Кожнага з асуджаных, якіх баўгарская прэса называе ініцыяламі “Г.Б” і прозьвішчам “Ёргаў”, вінавацілі ў некалькіх забойствах. “Г.Б” адсядзеў 14 гадоў у турме за забойства жонкі ў 1973 годзе. Пасьля турмы ён ажаніўся другі раз і забіў сваю другую жонку. “Ёргава” вінавацілі ў забойстве трох дзяцей – 8, 10 і 12 гадоў, а таксама ў згвалтаваньні жанчыны.
Абодвух асудзілі да сьмяротнага пакараньня, але неўзабаве, у ліпені 1990 году, Баўгарыя ўвяла на такія пакараньні мараторый. Гэтага патрабавала Рада Эўропы.
Мараторый пратрываў амаль дзесяцігодзьдзе, пакуль Баўгарыя канчаткова не адмяніла сьмяротнае пакараньне. “Г.Б.” і “Ёргаў” атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне. Але да таго моманту яны ўвесь час сядзелі ў страху, што мараторый могуць адмяніць, і па іх прыйдуць, каб выканаць сьмяротны прысуд.
Абодва зьвярнуліся ў Эўрапейскі суд ў правах чалавека са скаргай, што ім давялося шмат гадоў быць у зьняволеньні пад пагрозай сьмерці. Скарга таксама тычылася ўмоваў зьняволеньня, бо іх трымалі ў адзіночных камэрах.
Эўрапейскі суд абавязаў улады Баўгарыі выплаціць “Ёргаву” 2 тысячы эўра, а “Г.Б” – паўтары тысячы эўра, плюс абодвум – па тысячы эўра за судовыя выдаткі.
Адвакатка Здрабка Халайдзіева, якая прадстаўляла ў судзе інтарэсы “Ёргава”, гаворыць, што гэтае рашэньне стварае важны прэцэдэнт для краінаў, якія адмяняюць сьмяротнае пакараньне.
(Халайдзіева: ) “Мы ўсе ведаем, што людзі па ўсім сьвеце заклікаюць да адмены сьмяротнага пакараньня і да неадкладнага ўвядзеньня мараторыяў. Цяперашнія судовыя рашэньні тычацца самога працэсу адмены сьмяротнага пакараньня і яны ставяць пад сумнеў практыку, калі мараторый цягнецца бясконца”.
Дарэчы, Беларусь засталася апошняй эўрапейскай краінай, дзе яшчэ дзейнічае сьмяротнае пакараньне. 11 сакавіка Канстытуцыйны суд вырашыў, што гэтая практыка пярэчыць асноўнаму закону Беларусі. Рашэньне пра мараторый ці пра поўнае скасаваньне сьмяротнай кары можа прыняць Аляксандар Лукашэнка ці Нацыянальны сход.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Нарэйка які быў ініцыятарам разгляду гэтага пытаньня ў Канстытуцыйным судзе, сказаў Радыё Свабода, што адмена сьмяротнай кары – справа нерэальная, і трэба казаць пра рэальнае — мараторый.