Прымаючы міністраў замежных справаў краін Садружнасьці, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асноўным заданьнем СНД у эканамічнай сфэры ёсьць найхутчэйшы пераход на рэжым вольнага гандлю. “Нам не патрэбныя новыя дэкляратыўныя дакумэнты — трэба завяршаць унутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі раней падпісаных пагадненьняў”, — зазначыў спадар Лукашэнка. Аднак ён прапанаваў стварыць дзьве новыя галіновыя рады — у справах моладзі ды фізкультуры і спорту.
А новаму міністру замежных справаў Расеі Сяргею Лаўрову, які зь першым замежным візытам прыехаў у Менск дзеля нарады з калегамі, Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзеў на тое, што зьмены ва ўрадзе Расеі станоўча паўплываюць на разьвязаньне праблемных пытаньняў. Спадар Лукашэнка заявіў кіраўніку расейскага МЗС: “Мы зможам давесьці ўсяму сьвету, што здатныя значна прасунуцца ў нашых стасунках”.
У адказ Сяргей Лаўроў заявіў, што кіраўніцтва Расеі захоўвае прыхільнасьць да курсу на стварэньне саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю і выказвае гатоўнасьць вырашаць наяўныя праблемы, у тым ліку ўвядзеньне расейскага рубля на беларускай тэрыторыі ды пастаўкі газу.
На выніковай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнікоў МЗС карэспандэнт дзяржаўнага агенцтва БелТА нагадаў пра супольную місію Эўразьвязу і ЗША, якая знаходзілася ў Менску тыдзень таму, і спытаўся ў расейскага міністра, як Масква будзе рэагаваць на мажлівыя будучыя дзеяньні Эўрапейскага зьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Сяргей Лаўроў адказаў, што дамовіўся зь беларускім калегам працягваць узгадненьне пазыцыяў і падыходаў у зьвязку з пашырэньнем Эўразьвязу, якое адбываецца.
(Лаўроў: ) “Гэтае ўзгадненьне яшчэ пакуль ня скончылася, таму што працэс нашых кантактаў з Эўразьвязам цяпер у самым разгары. Мы пазначылі нашыя заклапочанасьці, і маем адчуваньне, што партнэры іх зразумелі”.
А на пытаньне, ці будуць Расея і Беларусь нешта дэманстраваць у адказ на пачатак патруляваньня самалётамі НАТО паветранай прасторы краінаў Балтыі, беларускі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў адказаў гэтак:
(Мартынаў: ) “Мы, як Беларусь, ставімся з павагай да выбару тых дзяржаваў, якія зрабілі выбар адносна тых або іншых саюзаў. І да таго часу, пакуль будуць выконвацца прынцыпы ненанясеньня шкоды бясьпецы, мы гатовыя да канструктыўнага ўзаемадзеяньня з усімі гэтымі арганізацыямі. Але што да вайсковага чыньніку, вы ведаеце, што мы маем актыўнае ўзаемадзеяньне, у тым ліку з Расеяй, у межах супрацьпаветранай абароны ды іншых намаганьняў”.
Сяргей Лаўроў зазначыў, што НАТО паінфармавала Маскву пра свае намеры патруляваць паветраную прастору ды ахарактарызавала гэта як нармальны абарончы захад.
(Лаўроў: ) “У зьвязку з гэтым мяне хвалююць абодва гэтыя тэрміны — і “нармальны”, і “абарончы”. Калі абарончы, дык ад каго — калі ня супраць нас? А нармальны — таму што для НАТО нармальнае старое ўспрыманьне самой сябе як абарончай арганізацыі ад камунізму”.
Расейскі міністар замежных справаў паведаміў, што 2 красавіка будзе браць удзел у пасяджэньні рады Расея–НАТО. У той жа дзень паўнапраўнымі сябрамі НАТО стануць суседнія зь Беларусьсю Латвія ды Літва.