26 сакавіка 1944 году, 60 гадоў таму, у Менску пад нямецкай акупацыяй у гарадзкім тэатры на сьвяточным канцэрце пасьля ўрачыстае акадэміі, прысьвечанай сьвяту 25 Сакавіка, адбылася прэм’ера опэры “Ўсяслаў Чарадзей” кампазытара Міколы Шчаглова-Куліковіча на вершы Натальлі Арсеньневай.
А ўначы з 25 на 26 сакавіка ў 1996 годзе пасьля сьвяткаваньня Дня незалежнасьці лідэры БНФ Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык таемна пакідаюць Беларусь праз украінскую мяжу. Супраць гэтых палітыкаў за іхныя погляды ўзбуджаная крымінальная справа.
26 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі вучоны-нэўроляг Мікалай Грашчанкаў, які пасьля вайны нейкі час быў прэзыдэнтам Акадэміі навук Беларусі, і вучоны-гісторык, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Касьцюк.
26 сакавіка 2000 году Ўладзімер Пуцін быў першы раз абраны прэзыдэнтам Расеі.
Таксама 26 сакавіка ў розныя гады нарадзіліся амэрыканскія літаратары Робэрт Фрост і Тэнэсі Ўільямс і італьянскі кінарэжысэр, стваральнік эратычных фільмаў Цінта Брас.
Цяпер пра каляндар заўтрашняе суботы.
27 сакавіка Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква ўшаноўвае Дабравернага Расьціслава, князя Смаленскага. Князь Расьціслаў атрымаў Смаленскае Княства ад бацькі ў 1125 г. і кіраваў ім больш за 40 гадоў. Празь ягоную рупнасьць на Смаленшчыне было заснавана некалькі местаў. Князь быў таксама апекуном і шчодрым дабрадзеем Праваслаўнае Царквы, што падтрымоўваў закладзіны й будову цэркваў і манастыроў. У 1136 г. ён дамогся ўтварэньня асобнае Смаленскае япархіі.
27 сакавіка 1999 году, пяць гадоў таму, адбыўся І зьезд беларусаў Расейскай Фэдэрацыі.
А 27 сакавіка 2000 году ў Менску было груба разагнанае мірнае шэсьце ў гонар Дня Волі. Улады ўвялі ў цэнтар Менску міліцыю з сабакамі, спэцназ і бронетранспарцёры; было арыштавана каля 500 чалавек, многіх зь якіх зьбівалі ў пастарунках.
27 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет дасьледнік беларускай мінуўшчыны Аляксей Сапуноў і беларускі архітэктар Клаўдзі Дуж-Душэўскі.
А яшчэ заўтра ва ўсім сьвеце будзе адзначацца Міжнародны дзень тэатру.