(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, чаму, на вашую думку, улады Беларусі не прызнаюць за дзяржаўнае сьвята дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі?”
(Спадар: ) “Беларуская Народная Рэспубліка бачыцца ім непатрэбнай для нашай гісторыі. Гэта значыць, што гісторыя павінна пачынацца з БССР, на іхную думку”.
(Спадар: ) “Ідзе татальная саветызацыя нашага жыцьця. І таму ўсе іншыя, прыкладам, тая ж БНР і першыя гады незалежнасьці Беларусі суцэльна выкрэсьліваюцца з нашага жыцьця”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці сьвяткуеце вы Дзень Волі?”
(Спадар: ) “Так, але гэта цяжка назваць такім сьвяткаваньнем як Новы год ці Каляды. Гэта нешта такое ўсё ж больш індывідуальнае для кожнага чалавека, які гэта ўспрымае”.
(Спадар: ) “Гэта не адпавядае Канстытуцыі Беларусі. А на самой справе, як народ думае, то было бы вельмі добра. І ўсе мы ведаем, і ўсе ў душы адзначаем і сьвяткуем”.
(Спадар: ) “Ня ведаю чаму. Напэўна, таму, што гэта не сыходзіцца з палітыкай прэзыдэнта”.
(Спадарыня: ) “Можа, не надаюць гэтаму вельмі вялікага значэньня?”
(Спадар: ) “Цяжкае пытаньне, але я спадзяюся, што яны перадумаюць і праз пэўны час зробяць гэта дзяржаўным сьвятам. Але я лічу, што гэта не ў інтарэсах саміх уладаў”.
(Спадар: ) “Ня ведаю, напэўна, гэта не такое сьвята, каб яго адзначаць”.
(Спадарыня: ) “Гэта сьветаўспрыманьне беларускага народу, а ня тое, што прызнае ўлада ці не”.
(Спадарыня: ) “На маю думку, у нашай гісторыі было зашмат гістарычных этапаў. Калі кожную падзею ў гісторыі Беларусі адзначаць, то было бы зашмат сьвятаў”.
(Спадар: ) “А таму, што яны ня думаюць галавой. Галоўнае, што народ за гэта. А ўрад ёсьць урадам, ён не да гэтага імкнецца”.
(Карэспандэнтка: ) “Сёньня 25 сакавіка — Дзень Волі. Вы, напэўна, ведаеце…”
(Спадар: ) “Каго дзень?.. Волі?.. Не, ня ведаю”.
(Спадар: ) “Калі б гэтае сьвята адзначалі як дзяржаўнае, калі б праходзілі нейкія мерапрыемствы, пра яго казалі па тэлебачаньні, па радыё і загадзя бы афішавалася, то, можа, і прызнавалася бы як дзяржаўнае”.
(Спадар: ) “Калі б апазыцыя штогод адзначала гэтае сьвята, то ўлады гэтаксама праз пэўны час зьвярнулі бы на гэта ўвагу”.
(Спадар: ) “Усё дыктуе дзяржава. Будзе дзяржаўнае сьвята — будзем яго адзначаць. Асабіста я ўпершыню пачуў ад вас”.
(Спадарыня: ) “Не зусім усьвядомілася людзьмі, таму й такое стаўленьне. І цяпер ва ўсіх нейкія клопаты, свае справы, людзі стомленыя”.
(Спадар: ) “Цяпер час такі, што шмат у людзей праблемаў. Не хапае на жыцьцё, таму кожны заняты зусім іншымі праблемамі, чым гэта было раней”.
(Спадарыня: ) “Мабыць, цяпер гэтае сьвята ня так прызнаецца, таму што ў нас новая краіна з новымі уладамі, якія лічаць гэтае сьвята ня вельмі патрэбным”.