Як выглядае ідэалягічная работа ў выкананьні мясцовых чыноўнікаў? Як рэагуюць на прапагандысцкія паездкі “інфармацыйных групаў” вясковыя людзі? Які плён ад такіх начальніцкіх дэсантаў? Адметны ліст на гэтую тэму даслаў нам былы афіцэр міліцыі Іван Радзевіч з Горадні. Ён піша:
“Спробы нейкім чынам узьдзейнічаць на людзей улада рабіла і раней. Ужо шэсьць гадоў таму ствараліся інфармацыйныя групы зь ліку кіраўнікоў раёнаў, якія езьдзілі па вёсках, прадпрыемствах і даводзілі да, так бы мовіць, “несьвядомых” грамадзянаў “правільную” палітыку ўлады. Такія групы існуюць і сёньня. Я працаваў начальнікам міліцыі ў адным з раёнаў Гарадзенскай вобласьці і сам браў удзел у гэтых групах. Усе мы разумелі бессэнсоўнасьць і бязглуздасьць гэтых паездак, але прыходзілася адрабляць свой хлеб. Разумелі нас і людзі, якія вымушаныя былі нас слухаць, і таксама стрымана і сьціпла бралі ўдзел у нашых гульнях”.
Былы начальнік раённай міліцыі Іван Радзевіч у сваім лісьце на Свабоду падрабязна апісвае адзін з такіх выездаў у вёску, заўважаючы, што прозьвішчы прыйшлося трохі зьмяніць:
“Узначальваў групу сам старшыня райвыканкаму. Яго нядаўна прызначылі на пасаду і даручылі ў самы сьціслы тэрмін падняць раён з адстаючых. Старшыня калгасу, прызначаны год таму для падняцьця гаспадаркі (а яна амаль развалілася) вельмі хваляваўся. Загадчыкам участкаў ды фэрмаў было даручана загнаць як мага больш людзей у калгасны клюб. Таксама ім загадалі “папрацаваць” з калгасьнікамі, каб, ня дай божа, не задавалі пытаньняў, якія маглі паставіць прамоўцаў у тупік і такім чынам сапсаваць мерапрыемства. Вырашана было, што загадчыца фэрмы па адкормцы цялят спытае старшыню пра зьнешнюю палітыку і саюз з Расеяй, а загадчык клюбу падзякуе прэзыдэнту і мясцовым уладам за своечасовую выплату пэнсіяў і захады дзеля ўмацаваньня калгасу. Больш пытаньняў быць не павінна.
І вось група са старшынём і яшчэ трыма легкавушкамі прыехала. Калгасьнікаў і пэнсіянэраў (ня ўсіх, але чалавек трыццаць) удалося загнаць на мерапрыемства. Старшыня калгасу правёў гасьцей за стол і хацеў нешта сказаць, але быў перапынены вэртыкальным — таварышам Дыркаю, які пачаў прамову. Ён казаў, што раён у бягучым годзе перавыканаў амаль усе паказчыкі. А якія недавыканаў, то ёсьць яшчэ час іх перавыканаць. Дзякуючы ўраду і асабіста прэзыдэнту, казаў ён, значна ўзрасьлі рэальныя даходы працоўных. Заводы і фабрыкі працуюць, нягледзячы на цяжкасьці; калгасы аб’ядноўваюцца з прадпрыемствамі, і гэта празь некалькі год выведзе краіну на самы высокі ўзровень.
Калі таварыш Дырка гаварыў пра сельскую гаспадарку, старшыня калгасу чырванеў і апускаў вочы, бо ўжо два месяцы ніяк ня мог выплаціць заробкаў калгасьнікам. А месяц таму ён хадзіў па дварах і пазычаў грошы ў людзей на салярку. Гэтых грошай ён яшчэ таксама не вярнуў... Усё ішло як з маслам, пакуль зь месца не падняўся не зусім цьвярозы жывёлавод Ігнат Барташ і нечакана для ўсіх спытаўся: “А скажыце, таварышч прадсядацель, калі нам аддадуць зямлю?” Суседкі з двух бакоў тузанулі Ігната за рукавы, і ён сеў, дзікавата азіраючыся па баках. Напружанасьць зьняла намесьніца старшыні па ідэалёгіі таварыш Заглузьдзіна: “А кому эта земля нужна, кто её возьмёт, чем будет обрабатывать?” І далей пайшло і паехала. Будучыня, маўляў, толькі за калгасамі, толькі яны пракормяць краіну...
З ідэалягічнага мерапрыемства начальнікі разьяжджаліся па-рознаму. Начальнік міліцыі з пракурорам накіраваліся ў невялічкі лясок на беразе рэчкі, дзе іх ужо чакала наварыстая юшка і прывезены добрай душой недзе са смаргонскіх лясоў трохлітровы слоік моцнай самагонкі. Іншыя, разьбіўшыся па два-тры, таксама паехалі па тых жа справах, толькі ў іншыя месцы”.
Расказана ўсё, спадар Радзевіч, зь веданьнем справы і зь пераканаўчымі дэталямі. Асабліва я зьвярнуў увагу на словы пра тое, што ўсе вы, удзельнікі гэтых групаў, рознага маштабу чыноўнікі і начальнікі, “разумелі бессэнсоўнасьць і бязглуздасьць такіх паездак, але прыходзілася адрабляць свой хлеб”.
Мэта, якую ставіць Аляксандар Лукашэнка, прымусова адраджаючы колішнюю кампартыйную сыстэму ідэалягічнай апрацоўкі, зразумелая: зрабіце, таварышы прапагандысты і агітатары, так, каб людзі любілі ўладу, каб паверылі, што гэтая палітыка — адзіна правільная, каб ні за каго іншага не галасавалі... Гэтак у свой час ідэалягічная сыстэма КПСС спрабавала пераканаць савецкага чалавека, што ён жыве заможна і шчасьліва. Чалавек слухаў на сходах і палітінфармацыях салодкагалосых прамоўцаў, але высновы пра ўладу рабіў ня тут, а ў шматгадзінных чэргах па каўбасу.
Наш слухач з Канады Алесь Супрынюк адклікнуўся на паведамленьні мінулага тыдня зь Белаазёрску. Там, нагадаю, мясцовыя ўлады адмовілі дэпутатам ад апазыцыі ў памяшканьні для сустрэчы з выбарцамі. У сваім электронным лісьце на Свабоду слухач з гэтай нагоды піша:
“Аргумэнты вэртыкальнікаў зьдзіўляюць і абураюць: чыноўнікі лічаць, што ніякай неабходнасці ў сустрэчы апазыцыйных дэпутатаў з народам няма. А хто-небудзь зь іх пры гэтым спытаў той народ, які выбіраў апазыцыйных дэпутатаў? Не, вэртыкаль гэта ніколькі не турбуе. Яны не адчуваюць патрэбы, каб народ сустракаўся з апазыцыйнымі дэпутатамі. Але хто гэтае пытанне павінен вырашаць — вэртыкальнікі ці самі людзі? Вось вам і адказ на пытанне Свабоды адносна правоў чалавека ў Беларусі: калі нешта не супадае з пазыцыяй уладаў, тут жа трапляе пад забарону”.
Ці была калі-небудзь небясьпечная для трываласьці ўлады белаазёрскіх чыноўнікаў сустрэча апазыцыйных дэпутатаў са сваімі выбарцамі? Ці супярэчыла такая сустрэча закону? Вядома, не. І калі бы ў Беларусі была прававая дзяржава, чыноўнік, які вырашыў гэткім чынам перастрахавацца, быў бы пакараны судом. Але ў тым і справа, што любыя дзеяньні чыноўнікаў, накіраваныя на ўціск, дыскрымінацыю апазыцыі, сёньня ў Беларусі ўлада ўхваляе, ніякіх законаў не бярэ ў разьлік.
Людміла Ліцьвінава зь Менску адклікнулася на ліст Сяргея Буравога з расейскага мястэчка Старадуб Бранскай вобласьці, што прагучаў у нашым аглядзе 14 сакавіка. Сяргей Буравы лічыць, што Беларуская Свабода павінна весьці перадачы ня толькі на беларускай, але і на расейскай мове. На думку слухача, вяшчаньне толькі па-беларуску дыскрымінуе расейскамоўных слухачоў. Людміла Ліцьвінава на гэта адказвае:
“Няўжо камусьці мала расейскай мовы ў нашай краіне? Яна і так усё наша прыдушыла — няўжо трэба і гэта апошняе ў нас, беларускамоўных, адабраць? Тое, што радыё беларускамоўнае, для мяне вельмі важна. Ужо, напэўна, гадоў сем Беларуская Свабода для мяне асноўнае радыё, асноўная і самая цікавая крыніца інфармацыі. Бо гэта — сапраўды наша радыё. І тое, што яно беларускамоўнае, гэта як глыток сьвежага паветра. Увесь працоўны дзень знаходзісься ў асноўным у расейскамоўным асяродзьдзі. Пасьля працы таксама сваю мову мала чуеш — яе катастрафічна не хапае.
А слухачам, якія дрэнна ведаюць мову, хачу параіць: вучыце. Бо гэта ж, сказаць праўду, сорам і грэх — ня ведаць мовы сваёй зямлі. Калі хочам мець будучыню, як народ, як краіна, быць свабоднымі й незалежнымі, каб нашы дзеці мелі краіну і будучыню, трэба любіць і ведаць свааё”.
Дзякуй, спадарыня Ліцьвінава, за тое, што падтрымалі нас. На тэму беларускай мовы пішуць і многія іншыя слухачы. Вось, напрыклад, ліст Андрэя Забалоцкага з Полацку:
“Нашы так званыя абаронцы мовы мала што робяць дзеля таго, каб наша мова сапраўды квітнела і разьвівалася. Я больш за сорак год настаўнічаў, у тым ліку больш як палову гэтага часу — у сельскай школе, загадчыкам навучальнай часткі. На вялікі жаль, у вёсцы не хапае кваліфікаваных кадраў, якія бы выкладалі на беларускай мове. Здаралася і так, што ў 5–6-х клясах урокі на роднай мове вялі ўчорашнія выпускнікі школы. Кадры рыхтуюцца, але многія выпускнікі асядаюць у гарадах. Жыць у вёсцы цяжка. Матэрыяльная база сельскіх школ слабая, бібліятэкі бедныя, няма грошай. Вось і атрымліваецца, што абаронцы беларускай мовы топчуць асфальт на праспэкце Скарыны ў Менску, а на вёску іх і трактарам не зацягнеш. Дарэчы, у БДУ у свой час усе прадметы чыталіся на расейскай мове, апрача гісторыі Беларусі. Лаўрэн Абэцэдарскі чытаў лекцыі на роднай мове. Так што трэба не агітаваць за родную мову, а вучыць дзетак матчынай мове”.
Галоўная прычына заняпаду беларускай мовы, спадар Забалоцкі, усё ж ня ў тым, што выпускнікі беларускіх філфакаў не даяжджаюць да вясковых школаў. І ня тыя людзі, якіх вы паблажліва называеце “так званымі абаронцамі мовы”, вінаватыя ў татальнай русіфікацыі Беларусі. Што да асобы Абэцэдарскага, то ня думаю, што ягоная прыхільнасьць да беларускамоўных лекцыяў кампэнсавала шкоду, якую нанёс нацыянальнай гістарычнай адукацыі напісаны ім школьны падручнік беларускай гісторыі.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Іван Козыраў і Разалія Рубінчык зь Менску, Анатоль Андрусевіч з Краснапольля і Алесь Цадко з Маладэчна. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.