Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САЛІГОРСКУ СУДЗЯЦЬ МІТЫНГОЎЦАЎ


Севярын Квяткоўскі, Салігорск–Менск

Сярод затрыманых чацьвёра — сябры салігорскай філіі КХП-БНФ, двое — сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі і адна дзяўчына — выпадковая сьведка падзеі. Два чалавекі атрымалі штраф на 100 базавых велічыняў кожны, трох аштрафавалі на сумы ад 20 да 25 базавых велічыняў. Аднаму затрыманаму вынесьлі папярэджаньне. Затрыманьні адбыліся 25 сакавіка ў часе несанкцыяванага мітынгу ў цэнтры Салігорску.

(Міліцыянт: ) “Даю вам час разысьціся. Я вас папярэдзіў. Калі ласка”.

Мітынг прайшоў пад сацыяльнымі лёзунгамі. Удзельнікі пратэставалі супраць кантрактнае сыстэмы і вялікіх камунальных плацяжоў, якія не адпавядаюць пэнсіям.

(Прыходзька: ) “Якія сэрца і душу мусіць мець той чалавек, які зраўняў суму пэнсіі старога з сумай аплаты за камунальныя плацяжы? Крок улева, крок управа — кантракт. Гэта ні што іншае, як урадавы павадок для народу”, — заявіў на мітынгу адзін з арганізатараў Аляксей Прыходзька.

У цэнтры Салігорску сабралася больш за сто чалавек. Найперш працаўнікоў сталага веку і пэнсіянэраў:

(Пэнсіянэр: ) “У Салігорску ў любой установе паказваеш Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, паказваеш чэкі, што ў цябе грошы адабралі. Паўсюль цябе выкідаюць, нідзе ня слухаюць”.

З прысьвечанымі Дню Волі плякатамі да мітынгоўцаў далучыліся сябры КХП-БНФ. Яны былі затрыманыя першымі, а за імі і астатнія з тых сямі, што 26 сакавіка былі выкліканыя ў суд. Працяг справы аднаго затрыманага адбудзецца на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG