Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ЭЎРАПЕЙСКІ САМІТ У БРУСЭЛІ


Вячаслаў Ракіцкі і Юры Дракахруст, Прага

(Ракіцкі: ) “Цэнтральным на саміце стала пытаньне барацьбы з тэрарызмам. Яшчэ два з паловай гады таму, пасьля тэрарыстычных нападаў на ЗША лідэры эўрапейскіх краінаў дамовіліся, што яны створаць агульны плян дзеяньняў у барацьбе супраць тэрарызму. Але нацыянальныя заканадаўствы так і не былі скаардынаваныя. Мадрыдзкія падзеі 11 сакавіка прымусілі эўрапейскіх лідэраў нарэшце прыняць канкрэтныя захады.

Перадусім, уведзеная пасада каардынатара Эўразьвязу ў барацьбе з тэрарызмам. Ім прызначаны галяндзец Гійс дэ Врыс. Лідэры Зьвязу дамовіліся, што будзе ўведзены агульны эўрапейскі ордэр на арышт. Пры тым, што існуе агульнаэўрапейская мяжа, але застаюцца і межы паміж эўрапейскімі краінамі, і дагэтуль нельга было паліцыі адной краіны кагосьці перасьледаваць ці арыштоўваць на тэрыторыі іншай дзяржавы. У гэтым зьвязку мяркуецца, што да студзеня 2005 году будзе ўтворанае Эўрапейскае агенцтва межаў. Таксама будзе створаная агульнаэўрапейская пракуратура дзеля каардынацыі сьледчых дзеяньняў і судовага перасьледу міжнародных злачынцаў.

Краіны Эўразьвязу ўмацуюць памежны кантроль і ахову транспартных шляхоў. Таксама прызнаная неабходнасьць сыстэматызаваць падыход да абмену выведнымі дадзенымі паміж рознымі ведамствамі на эўрапейскім кантынэнце і палегчыць замарожваньне сродкаў, зь якіх фінансуюцца незаконныя групоўкі. Цягам пэўнага тэрміну будуць захоўвацца ў архівах запісы тэлефонных перамоваў і іншай інфармацыі, атрыманай шляхам перахопу дзеля таго, каб выведныя службы маглі мець да яе доступ. Лідэры Эўразьвязу заявілі пра неабходнасьць паскорыць стварэньне агульнаэўрапейскай базы дадзеных ДНК, адбіткаў пальцаў і візавых дадзеных”.

(Дракахруст: ) “Зазначу, што дзеля таго, каб гэтыя пляны пачалі працаваць, трэба каб яны былі адобраныя на заканадаўчым узроўні ва ўсіх краінах. І тыя краіны, якія пакуль не зрабілі гэтага, павінны зрабіць да 30 чэрвеня. Каардынатар зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна заявіў, што Эўропа не павінна прайграць бітвы з тэрарызмам. А ірляндзкі прэм’ер Бэрці Ахерн, чыя краіна цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, падкрэсьліў, што пагроза тэрарызму – гэта пагроза бясьпецы, дэмакратыі і ладу жыцьця ў Эўрапейскім зьвязе”.

(Ракіцкі: ) “Яшчэ адной з галоўных тэмаў саміту Эўразьвязу ў Брусэлі быў лёс Канстытуцыі Эўропы. Летась у сьнежні абмеркаваньне дакумэнту скончылася няўдачай. Учора было абвешчана, што ўсе лідэры краінаў зьвязу нарэшце пагадзіліся падпісаць эўрапейскую Канстытуцыю на чарговым саміце Зьвязу ў сярэдзіне чэрвеня.

Аднак, гэтае пытаньне, якое пагражала расколам аб’яднанай Эўропе, пакуль усё ж нельга назваць канчаткова і пасьпяхова вырашаным”.

(Дракахруст: ) “Я б сказаў, што абазначыўся шлях да разьвязваньня гэтага крызысу. Нагадаю, летась Нямеччына і Францыя прапанавалі, каб рашэньні ў Радзе міністраў прымаліся паводле формулы “двайной большасьці” – гэта значыць, рашэньне прынятае, калі яго падтрымлівае больш за палову дзяржаваў Зьвязу, якія прадстаўляюць 60% насельніцтва краінаў, што ўваходзяць у саюз. Гэтая формула давала перавагу буйным краінам Зьвязу, як раз такім як Нямеччына і Францыя. Нязгода Польшчы і Гішпаніі падтрымаць гэтую прапанову прывялі да таго, што сьнежнаньскі саміт скончыўся нічым.

Цяпер, папросту кажучы, саступілі Мадрыд і Варшава. Зьмена пазыцыі Гішпаніі была выкліканая зьменай ўраду, што адбылася на апошніх выбарах. Новы прэм’ер Хазэ Луіс Радрыгэс Запатэра абвесьціў пра зьмены ў зьнешняй палітыцы ня толькі ў пытаньні Іраку, ён паабяцаў адрадзіць паводле яго “цудоўныя” стасункі з Францыяй і Нямеччынай. На саміце ў Брусэлі новы гішпанскі лідэр даў зразумець, што кампраміс што да Канстытуцыі Эўропы будзе дасягнуты ў хуткім часе.

У выніку доўгіх перамоваў і Варшава выказала гатоўнасьць да пэўнай гнуткасьці. Яшчэ на мінулым тыдні прэм’ер-міністар Польшчы Лешак Мілер падчас сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Гэргардам Шрэдэрам заявіў, што Польшча гатовая на кампраміс наконт формулы “двайной большасьці”. У чым жа прычына зьмены польскай пазыцыі? Калі казаць зусім цынічна, то ў рэшце ў аб’яднанай Эўропе Нямеччына застанецца галоўным донарам, спонсарам аб’яднаньня, а Польшча – адным з найбуйнейшым атрымальнікам гэтых грошай. Але ёсьць і больш ідэйныя тлумачэньні. Лідэры і “старой”, і “новай” Эўропы настолькі шчыльны зьвязалі свой лёс з праектам адзінай Эўропы, што ягоны крах будзе і іх асабістым палітычным крахам”.

(Ракіцкі: ) “Але яшчэ далёка ня ўсё вырашана. Канстытуцыя Эўропы павінна яшчэ быць ратыфікаваная парлямэнтамі краінаў-сябраў. І ў часе ратыфікацыі могуць адбыцца розныя нечаканасьці. Ня выключана, што і парлямэнтамі справа не абмяжуецца. Дарэчы, учора польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі заявіў, што магчыма праект Канстытуцыі Зьвязу варта было б вынесьці на рэфэрэндум. Польская апазыцыя гаворыць, што прыняцьце Канстытуцыі Эўропы прывядзе да непрымальнага абмежаваньня польскага сувэрэнітэту.

І тым ня меней, у Брусэлі быў зроблены істотны крок на шляху да прыняцьця эўрапейскай Канстытуцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG