Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСКВА СА ЗЬДЗІЎЛЕНЬНЕМ ПАСТАВІЛАСЯ ДА ІНФАРМАЦЫІ ПРА МІЛЬЯРДНЫЯ РАХУНКІ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Беларусь ня мае падставаў, каб прад’яўляць Расеі фінансавыя прэтэнзіі ў вайсковай галіне. Такую думку выказваюць расейскія экспэрты ў адказ на публікацыю газэты “Незалежны ваенны агляд”. Як паведаміла газэта, найбольшую суму кампэнсацыі – каля 5 мільярдаў даляраў Беларусь можа запатрабаваць за тое, што дазволіла напрыканцы 1990-х гадоў вывесьці са сваёй тэрыторыі ракетныя комплексы “Топаль” зь ядзернымі боегалоўкамі.

Руслан Пухаў, экспэрт Цэнтру аналізу стратэгіяў і тэхналёгіяў заявіў Радыё Свабода, што выстаўленьне такой прэтэнзіі выкліча вялікі міжнародны скандал. “Некалькі год таму”, – гаворыць спадар Пухаў, – “Украіна спрабавала дамагчыся ад Расеі падобнай кампэнсацыі. Але Расея і Злучаныя Штаты хутка ёй нагадалі, што існуюць міжнародныя дамовы, якія немагчыма парушаць, і таму ніякай кампэнсацыі яна не атрымае”.

Адпаведнымі дамовамі рэгулюецца і дзейнасьць двух вайсковых аб’ектаў Расеі на тэрыторыі Беларусі – радыёлякацыйнай станцыі каля Баранавічаў і пункт кіраваньня падводнымі лодкамі ў Вілейцы. Дэнансацыя пагадненьняў на думку Руслана Пухава, маларэальныя.

Скептычна экспэрты ставяцца і да заяваў, што Беларусь мусіць атрымліваць кампэнсацыю за тое, што яе сыстэма супрацьпаветранае абароны ахоўвае ў тым ліку і Расею.

Былы камандуючы ваенна-паветраных сілаў Расеі Анатоль Карнукоў на гэты конт заявіў: “Будзе вялікім перабольшаньнем сказаць, што Беларусь прыкрывае усю нашую заходнюю мяжу. Бо яе працягласьць 3000 кілямэтраў. А беларускія сродкі СПА (супрацьпаветранай абароны) ахоўваюць ня болей за 600 зь іх”.

Руслан Пухаў са свайго боку адзначыў яшчэ адну слабасьць пазыцыі беларускага боку. Паводле яго, цяпер Беларусь вядзе перамовы аб пастаўках з Расеі узбраеньняў, у тым ліку некалькіх дзясяткаў зэнітна-ракетных комплексаў С-300.

Спадар Пухаў заявіў: “Бакі ўжо амаль дамовіліся, што Беларусь атрымае гэтую зброю ў гэтым годзе і за вельмі сымбалічныя грошы. Але калі зь беларускага боку зьявяцца нейкія фінансавыя прэтэнзіі, то нічога не перашкодзіць Расеі падвысіць кошт на сваю зброю ў дзясяткі разоў”.

На думку Руслана Пухава, Беларусь наўрад ці зьбіраецца вылучыць прэтэнзіі.

(Пухаў: ) “Беларускія улады маглі наўмысна дапусьціць зьяўленьне публікацыяў у расейскай прэсе для таго, каб мець яшчэ адзін козыр на перамовах па газавым пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG