьлікаў, штодня падземны цэнтар будзе наведваць да 10 тысячаў чалавек.

Інфармацыйна-рэклямны штотыднёвік “Ва-банк” уздымае нечаканую тэму, якая, між тым, атрымала шырокі рэзананс. Як толькі сышоў сьнег, гараджане сутыкнуліся зь неверагоднай колькасьцю выдаткаў жыцьцядзейнасьці чатырохногіх сяброў чалавека. “Скрочыць ад ходнікаў – гэта значыць, абавязкова ўбіцца ў сабачую кучу”,– абураюцца чытачы і заклікаюць тых, чые выхаванцы загадзілі за зіму ўсю тэрыторыю, на суботнік. Спасылаючыся на досьвед эўрапейскіх дзяржаваў, людзі пішуць: нідзе падобнага ўбачыць немагчыма. У Швэцыі ці Бэльгіі сьледам за сабакам трусіць гаспадар, узброены саўком і спэцыяльным пакецікам. Беларускія сабачнікі, у сваю чаргу адказваюць: плацім падаткі, але гарадзкія ўлады не забясьпечваюць пляцоўкамі для выгулу жывёлы. Хто ў выніку пераможа – сабакі ці людзі, чытайце ў “Ва-банку”.

“Віцебскі кур’ер” піша пра моўныя кур’ёзы, якія мяжуюць з элемэнтарнай непісьменнасьцю. Тут недарэчныя аб’явы ды рэклямныя заклікі. Хіт №1 – рэклямны шчыт па-расейску на адным зь віцебскіх прыпынкаў: “Греющие попы! Держи ноги в тепле!” Якім чынам адбылася ракіроўка літары “л” у слове “полы” (падлогі) на “п” нікога не цікавіць. Галоўнае, што весела. Альбо такая абвестка: “На другім паверсе пошты прадаецца ялавічына…”. Пры тым, што на пошце часам няма капэртаў, шкарпэткі, пячэньне і насосы для ровараў ёсьць заўсёды. А вось аб’ява, прыклееная да шыбы ў краме: “Паважаныя жыльцы! Прэзэрватывы утылізуйце ў сьметнік, а не на ганак крамы!” Нарэшце, абвестка ў платнай прыбіральні: “Чэкі захоўваць да канца наведваньня”. На пытаньне – “Навошта?” жанчына за касай на поўным сур’ёзе адказвае: “У нас тут начальства ходзіць. Могуць праверыць”. Дзякуй богу, у начальства няма іншых клопатаў, як рабіць засады ў прыбіральнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG