Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ СЬВЯТКУЮЦЬ ДЗЕНЬ ВОЛІ ПА ЎСЁЙ ЭЎРОПЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

А 14-й гадзіне ў Варшаве каля будынку Сэйму сябры польскай грамадзкай арганізацыі “Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” арганізавалі пікет пад лёзунгам “Дапамажы Беларусі, якая змагаецца”. Удзельнікі пікету – а іх было каля 20 чалавек – перадалі ў канцылярыю сьпікера польскага парлямэнту зварот, у якім, сярод іншага, гаворыцца:

“Тое, што было ў Польшчы ў часы камуністычных парадкаў, цяпер ёсьць рэальнасьцю ў Беларусі. Меркаваньне, што калі няма ўжо Савецкага Саюзу, дык няма і вяртаньня да таталітарызму памылковае, бо беларускія ўлады робяць усё, каб вярнуць старыя парадкі. Тое, што ў такой сытуацыі ўвесь сьвет маўчыць – гэта сорам перадусім для палякаў, якія першымі ў Эўропе паднялі галаву і вызваліліся ад камуністычнай дыктатуры”.

А вось што сказаў Радыё Свабода адзін з удзельнікаў пікету ў Варшаве Міхась Сьцепанюк.

(Сьцепанюк: ) “Польскія ўлады сьляпыя, калі справа датычыць беларускіх падзеяў. Часам нешта асудзяць, але гэтага недастаткова. Паглядзіце, колькі тут палякаў сабралася. Ім жа гэта неабыякава”.

Між тым у Беластоку апоўдні адбылося адкрыцьцё выставы “Грамадзянская Беларусь”, прысьвечанай сытуацыі недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі.

Раней сёньня – а 10 гадзіне, ў сталіцы Бэльгіі адбыліся адразу два пікеты – каля будынку Эўрапарлямэнту і каля беларускай амбасады ў Брусэлі.

Для Радыё Свабода гаворыць Альгерд Мядзьведзеў – адзін з удзельнікаў пікету каля Эўрапейскага Парлямэнту, які быў арганізаваны Беларуска-эўрапейскім задзіночаньнем і грэка-каталіцкай парафіяй гораду Антвэрпэн.

(Мядзьведзеў: ) “У некаторых палітыкаў тут у Брусэлі існуе такая думка, што можна дамагчыся дэмакратыі ў Беларусі, адсоўваючы пытаньне незалежнасьці на другі плян. Але сёньня, 25 сакавіка, мы хочам паказаць дэпутатам Эўрапарлямэнту, што толькі пры існаваньні незалежнай Беларусі можна зрабіць яе дэмакратычнай краінай, і краінай, якая будзе гарантам стабільнасьці ва Ўсходняй Эўропе”.

Пікетоўцы трымалі плякаты з надпісамі – “Ня трэба ігнараваць беларускае пытаньне”, “130 гадоў расейскай акупацыі, 80 – савецкай і 10 гадоў акупацыі лукашэнкаўскай”.

Паводле спадара Мядзьведзева, пікетам актыўна цікавіліся дэпутаты Эўрапарляманту, якія ў гэты час як раз ішлі на працу.

Вялікую цікаўнасьць выклікаў і пікет каля беларускай амбасады ў Брусэлі, у якім узялі ўдзел каля 20 чалавек. Гаворыць прадстаўніца Беларускага Цэнтру ў Бэльгіі Галіна Мацюшына.

(Мацюшына: ) “Усе вельмі цікавіліся пікетам. Калі мы сказалі, што ў нас заводзяць крымінальныя справы супраць палітыкаў, закрываюцца незалежныя газэты і гэтак далей, дык яны не хацелі верыць, што ўсё гэта магчыма ў нашыя дні ў эўрапейскай краіне”.

Сябры Беларускага цэнтру, сярод іншага, патрабавалі закрыць крымінальную справу супраць Анатоля Лябедзькі ды спыніць перасьлед сяброў руху “Зубр” з Баранавічаў.

Паводле Галіны Мацюшынай, супрацоўнікі беларускай амбасады ня выйшлі да пікетоўцаў, аднак старанна фатаграфавалі ўдзельнікаў акцыі праз вокны.

Сёньня ў Бэльгіі адбылося таксама ўрачыстае набажэнства з нагоды Дня Волі, а пазьней ўвечары заплянаваная ўрачыстая вечарына ў горадзе Антвэрпэн.

У Нарвэгіі таксама адбылася невялікая акцыя, прысьвечаная Дню Волі. Яе ўдзельнікі распаўсюджвалі ў некалькіх невялікіх мястэчках гэтай краіны інфармацыю, пра сытуацыю ў Беларусі.

Заўтра ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Волі, адбудуцца ў Галяндыі – там распачне працу выстава беларускіх творцаў і адбудзецца ўрачыстая вечарына. А ў суботу у Лёндане Англа-беларускае таварыства будзе разам з угодкамі абвяшчэньня БНР адзначыць пяцідзесяцігодзьдзе сваёй дзейнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG