Да 25 сакавіка прымеркаваная акцыя магілёўскіх маладафронтаўцаў пад назвай “Горад наш!” Да сёньняшняй раніцы актывісты гэтай моладзевай арганізацыі расклеілі на цэнтральных вуліцах Магілёва і раскідалі ў паштовыя скрыні жылых дамоў улёткі зь віншаваньнямі да Дня Волі. Сёньня пры канцы працоўнага дня сумесную віншавальную акцыю правялі магілёўскія сябры палітычных партыяў, якія ўваходзяць у кааліцыю “5+”. Гэта першае кааліцыйнае мерапрыемства ў Магілёве.
На пешаходнай вуліцы Ленінскай у цэнтры гораду дэмакраты віншавалі магілёўцаў з Днём Волі і распаўсюдзілі некалькі тысяч улётак. Цікаўнасьць да акцыі выявілі міліцыянты, аднак пасьля вывучэньня зьместу ўлётак яны ня сталі перашкаджаць удзельнікам акцыі. Людзі станоўча ўспрымалі віншаваньні, аднак звычайна даводзілася тлумачыць ім сэнс сьвята 25 сакавіка і распавядаць пра гістарычную значнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гаворыць лідэр магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Костусеў:
(Костусеў: ) “Для мяне асабіста, як для любога сумленнага беларуса, гэта сьвята, безь якога не было бы Беларусі, не было бы яе незалежнасьці, не было бы як эўрапейскай краіны. І я лічу, што прыйдзе час, калі мы будзем адзначаць яго на дзяржаўным узроўні”.
Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Кола сяброў” Алесь Асіпцоў лічыць, што сьвята 25 сакавіка вымагае ўзьнёсласьці ў тоне і тлумачыць гэта наступным чынам:
(Асіпцоў: ) “Для мяне Дзень Волі, абвешчаньне БНР — гэта хутчэй за ўсё сымбаль сталасьці нацыі. Кожная нацыя мусіць прайсьці свой шлях, а мы мусім прайсьці свой, каб урэшце займець тое, што маюць нармалёвыя цывілізаваныя дэмакратычныя краіны”.
Сёньня Дзень Волі адзначылі таксама ў Бабруйску. У гэтым горадзе сябры Партыі БНФ у гонар сьвята ўсклалі кветкі да помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў.