Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДОЎГАЯ РУКА ШЧОДРАСЬЦІ САДАМА ХУСЭЙНА”


Юры Дракахруст, Прага

Сьпіс атрымальнікаў таннай нафты ад Хусэйна ў сёлетнім студзені апублікавала ірацкая незалежная газэта “Аль-Мада”. Паводле гэтых зьвестак аб’ектамі шчодрасьці былога кіраўніка Іраку былі 270 кампаніяў, арганізацыяў і бізнэсмэнаў зь дзясяткаў краінаў сьвету.

Фігуруюць у сьпісе і беларускія атрымальнікі – сярод іх і адміністрацыя прэзыдэнта, і лібэральна-дэмакратычная партыя, і прыватныя фірмы.

Jane’s Defence, аналізуючы сьпіс, адзначае, што за выключэньнем Сырыі, большасьць атрымальнікаў нафтавага хабару ў мусульманскім сьвеце прыпадае не на антызаходнія краіны (такія, як скажым, Лібія), а як раз на празаходнія, такія як Эгіпэт, Лібан, Турэччына. Заўважым, што гэта і натуральна – краіны, якія былі такімі ж ізгоямі, як сам Ірак, ня мелі рычагоў палітычнага ўплыву, якімі маглі б адплаціць за даброты, і маглі, бадай, толькі даць каналы кантрабанды нафты з Іраку, на які былі накладзеныя міжнародныя санкцыі.

Jane’s Defence адзначае, што дакумэнты пра атрымальнікаў нафтавага хабару Садама на Блізкім Усходзе могуць стаць інструмэнтам амэрыканскага ціску на ўрады ў рэгіёне.

У Заходняй Эўропе сьпіс аб’ектаў шчодрасьці Хусэйна адкрываюць Францыя й Італія. На думку аўтараў публікацыі гэтыя дадзеныя дазваляюць паставіць пад сумнеў бескарысьлівасьць пазыцыі Парыжу, які найбольш жорстка выступаў супраць ваеннай апэрацыі ў Іраку.

Немалая частка дабротаў Хусэйна прыпадала на тры краіны СНД: Беларусь, Расею і Ўкраіну.

Паводле Jane’s Defence гэтыя абвінавачваньні пацьвярджаюцца і іншымі фактамі: расейскімі пастаўкамі зброі ў Ірак, пра якія стала вядома падчас самай вайны, арыштам украінскага карабля, які займаўся кантрабандай нафты зь Іраку, зьвесткамі пра беларускія пашпарты, якія былі падрыхтаваныя для шэрагу высокіх чыноўнікаў былога рэжыму.

Аўтары публікацыі прыгадваюць, што амэрыкана-ўкраінскія адносіны істотна пагоршыліся яшчэ ў 2000 годзе, падчас скандалу ў справе загіблага журналіста Георгія Гангадзэ. Найніжэйшага пункту стасункі паміж Кіевам і Вашынгтонам дасягнулі ў 2002 годзе, калі Злучаныя Штаты абвінавацілі ўкраінскія ўлады ў пастаўцы ў Ірак супрацьракетных комплексаў “Кальчуга”.

Аналітыкі Jane’s Defence мяркуюць, што зьвесткі пра хабары Хусэйна ўкраінскім урадоўцам і бізнэсмэнам толькі ўмацуюць намер Злучаных Штатаў адкласьці справу паляпшэньня адносінаў з Украінай да зыходу з пасады прэзыдэнта Кучмы.

Што да Беларусі, то экспэрты падкрэсьліваюць, што Аляксандар Лукашэнка і бяз гэтага дастаткова ізаляваны на Захадзе, каб выкрываньні ірацкай газэты неяк зьмянілі гэтай стаўленьне Захаду да кіраўніка Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG