Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ЗАКРЫЦЬЦЯ РЫНКУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Прыватныя гандляры пратэстуюць супраць закрыцьця Задняпроўскага рынку – аднаго з самых вялікіх ў Магілёве. На месцы рынку ўлады дазволілі буйной прыватнай фірме пабудаваць вялізны гандлёвы цэнтар. Чыноўнікі лічаць, што гэта ўпрыгожыць горад і будзе істотным крокам у бок цывілізаванага гандлю.

Прадпрымальнікі з Задняпроўскага рынку з такімі плянамі і высновамі ня згодныя. Амаль 10 гадоў яны працуюць на Задняпроўскім рынку і выдаткоўваюць грошы на яго добраўпарадкаваньне. А патрабаваньне інвэстараў пакінуць свае працоўныя месцы да 1 красавіка лічаць за здзек, і гэта прымусіла прыватнікаў выйсьці сёньня на цэнральную плошчу Магілёва са сваімі патрабаваньнямі.

(Спадар: ) “У нас адно патрабаваньне: пакіньце нас у спакоі, каб мы працавалі на сваім рынку. Інвэстары, якія хочуць на гэтым месцы пабудаваць свае будынкі, а потым здаваць нам у арэнду за 30-40 баксаў, няхай ідуць у іншыя месцы, таму што месца ў нашым горадзе шмат”.

(Спадарыня: ) “Колькі не зьвярталіся да гарадзкіх уладаў, нідзе няма адказу. Нам проста з 1 красавіка не даюць працаваць!”

(Спадар: ) “Нам не прадаставілі іншых працоўных месцаў. Нас проста пазбаўляюць заробку і выкідваюць на вуліцу!”

Атмасфэра на плошчы Леніна была напружаная, міліцыянты прасілі людзей супакоіцца. Прадпрымальнікі патрабавалі, каб зь ініцыятыўнай групай гандляроў Задняпроўскага рынку ў аблвыканкаме неадкладна пачалі перамовы.

(Спадарыня: ) “Нас туды не пушчаюць. Мы – ніхто”.

(Спадарыня: ) “Пытаюцца – хто такія, то можна сказць, што яны хочуць нас убраць і не першшым разам. Справа ў тым, што ўлады нас не чуюць, проста ня хочуць нас чуць”.

(Спадарыня: ) “Мы хочам гутарыць з дэпутатамі, якіх мы абіралі, з нашай уладай. З намётамі і нашымі сем’ямі мы будзем тут. Мы хочам ведаць, каму ўсе гэта прадаецца і хто ўсё гэта кладзе сябе ў кішэню”.

Да прадпрымальнікаў выйшаў кіраўнік абласнога камітэту ў справах прадпрымальніцтва Віктар Красоўскі, які паабяцаў ад імя ўладаў знайсьці прымальнае для ўсіх бакоў рашэньне.

(Красоўскі: ) “Мы ня хочам вось такіх хваляваньняў. Улада хоча іх перамясьціць у адно месца. Гэта нармалёва і цывілізавана”.

Віктар Красоўскі паведаміў, што ўлада прапануе прадпрымальнікам перасяліцца на іншую пляцоўку, але выказаў гатоўнасьць абмеркаваць у ходзе перамоваў больш позьнія тэрміны пераезду. Аднак прадпрымальнікі не разыйшліся, і ўвесь дзень натоўпам чакалі каля Дому саветаў рашэньня магілёўскіх ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG