Польшча ўпершыню будзе браць удзел у Менскім форуме, які на гэтым тыдні ўжо сёмы раз ладзяць Нямеччына і Беларусь. Як падкрэсьліў польскі амбасадар у Менску Тадэвуш Паўляк, гэта лягічна, бо ўжо з 1 траўня польска-беларуская мяжа стане мяжой Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Але цяперашнія сябры Эўразьвязу за апошні тыдзень двойчы выказалі занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі, і прадстаўніца МЗС Ірляндыі, якая старшынюе цяпер у Эўрапейскім Зьвязе, заявіла ў Менску, што ня выключаная мажлівасьць санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва.
Ці будзе Менскі форум абмяркоўваць гэтыя заявы Эўразьвязу ды наколькі рэальныя санкцыі? Адказваючы на гэтае пытаньне Радыё Свабода, нямецкі амбасадар Гельмут Фрык нагадаў, што візавыя санкцыі, якія былі ўведзеныя ў 2002 годзе ў зьвязку з праблемамі вакол місіі АБСЭ ў Менску, скасавалі летась у красавіку, і цяпер санкцыяў няма.
(Фрык: ) “Што да візыту супольнай эўрапейска-амэрыканскай дэлегацыі ў Беларусь на мінулым тыдні, дык гэтым візытам меркавалася адзначыць на высокім узроўні, што Эўрапейскі Зьвяз і Злучаныя Штаты працягваюць сваю руку Беларусі ды што яны адзіныя ў сваёй пазыцыі, маюць агульнае меркаваньне. Яны працягваюць руку Беларусі для пашырэньня супрацоўніцтва ў розных сфэрах — палітычнай, эканамічнай, культурнай. Такога супольнага дэмаршу на высокім узроўні з працягнутай да Беларусі рукой з боку Эўразьвязу й ЗША ў мінулым яшчэ не было. Мы спадзяемся, што гэтая працягнутая рука будзе прынятая, а не адрынутая”.
Да гэтых словаў нямецкага амбасадара ў Беларусі ягоны польскі калега Тадэвуш Паўляк дадаў:
(Паўляк: ) “Як і мой сябра амбасадар Фрык, я адкажу вам, што пытаньне санкцыяў Эўразьвязу — гэта выключна гіпатэтычнае пытаньне. Ніякіх санкцыяў няма. Але Польшча, калі ўступіць ў Эўразьвяз, напэўна будзе раіцца са сваімі партнэрамі наконт гэтага пытаньня, і паглядзім, якое рашэньне яна вынясе. Я мушу сказаць, што мы заўжды вельмі асьцярожна ставіліся да інструмэнту санкцыяў. Санкцыі часта бываюць скіраванымі супраць інтарэсаў народу”.
Амбасадар Паўляк дадаў, што паўтара году таму Польшча не падтрымала рашэньня пра візавыя санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі, а таксама зазначыў, што Аляксандра Лукашэнку ў Польшчу не пусьціць немагчыма:
(Паўляк: ) “Што да Аляксандра Рыгоравіча і ўезду ў Польшчу, вы напэўна, ведаеце пагадненьне, якое існуе паміж нашымі краінамі. Ён, напэўна, мае дыпляматычны пашпарт — я мяркую так. А калі нехта мае дыпляматычны пашпарт, яму не патрэбная ўязная віза ў Польшчу. Гэта наша асаблівасьць”.
З 1 траўня Польшча будзе адзінай краінай Эўразьвязу, якая не патрабуе ад беларускіх грамадзянаў запрашэньня для выдачы візы. Як доўга будзе захоўвацца такое становішча? Вось што адказаў польскі амбасадар у Менску:
(Паўляк: ) “Наадварот, як вы ведаеце, мы хочам зьмякчыць візавы рэжым. У свой час мой міністар сказаў: калі будзе забясьпечаны парадак на мяжы, будзе супрацоўніцтва паміж нашымі абодвума бакамі ў гэтым пытаньні — нават трэба будзе паставіць пытаньне пра скасаваньне візавага рэжыму”.