Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 26 САКАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“ЛіМ”, 1954 год:

“Тэатры і канцэртныя арганізацыі рэспублікі, апрача тэатра імя Якуба Коласа, яшчэ рэдкія госьці на вёсцы. Пераважная большасьць творчых калектываў выяжджае са спэктаклямі і канцэртамі толькі ў раённыя цэнтры. Тэатр опэры і балета, Рускі драматычны тэатар БССР зь недаравальнай безадказнасьцю паставіліся да гэтай важнейшай справы… Па-сапраўднаму ня ведаюць жыцьця калгасаў, машынна-трактарных станцый многія мастакі і кампазытары. І таму ня дзіўна, што мала створана яркіх песень, зьмястоўных жывапісных і скульптурных кампазыцый на гэтыя тэмы”.

“Беларускі ўнівэрсытэт”, 1974 год:

“Артыкул “Па якому праву?” (“Беларускі ўнівэрсытэт”, №37 за 20 сьнежня 1973 году), у якім ішла размова аб паводзінах студэнта У.Ягоўдзіка ў адносінах да сваёй групы, абмяркоўваўся на групавым камсамольскім сходзе. Яшчэ раней мы не адзін раз гутарылі зь Ягоўдзікам, шчыра выказвалі абурэньне яго паводзінамі, стараліся пераканаць яго ў тым, што пазыцыя яго памылковая і несправядлівая… Група прызнала артыкул правільным. Ня мог не прызнаць гэтага і сам Ягоўдзік. Па ўсім відаць, што гутарка не прайшла бясьсьледна для яго”.

“Европейское время”, 1994 год. Паведамленьне агенцтва AFP:

“Амэрыканскі сэнат выказаўся за працяг работы радыёстанцыяў “Свабодная Эўропа” і “Свабода”… Аднак патрабаваньне сэнатараў у адносінах скарачэньня празьмерных, на іх думку, выдаткаў абедзьвюх станцыяў засталося нязьменным — фінансаваньне за 1995–1996 гады мусіць скараціцца з 210 да 75 мільёнаў даляраў. Летась Кангрэс ЗША ўжо абмяркоўваў пытаньне аб спыненьні дзейнасьці гэтых радыёстанцыяў у сувязі з распадам СССР і дэмакратычнымі пераўтварэньнямі, якія пачалі адбывацца ў краінах Усходняй Эўропы. Аднак абвастрэньне абстаноўкі на адной шостай частцы зямной кулі, працяг там ваенных канфліктаў, асабліва падзеі ў Расеі 3–4 кастрычніка мінулага году, прымусілі амэрыканскіх заканатворцаў вярнуцца да гэтага пытаньня і вырашыць яго на карысьць радыёстанцыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG